Читать книгу Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў - Страница 35
Частка другая. Казка
32
ОглавлениеУ адной вёсцы. У вельмі ружовай і шчакастай. У галёшах і тапачках. У пальчатках і рукавіцах. У дымчатых ботах. З маласольным агурком у зубах. З агідай у вачах. У семафорах. Умітускі попелу і пылу. У драўлянай зале. Казалі.
– Менск чымсьці нагадвае пячоры, – сказала Наташа. – Я заўсёды адчуваю сябе тут старажытным чалавекам. Тут замест заплечніка хочацца бадзяцца з вялікай сякерай ці кувалдай.
– Вясной на дрэвах з’яўляюцца ракавінкі, – сказаў я, – там жывуць сінія жукі. Ім там добра. Сытна. Утульна. Цёпла. Заўсёды марыў стаць такім жуком і жыць у ракавіне. Прыемна паміраць увосень.
– Ты – разумнік, Сафа. Цябе трэба ставіць на скразняку, каб разумнасць твая разыходзілася… Хаця б трошкі радзела. Яна, разумееш, дзейнічае на нервы.
– Сама не лепшая.
– Звяжыся з дурнем…
Мы змоўклі. Напэўна, былі. А мажліва, небылі думалі. Былі дзесьці. Плылі кудысьці. А куды? І самі не ведалі.
Наташа падышла да мяне і пацалавала ў нос. Абдала водарам рамонкаў і гваздзікоў. Абслініла мой нос. Прыемна было. Кахае мяне гэтая жанчына. І я расплюшчыў шырэй вочы. Не прымружыў, як хацелася. Расплюшчыў. Расплюшчыў. Не стаў міргаць. Глядзеў. Аглядаў Натку ад пятак да макаўкі. Погляд мой віхурай пралятаў па яе даўгіх валасах. Пуржыў іх. Скручваў у парваныя струны. Прапаўзаў па чорнай радзімцы над вуснамі. Агінаў яе, як маленькі баркас. Раскачваў яго і цалаваў у засмок… Погляд стукаўся і перастукваўся цягніком. Пераскокваў і перацалоўваў мясцовасць.
– Учора.
– Вядома. Мы тады ездзілі ў Мірскі замак. Шпацыравалі сярод старажытнасці. Любаваліся. З вартаўніком Іванычам балбаталі. Ён на развітанне меч падарыў. Цяпер я – рыцар!
– Бачу ў тваіх вачах цёмныя колы. Зноўку ты гіпнатызуеш мяне, – нараспеў загаварыла Натка. – Ходзіш вакол. Вядзьмарыш. Аплятаеш сеткай, павук. Я паддаюся, паддаюся… Адказваю на гэтыя таямнічыя сігналы. Узлятаю да столі дырыжаблем.
– Р-р-р-р-р-р!.. – падхапіў я. – Буду, буду страшным. Кажу табе жахлівыя словы. І пішу на сценах ясныя сігналы!.. Гэта я – Сафа! Я – рыцар! Я – тваё каханне!
– Выцягні свой меч! – крыкнула Натка. – Рассячы сетку!
Я падбег ужо да стала і схапіў вялізарны кухонны нож. Па дарозе выпіў шклянку абрыкосавага соку. З’еў кавалак сасіскі. Пачысціў зубы. Паслухаў чыстую песню насценнай зязюлі. Паглядзеў тэлевізар.
Напісаў верш. Як раптам праз акно заскочыў сонечны трохкутнік. Ён распластаўся на кіліме, нібы на сваёй уласнасці. І прагнаў усе нашыя старыя думкі.
– Цяпер мы будзем з табой размаўляць ні пра што, – сказала Натка. – Бо пра нешта канкрэтнае – нецікава.
– Цалкам верагодна, што ўчора я мог зламаць нагу, – паведаміў я.
– Гэта як?
– Моўчкі. А мажліва, і са стогнам. Але, дзякуй богу, дзень прайшоў паспяхова. Я сабе анічога не зламаў. Толькі сустрэў Бродзіка, і з ім мы папілі лідскага піва.
У гэты момант, калі я сказаў «лідскага», у нашых кубках з’явілася кава, ад якой уздымаліся спіралькі пары.
– Пра каву ты напісаў велізарную кнігу, – сказала Натка. – Ты зноўку банальны, Сафа. Ты, мабыць, спісаўся. Сталееш…
– Так, – уздыхнуў я. – У мяне вечны крызіс. Ластаўкі набраліся нахабства – здзёўбваюць усё харчовае. Жыцця няма. Нават марынаваны селядзец у бляшанцы сцягнулі…
– І пра селядзец ты напісаў агромністы том.
– Так? – засмуціўся я.
– Я таксама засмуцілася, – прызналася Натка. – Ты, Сафачка, палашчы мне руку. Табе лягчэй будзе.
На руцэ Наташы я вывеў некалькі магічных знакаў, якія сцвярджалі аб прызнанні. Прызнанне было туманным. Але яно было. Я фіксаваў яго сваімі пухнатымі вішнёвымі вуснамі. Здавалася, лакіраваў Наташыну скуру.
Апельсінавы аксаміт. Азёрная пяшчота. Цішыня слановай косткі. Раўніна як неба. Я – нібы камбайн. Сонца і вецер. Валаскі – гэта жыта. І яны шэпчуць пра паяданне. Бо народжаныя гэтымі вар’яцкімі ідэямі. Якімі? Ды гэтымі самымі. З’еш мяне, з’еш. Якая ты апетытная!
– Зноўку эротыка, – паведаміў я.
– Я згодная яшчэ на дзесяць тамоў сексу і эротыкі, – абурылася Наташка. – Мне гэта даспадобы. А будзеш супраціўляцца – я табе ганарар не заплачу.
– Ну, вось, – сказаў я. – Зацісканне свабоды пайшло. Жанчына, як заўсёды, пачала казаць пра грошы. Ты б лепш пра катоў са мной паразмаўляла. Напрыклад, пра сіямскіх ці сібірскіх. Або марскіх свінак.
– Гад, – ласкава вымавіла Наташка. – Бо ведаеш, што на катоў у мяне алергія. Пра марскіх свінак, кажаш? Давай лепш паразмаўляем пра адну вялізную ружовую свінню… якую завуць…
– Не трэба. Я перадумаў. Я падару табе заручальны пярсцёнак. Абяцаю. Заўтра прадам апошнія валёнкі. Закладу ў ламбард тэлевізар і абавязкова набуду. Набуду. Набуду. Вялікі. Залаты.
І тут нехта пастукаў у дзверы. Потым раздаўся гук электрапілы. У дзвярах утварылася вялізная няроўная дзірка, праз яе прасунулася галава. Галава сказала:
– Сантэхніка выклікалі?
– Не, – хутка адказаў я.
– Зразумеў, – сказала галава і прапілавала ў дзвярах большую дзірку. Праз яе пралез чалавек з электрапілой.
– Заўсёды так, – пажаліўся ён. – Аднойчы мне патрапіліся металічныя дзверы, дык мусіў купляць новую электрапілу, а дзверы давялося браць дынамітам.
– У нас там, здаецца, на кухні кран капае, – сказала Наташка.
– Цяпер не будзе, – упэўнена адказаў чалавек з электрапілой. – Я сантэхнік-геній.
– Якое цудоўнае ў нас абслугоўванне, – сказаў я. – Проста цуд на яве. Ву. Ву. Ноя. Ной. Ён прыйшоў. Узяў галаву чарапахі і прыбіў вялізнымі ржавымі цвікамі да насценнай шафы. Цяпер пачнём крэсліць планы. Зробім з кватэры штосьці накшталт абароннай лініі. Сядзем з гранатамётамі і будзем чакаць налётчыкаў.
– Можа, папалім траўкі? – прапанавала Наташка.
Не паспела яна вымавіць слова «траўкі», як з кухні пачуўся вельмі-вельмі падазроны грукат, а потым і голас сантэхніка:
– Я знайшоў новы гейзер!
– Цудоўна, – сказаў я. – Нам гэтага і не хапала. Усё жыццё суцэльныя булачкі з макам і тэлевізар з праграмай «Маскі-шоў». Трэба. Трэба разварушыцца.
– Мне здаецца, што я забылася завесці будзільнік! Бо мы збіраліся пайсці ў тэатр!
– Нічога – яшчэ ёсць пятнаццаць хвілінаў, – супакоіў я і завязаў на сваёй ружовай шыі зялёны гальштук. [А можа, лаўровы лісток? Гальштук выцягнуўся гюрзой і зашыпеў. Павеяла пустэльняй:
– Астывала. Шыпела джала. Я ляжала. Мяне гэтак штурхалі. Я не штурхала. Падару табе карнавал. Слаўную песеньку ты праспяваў на развітанне.]
– Прыемнае спалучэнне, – пагадзілася з маім выбарам Наташка і нацягнула на сябе штосьці вельмі салодкае. Пасыпанае цукрам.
– Табе пасуе гэтая сукенка. Я люблю салодкае, – сказаў я.
– Я ведаю. З’еш кавалак.
– Я ўжо адкусіў.
– А я лізнула.
Сантэхнік ператварыўся ў мурына. Ён поўзаў уздоўж сценкі і штосьці замяраў пластыкавай лінейкай. Мармытаў песеньку пра конікаў.
– Не сумуйце, мы хутка прыйдзем, – сказалі мы і пакінулі сантэхніку для стымулу працы смажанага індыка з марынаваным яблыкам. Ён заўсміхаўся:
– Я гіена ў сіропе.
Трамвай прабулькаў сваімі коламі мелодыі восені. Людзі ўсміхаліся нам і агідна прыцмоквалі вуснамі. Лужыны скокалі з зямлі на неба. З неба – на зямлю. Стваралася ўражанне вадзянога феерверку. Нейкая дама з маноклем чытала кнігу Цютчава і час ад часу ўздыхала. «Вох. Мак. Штосьці. Гэта». Ад усяго гэтага нам было чамусьці добра. Я расказаў Наташы спектакль, на якім мы павінны былі быць. Але на які забыліся трапіць. І паехалі міма. Заехалі туды. Дзе пачынаецца шпацыр па алеях. Там лістота. Там жалуды. Рамантыка з намі. Закручаная ў абгортку. Ляжыць. А мажліва, ліжа нашыя ногі.