Читать книгу На заснежаны востраў - Анка Упала - Страница 19
І
Электрычка да Стакгольма
18
Оглавление– У гэтай залі, якую мы прамінаем, збіраліся радзіцца шведскія інтэлектуалы з усёй краіны, – робіць для нас з Эвелінай нечаканую кароткую экскурсію сівавалосы далікатны бібліятэкар Сальваторэ.
У Яблычным горадзе – класічная бібліятэка ў палацавым комплексе Стыфтэльсен, пры якім ёсць гатэль і яшчэ адзін студэнцкі інтэрнат, дзе жыве Эвеліна. Залі палаца быццам музейныя, з такімі старымі рэчамі, да якіх у музеях звычайна не даюць нават дакранацца, доўгімі паліцамі з фаліянтамі, крэсламі, тканіна на якіх выглядае так, нібыта ёй пара соцень гадоў. Я прыйшла ў бібліятэку з Эвелінай, каб спытаць пра лінгвістычны часопіс, у якім мяне цікавіў адзін артыкул. Заадно мы вырашылі папрасіць дазволу зрабіць у бібліятэцы хатняе фотазаданне Эвеліны. Я пагадзілася быць яе мадэлькай.
Часопіса не знайшлося, у тутэйшых сховішчах толькі класіка, затое Сальваторэ прапанаваў нам для фотасесіі сакрэтны пакой – самую высокую кропку, з якой можна глядзець на Яблычны горад. Ці не хочам мы паглядзець? Хочам, вядома!
Сальваторэ надзвычай зычліва да нас паставіўся. Але рэцэпцыяністка Стыфтэльсена праводзіла нас з Эвелінай непрыязным позіркам.
Можна толькі гадаць чаму. Ці таму, што за пятнаццаць хвілін да гэтага мы пыталі ў яе пра дадатковы матрас, каб на ім змагла пераначаваць мама Эвеліны, якая прыедзе яе наведаць з іншага шведскага мястэчка (“Няма ў нас такіх матрасаў, якія можна класці на падлогу” – быў адказ), а цяпер пнёмся ў святыню святынь Стыфтэльсена?
У Яблычным горадзе ёсць яшчэ адна бібліятэка, прасцейшая. Там я таксама пыталася пра лінгвістычны часопіс, калі нас вадзілі туды на экскурсію. З трох спроб я не змагла дабіцца ад тамтэйшай біблятэкаркі ўвагі і ўцямнага адказу, быццам я пустое месца, што падае голас на няўпэўненай шведскай мове. О дзіўны новы досвед.
Такая кантраснасць у стаўленні мяне агаломшвае.