Читать книгу На заснежаны востраў - Анка Упала - Страница 11
І
Электрычка да Стакгольма
10
ОглавлениеНіколі ў жыцці я не пісала хайку, а тут нам задалі напісаць некалькі па-шведску. У мяне атрымалася так:
Бляск асляпляльны.
Птаства бавіцца ў вецці.
Ляжу на траве.
Восень дыхае.
Дождж у барабаны б’е.
Ложак бяссонны.
Асабліва я ўпадабала тыя, што склалі Ніна, Зэйн і Ванг Вэй. У Зэйна хлапчукова-сярдзітае:
Вецер дзьме моцна.
Мора і бераг б’юцца.
Шафёр злуецца.
Маўклівы дзевятнаццацігадовы Ванг Вэй з Шанхая – згуба дзявочых сэрцаў. У інтэрнат часам наведваецца яго дзяўчына. На ягонай шыі – след ад пацалункаў.
Большае стома.
Ты на мяне палюеш.
Холад па целе.
Ніне яшчэ не пацвердзілі яе ўніверсітэцкі дыплом. Яна працуе прыбіральшчыцай у вечаровую і начную змены. Цяжкая фізічна і нізкааплатная работа – для колішняй галоўнай бухгалтаркі радасці мала.
Яркае сонца.
Людзі ляжаць на пляжы.
А мне – на працу.
Другое хайку Ніна склала пра бялюткі пакой, белата якога робіцца асабліва заўважнай, бо ў ім ляжыць чырвоны яблык.