Читать книгу Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў - Страница 36
Частка другая. Казка
33
ОглавлениеКалі мы прыйшлі. Было ўжо. Мы не ведалі колькі. Ско-о-лва-ўся час кавалкамі. Сонца ўжо схавала свае жоўтыя калматыя лапы. Вока поўні гайдалася над імбрыкам, бліскала. Гэта было падобна на маятнік гадзінніка. Трошкі. Зрэшты, калі мы прыйшлі, сантэхнік ператварыўся ўжо ў кітайца. Ён сядзеў на падлозе (ногі крыжыкам) і трэскаў нашыя сушкі.
– Я прадзяўбаў тунэль да суседзяў знізу. Цяпер вы можаце кантактаваць напрасткі – па вяровачнай лесвіцы, – сказаў сантэхнік.
– Ната, – сказаў я, – калі ён ператворыцца ў фашыста, я яго заб’ю. Не люблю садыстаў.
– Ён такі мілы, – сказала Ната, – зусім бяскрыўдны. Я якраз хацела завесці пудзеля. Можа быць, ён застанецца? Я буду яго стрыгчы, мыць і выгульваць на павадку. Ён такі добры.
– Ён жа сантэхнік. Ён не ўмее гаўкаць!
– Я ўмею муркаць, – папрасіўся сантэхнік.
– Ён умее муркаць, – сказала Ната.
– Ён кепска выхаваны, – сказаў я.
– Я ўмею гуляць у шашкі, – сказаў сантэхнік.
– А ты ўмееш граць на трубе? – пацікавіўся я.
– Не. Толькі на гармоніку, – сказаў сантэхнік.
– Ён навучыцца і на трубе, – сказала Ната.
– Час, – сказаў я, – які цяпер час? Чаму нашая насценная зязюля развучылася кукукаць? Трэба выклікаць майстра гадзіннікаў.
– Табе мала сантэхніка? – сказала Ната. – Я замест зязюлі буду кракаць кожную палову гадзіны.
– Уначы ты спіш.
– Я буду прачынацца. Я завяду будзільнік.
– Не веру, – сказаў я. – Дайце мне вады. Я паміраю ад смагі.
Калі Ната прынесла мне акварыум з рыбкамі, я ўзяў лыжку і з апетытам пасёрбаў. Затым выцягнуў з акварыума кавалак водарасцяў і кінуў сантэхніку.
– З гэтага часу вы будзеце індзейцам, – сказаў я. – Я ваш правадыр – Чынгачгук. На гэтых умовах вы застаяцеся.
– Мур, – сказаў сантэхнік і пашкрабаў рукой пантофлю Наты.
– Ну-ну, без вольнасцяў, – папярэдзіў я. – Здаецца, у мяне ёсць цудоўны прас і сякерка для дзічыны.
Сантэхнік рохкнуў і прыбраў руку.
– Мілы, – сказала Ната, – ты ж ведаеш, што сёння а восьмай раніцы я з’язджаю да бабулі. З ёй я пайду ў царкву і пакаюся. Потым я пайду ў краму, набуду сабе надзіманы шарык і буду з ім бадзяцца па горадзе.
– Вось тады і вяртайся, – сказаў я.
– Так-так, – сказаў сантэхнік.
– Я падумаю. Асабліва калі ты наведаеш ламбард і здасі туды тэлевізар і сантэхніка. Чао-какао.