Читать книгу Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў - Страница 3
Частка першая. Самураі і козлікі
1
ОглавлениеУ жыцці аднаго героя насталі нявызначаныя сваім колерам дні. Часам здавалася, што яны грымяць, нібы маленькія срэбныя званочкі і бразготкі, часам каля пад’езда, які распластаўся ў чэраве глуханямога дома, з’яўляўся катафалк, адтуль на ружовашчокае паветра выносілі крыштальную труну… Там ляжала царэўна… Яе было цяжка разгледзець, бо яна была зацярушаная снегам, апалым лісцем і першымі пралескамі. Дзень разлятаўся шкамутамі, нібы пералётныя птушкі… З-пад стала накшталт зачараванага заручальнага пярсцёнка выкатвалася зялёнае шкляное вока… Яно падкатвалася да ціжмаў і застывала з нямым пытаннем. Можна было штурхаць яго скуль заўгодна – гэта не вырашала праблемы. Вока не знікала. Яно спіралямі круцілася каля героя, вымагаючы ад яго пэўных учынкаў, дзеянняў. Зрэшты, у аўторак усё змянілася.