Читать книгу Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў - Страница 33

Частка першая. Самураі і козлікі
31

Оглавление

А потым я задумаўся… Нашто я здзекуюся з сябе? (А вы паспрабуйце запаўзці ў скуру героя!) Нашто тручу, б’ю? Навошта тапчу кірзавымі ботамі з падкоўкамі гэтае белае пяшчотнае цела Сафы?.. Ха! Усё вельмі проста – я здзекуюся не з Сафы… Я здзекуюся з навакольнай прасторы… Вычвараюся над роднымі беларусамі і немцамі… Кплю з Менска і Берліна… Памятаеш народнае: «Б’е – значыць, любіць»? Я – памятаю. Ды як жа не здзекавацца з занудаў і тармазоў? Пасмяяцца з іх – адно задавальненне. Вось, зірніце, стаяць два дрэвы – дубы. На адным за нагу падвесілі беларуса, яго смажаць (пахне ўжо салодкім мясам і бульбай), а ён кажа, што ягоная хата на ўскрайку і што вельмі сонечна… Бо ён, разумееш, сцвярджае, што жыве ў месцы пад таямнічай назвай «Хутар Сонца». Нават усміхаецца – ну, тыповы мазахіст. А вось паглядзіце, на другім дрэве за нагу падвесілі немца (ужо смярдзіць разабраным парсючком). Дык гэты даследуе вяроўку, каб была не кітайскай вытворчасці, каб была надзейнай і не абарвалася… падлічвае, колькі хвілінаў ён здолее смажыцца, пакуль мазгі не закіпяць… Робіць складаныя матэматычныя вылічэнні… Ну, чым не салодкая парачка?

– За тормаза і зануду ў морду хочаш? – раптам сказаў лысы карлік.

– Дык я ж пра сябе, – прамямліў я, не разумеючы, адкуль узяўся гэты суб’ект. – Пра сваю гаротную спадчыну… Народ мой змагаўся і змагаўся тысячагоддзямі… А яго катавалі і катавалі… Тапталі… Білі… Прыніжалі… Зрабілі з майго краю палігон баявых дзеянняў… І зрабілі з мяне такога вось Бурштына…

– На, выблюдак!!! – крыкнуў карлік і, як той кенгуру, падскочыў да майго твару… Барвовы кулак памерам з маленькі кавун пляснуў мяне ў сківіцу!..

– Атрымай, паскуднік! – крычаў карлік. – Гэта табе за палігон баявых дзеянняў!!! Гэта табе за тормаза! – Кожны свой удар карлік суправаджаў пэўнай рэплікай. – Гэта табе за зануду! – Бам! – Гэта табе за дрэва! – Бум! – Гэта табе за проста так! – Бам!

Замак пабудаваны з крапівы

Подняться наверх