Читать книгу Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў - Страница 29

Частка першая. Самураі і козлікі
27

Оглавление

(Я задумаўся… Адкуль у мяне любоў да нямецкай вайсковай вопраткі? Ды вельмі проста… Спісаная бундэсвераўская вопратка каштуе вельмі танна. Добрая якасць і даступны кошт – што яшчэ трэба? Самае цікавае, што бундэсвераўскую вопратку любяць мастакі, студэнты, панкі, анархісты і розныя іншыя нефармалы. Хтосьці дадасць: і неафашысты. Магчыма – я не ведаю. Да такіх не адношуся. У беларускім асяродку я не адзіны прыхільнік такога адзення. А потым яшчэ паразважаў пра адносіны да нямецкай культуры. Навошта пачаў разважаць?.. Ды зноўку загучалі старпёрчыя савецкія выкрыкі: маўляў, перад Захадам поўзаеце, траву ліжаце! Заяўляю: перад Захадам на карачках не поўзаем, траву не ліжам, эстафету перформанса перадалі новым куранятам… ну, прынамсі, зялёна-чырвоных сцяжкоў не носім! Але кавуны любім. ГРЫЗЦІ.)

У савецкія часы я пра Берлін ведаў адно – вось яно, гняздо фашызму! Шматлікія савецкія стужкі дадавалі ўражанняў на гэты конт. Грымяць гарматы і «кацюшы», ідуць у бой танкі і пехота. Не, ведама, я не быў такім невукам і шмат чытаў кніжак нямецкіх аўтараў. Генрыха Бёля, Фрыдрыха Ленца, Гётэ, Шылера, Томаса Мана… Дзякуй богу, нават у тыя часы гэта ўсё ж не было забаронена. Усё ж была для СССР сяброўская краіна ГДР. Але савецкая прапаганда працавала, як адладжаны механізм. У школе ледзь не ўсё нямецкае залічвалася да варожага, амаль фашыстоўскага! Яно, натуральна, гучала не заўсёды прамым тэкстам, але кожны вучань разумеў гэта як нешта адназначнае, што не мусіць аніяк аспрэчвацца. Я, вядома, нават у далёкім дзяцінстве ў тым сумняваўся, нешта мне здавалася падазроным… недакладным… фальшывым… я б сказаў: нагадвала механічнага скарпіёна. Пазней ужо, у перабудовачныя часы, разам з творчымі паплечнікамі на злосць гэтым заімшэлым савецкім прапагандыстам абазвалі сваю літаратурную і мастацкую суполку па-нямецку. На нас пасыпаліся віртуальныя камяні і гнілыя памідоры!.. Мы такія і разгэтакія, недабіткі, ледзь не нахлебнікі фашызму. Кожны ветэран лічыў за гонар прыйсці на нашыя творчыя імпрэзы, каб потым устаць пасярод пэўнага літаратурнага выступу і, грозна пазвякваючы медалямі, выкрыкнуць, каб мы вымяталіся прэч з беларускай зямлі. Гэта ўжо значна пазней адносіны абывацеляў сталі больш памяркоўнымі да нямецкай культуры. Калі інфармацыйная прастора перастала быць спрэс савецкай. Але і дагэтуль я ўяўляю таго ветэрана, які грыміць медалямі і размахвае стаптаным пантофлем! І мне яго шкада… (А неяк са мной таксама здарылася гісторыя. Стаяў я на менскім аўтобусным прыпынку недзе ў раёне Трактарнага завода. Раптам падыходзіць да мяне п’яны. Але бачу ў яго ордэн Перамогі. Ветэран. Пэўна, напрымаўся франтавых. Свяціўся дзед металічнымі зубамі. Здавалася, прыемны старэча. Але заўважаю, што гэты старэча глядзіць на мяне неяк вельмі злосна. Ды што здарылася? А-а-а-а… На мне – лётная нямецкая куртка, на якой нашытыя нямецкія сцяжкі. Ну, не фашыстоўскія ж. У чым праблема? Ветэран паглядзеў мне ў вочы, абдаў самагонным перагарам і выдыхнуў: «Добры немец – мёртвы немец! Многа я вас пастраляў! Але цяпер думаю, што мала!»)

Замак пабудаваны з крапівы

Подняться наверх