Читать книгу На заснежаны востраў - Анка Упала - Страница 20

І
Электрычка да Стакгольма
19

Оглавление

Неяк перад абедам, кіруючыся на нашую кухню, каб прыхапіць на дэсерт кексы, сустрэла найлепшую сяброўку Мацільды Лілі, якая гукала: “Мацільда-Мацільда!” Я ўбачыла, што дзверы нашага пакоя прыадчыненыя, а ключ тырчыць звонку – Мацільда часта забывае свае ключы ў дзвярах, а сёння і дзверы пакінула наросхрыст. Лілі давялося замкнуць іх і шукаць Мацільду далей, каб аддаць ключы.

– Знайшла яе, – адсправаздачылася Лілі, калі мы сустрэліся ў абедзеннай залі.

Я ўжо таксама паспела знайсці сваю суседку. Калі я спытала Мацільду, ці ведае яна, што забыла ў дзвярах ключы, іх выцягнуў з кішэні яе аднагрупнік Франк.

На гэтым тыдні мы з Мацільдай дзяжурныя. Было дамоўлена, што ў чацвер пасля заняткаў памыем падлогу ў калідоры і на кухні, бо ў пятніцу абедзве збіраемся ў Стакгольм. Але, калі надышоў момант Х, Мацільды і след прастыў.

Па калідоры самотная Лілі адна ідзе курыць.

– Ты не бачыла Мацільду? – пытаюся.

– Мацільда на возеры.

Тады я вырашыла, што памыю і прыбяруся на кухні і напішу Мацільдзе цыдулку, каб яна парабіла астатняе. Я акурат скончыла запісваць пасланне, як дзверы адчыніліся. Узбуджаная і пры парадзе, Мацільда заскочыла па нейкую патрэбу. У дзвярах яе ветліва чакаюць незнаёмыя мне новыя сяброўкі.

– Мацільда, мы ж дзяжурым.

– Давай ты – кухню, а я – усё астатняе, увесь калідор!

– Ну, давай. Кухню я акурат ужо памыла.

Мацільда ад удзячнасці парываецца абняцца, потым перадумвае. Кажа:

– Я ж п’яная.

– О, тады табе будзе цяжка.

– Я заўтра памыю перад ад’ездам!

– Добра.

Вечарынка сыходзіць. Але я паспяваю узяць Мацільдзін тэлефонны нумар на ўсялякі выпадак. Суседка набірае яго на маім тэлефоне і просіць:

– Дашлі мне смску, што гэта ты, а то мой тэлефон не са мной, а ў сябра зараджаецца, бо я ж забыла зарадку ў Стакгольме.

Вось так, тэлефон у сябра, зарадка ў Стакгольме, дзяжурства, у якое я не надта веру, заўтра.

Але я чамусьці не магу злавацца на Мацільду.

Нядаўна мы ўсім курсам хадзілі ў бібліятэку Стыфтэльсена, тую, дзе я пабывала двума днямі раней. Скажам, той жа Лілі ці яе суседкі Габрыэлы я не заўважыла на экскурсіі, а сонная Мацільда з бляшанкай энергетыку сумленна адсядзела доўгую лекцыю загадчыка бібліятэкі. А потым вечарам расказвала маме па тэлефоне, што ў той бібліятэцы прыгожа, як у Хогвартсе.

На заснежаны востраў

Подняться наверх