Читать книгу Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў - Страница 38
Частка другая. Казка
35
ОглавлениеМая нага ляжала на тумбачцы. Як жоўтая скала з пёркамі кустоўя. Я паварушыў пальцамі. І хвалі забулькалі, зашоргалі па грэбені скалы. Забурчэлі віхры. Заспяваў вецер. Заслізгацелі ў небе марскія птушкі.
– Калі дзядзя з суседняга дома размахвае выбівалкай і скача ўздоўж мярэжыстага персідскага дывана, ягоны персідскі кот чапляецца за ягоную левую пятку кіпцюрамі і зубамі. Дзядзя крычыць нядобрымі расейскімі словамі і акрапляе іх добрымі беларускімі. У яго атрымліваецца цікавая мясцовая дрыгва, – кажу я. – Не гума і дрызіна, а менавіта дрыгва. У народзе больш вядомая пад словам «трасянка». Карацей, танчыце і біце ў барабан. Падавайце сігналы бедства.
– Па дрыгве, напэўна, някепска шпацыраваць у балотных ботах, – сказала Нато.
– Ты, Нато, амаль маеш рацыю. Але кажуць, што для такога кшталту выпадкаў патрэбны самакат! Хаця мой стрыечны дзядзька Толік шпацыраваў па палескіх плюхах у ботах вермахта, і ўяўляеш… амаль не засмоктвае. Толькі чмякае моцна.
– Ведаеш, Сафа, – раптам сказала Нато, – учора я спрабавала завязаць сябе ў вузел. Хацела забыць цябе. Рэзала, як кажуць, па жывым. Тапырылася. Калмацілася. Але вузел атрымаўся мяккім. Узорыстым. Жывым. Ён шаптаў вершы, блішчэў блакітнымі вачыма. Працягваў у паўднёвы бок горада, туды, дзе ты жывеш, свае маленькія ручкі. І вось – я тут.
– Людзям, – сказаў я, – уласціва пакутаваць. З самага пачатку ў іх закладзена нешта трагічнае. Яны не могуць без гэтага. Ім сумна.
Нато ўжо не слухала. Яна бегала вакол мяне і размахвала рукамі. Яе зебравая сукенка ператварылася ў верталётныя прапелеры. Босыя ногі пачалі выстукваць нейкі шаманскі рытм-бубен. Вочы заззялі. Пальцы заварушыліся змеямі. Валасы распушыліся. Уся мэбля ў кватэры набыла попельнае адценне. І быццам бы працягнула нябачныя ніткі да цела Нато.
– Табе весела, – сказаў я. – Ты на вяршыні айсберга. Вакол цябе лётаюць мухі шчасця.
– Ну, без гэтага аніяк, – сказала Нато. – Але ў іншых шчасця болей.