Читать книгу Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў - Страница 17
Частка першая. Самураі і козлікі
15
ОглавлениеРаніцай, калі мая нага тырчэла з-пад коўдры агромністым горным наростам, зазваніў тэлефон. Стаіць у мяне каля канапы такі чорны свінтух і рохкае ў самы непатрэбны час. Хаця цяпер гэта было больш падобным да гудка паравоза. Я, не ўздымаючы галавы, намацаў далёкі тэлефонны лыч і выгукнуў хрыплае:
– Слухаю!
– Ты яшчэ спіш?!! – злосна пракрычалі мне. – Праз трыццаць хвілінаў цягнік! Сафа, ты яшчэ спіш?!! Уставай, сволач! У цябе квіткі на цягнік! Мы цябе чакаем!!! – Голас яшчэ прарыкаў нешта нязвязнае і злоснае, і пайшлі гудкі.
Бах! Мяне кінула пад лёд… Бах! У вушы папаўзлі нахабныя мурашы… Бах! Мае вочы расплюшчыліся і ператварыліся ў плафоны! Было адчуванне, што ў мяне цэліцца снайпер. Праспаў!.. Праспаў цягнік Масква – Берлін, да якога чапляецца адзін няшчасны вагон з Менска і на які мы бралі квіткі загадзя! За месяц!.. Бо інакш – толькі аўтобусам. А гэта вам не хухры-мухры. Гэта ехаць не адзін дзень. Я ўявіў сябе ў аўтобусным крэсле, уявіў скурчаным і брудным, нібы складзеным у некалькі разоў і запхнутым у валізку. О, божухна, толькі не гэта! А яшчэ многа-многа палотнаў (вось дзе я ўжо ненавіджу ў сабе мастака!), якія не ўвапхнуць у гэты пракляты аўтобус. Бо не гумовы!.. Хаця… хіба на галаву пакласці?! А яшчэ, яшчэ… абавязкова там не будзе працаваць прыбіральня! Я ўявіў, як прымяраю рознакаляровыя твары: афрыканскія, японскія, аўстралійскія… Уявіў, як шчыліцца ў нямым крыку мой рот: «Н-е-е-е-е-е-е! Толькі не гэт-а-а-а-а-а!»
Я ўскочыў. Я не служыў у войску, але цяпер мне мог пазайздросціць кожны прафесійны салдат. Вось дзе б узрадаваўся мой бацька!.. У мінулым ён быў афіцэрам савецкай арміі. Ягоныя бліскучыя боты з падкоўкамі не аднойчы адбівалі барабанны дробат па брукаванцы еўрапейскіх гарадоў. За ягонай спінай заўсёды весела развяваліся штандары акупацыйнага атрада. Цяпер бацька стаяў перада мной у новенькай зялёнай форме падпалкоўніка і радасна ўсміхаўся, блішчэў залатымі пагонамі, ззяў зорачкамі і ціха махаў рукой: «Уставай-уставай! Паснедай. І трэба ў школу. Маці прыгатавала ўжо… Блінчыкі з мёдам…»
А-а-а-а-а-а-а!!! Гэта мой крык нібы ядро закруціўся і зашыпеў па пакоі!… А-а-а-а-а-а!!! Не паспела згарэць бабруйская запалка, як я быў ужо сабраны. У зубах – торба, за спінай – заплечнік, і яшчэ многа-многа скручаных палотнаў… Столькі скруткаў нармальны чалавек не можа ўтрымліваць адначасова. Яны былі паўсюль! Я выглядаў як дзікабраз… А магчыма, я быў падобны да пехацінца перад марш-кідком… Але ж трэба памятаць, што ў выключных сітуацыях чалавек здатны на самае неверагоднае!..
– Алё! Таксі…