Читать книгу Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў - Страница 20

Частка першая. Самураі і козлікі
18

Оглавление

А зрэшты, усё было інакш. Я прачнуўся ад яркага святла – яно лезла ў вочы нахабнымі тарантуламі. У белым пакоі стаяў грукат… Акурат перада мной танчыла цыганка. Яна круцілася ваўчком, выкручвалася, нібы яе нехта казытаў. Правакавала белым жыватом і мармуровымі рукамі… Грымела бранзалетамі… «Што гэта? – падумаў я. – Адкуль? Адкуль яна ўзялася?»

– Прачнуўся, галубок? – заспявала цыганка.

– Хто вы? Што вам трэба? – злосна буркнуў я.

– Прачнуўся? – гаркнуў радасна мядзведзепадобны цыган, выходзячы з кухні і грукаючы ботамі са шпорамі…

– Ну, так, – я з падазрэннем глядзеў на нечаканых гасцей. – Як вы сюды трапілі?

– Ха-ха-ха, – зарагатаў знаёмы голас. – …Як мы цябе разыгралі?

Пётра Парабэлум. (Зрэшты, асоба містычная: я і сам не ведаю, існуе ён у прыродзе ці не.) Зноўку ён са сваімі дурнымі розыгрышамі.

– Забыўся, што ты мне ключы пакідаў? – Пётра ашчэрыўся. – Але не забывай – у цябе цягнік да Берліна. Гэта мы са Стасікам вырашылі цябе пракантраляваць. Каб даехаў.

Услед за Парабэлумам паказалася задаволеная круглая морда майго шчырага сябрука Стасіка:

– Ага. Ведаем цябе. Любіш ты спазняцца. Я – на машыне. А цыганскія ранішнія танцы – наш добры дробны падарунак на развітанне.

– Сволачы, – прастагнаў я. – Не далі паспаць. Раптам пазванілі ў дзверы.

– Мы яшчэ кагосьці чакаем? – здзівіўся я. – Я спадзяюся, гэтым разам без розыгрышаў?

Парабэлум развёў рукамі, нібы нажніцамі:

– Ды не… Здаецца, тут усе. Жартаў больш не будзе.

Я адчыніў дзверы. На парозе стаялі два невядомых: тоўсты і тонкі. Прычым рукі ў абодвух – у кішэнях, што вельмі падазрона. Дзіўныя суб’екты. Апранутыя ў плашчы. Капелюшы – па самыя вочы.

– Вы Сафа Вітальевіч? – раўнуў тонкі. І я заўважыў, як па ягоных вачах паплылі крумкачы.

– Ну-у-у, так… А ў чым справа? Я… – Я папярхнуўся, не скончыўшы фразы, бо тоўсты выцягнуў з кішэні вялізны чорны пісталет і прыставіў яго да майго пуза…

– Ціха, – прашыпеў тоўсты. – Без глупстваў. Вы застаяцеся. Ніякага Берліна.

– Стаяць! Усім – на месцы! – гыркнуў худы, заўважыўшы, што мой сябра Стасік збіраецца кудысьці дазваніцца. – Інакш будзем страляць!!!

Цыганка загаласіла… Цыган (з першага погляду такі дужы і моцны) палез пад стол. Парабэлум пацямнеў ад злосці, быццам яго перасмажылі. А вясёлае мурло Стасіка ператварылася ў губку для посуду, і ён выпусціў тэлефон…

Мне заламілі рукі.

– Усе – на сваіх месцах! Пяць хвілінаў нікому не рыпацца! – прароў худы, – Нікога чапаць не будзем! А Сафа Вітальевіч ідзе з намі! Забіраем!!!

На галаву мне нацягнулі непразрысты мех… І чалавека, які яшчэ нядаўна спаў у паласатай піжаме, выпхнулі са сваёй кватэры. Басанож было не надта прыемна шкандыбаць па лесвіцы. Але я спадзяваўся, што, можа, нейкі мудак заступіцца за суседа Сафу Вітальевіча… Фіг! Ні сяброў! Ні суседзяў! Суседскім бабулькам толькі плявузгаць і паклёпы ўзводзіць! А як што зрабіць добрае – не дачакаешся… А гэтыя, гэтыя сябручкі-веселуны, маць тваю за нагу, што там заціхлі?!! Міліцыю трэба выклікаць. Прыстрэляць зараз Сафу ў якімсьці брудным месцы. І вітанкі.

Але, на жаль, аніхто за мяне не заступаўся. Я адчуваў, як цяжка ў спіну дыхае тоўсты і руля пісталета ўтыкаецца мне ў нырку. Худы нешта мармытаў сабе пад нос: «налева», «направа», «прама», «глядзі, каб не спатыкнуўся».

Праз пэўны час мяне запхнулі ў машыну. Гудбай, Берлін.

Замак пабудаваны з крапівы

Подняться наверх