Читать книгу На заснежаны востраў - Анка Упала - Страница 9

І
Электрычка да Стакгольма
8

Оглавление

У другой палове дня пайшоў дождж, ад учарашняга курортнага надвор’я не засталося ані знаку. Неба шэрае спрэс, як мінскае, і няможна прагуляцца. Парасона ў мяне няма. Калі дождж толькі пачынаўся, я была выйшла на двор, прыхапіўшы фотаапарат у заплечніку, але адразу ж вярнулася назад пад дах. Сяджу ў холе на другім паверсе на канапе, чакаю прасвету ў аблоках. Тут і балкон ёсць, але ў такое надвор’е на яго не высунешся. На бярозе насупраць мокне вяхір. Звычайных гарадскіх галубоў у Яблычным горадзе няма, а гэтых шмат, кугукаюць у вершалінах дрэў – угу-угу-угу, іх чуваць праз акно.

Нарэшце пачаліся нармальныя заняткі. З раніцы ў мяне было чатыры ўрокі шведскай, я ажно стамілася, але ўсё вельмі спадабалася. Два ўрокі правяла Астрыд, энергічная інтэлектуальная спадарыня гадоў каля сямідзесяці, колішняя рэктарка. Астрыд не зломак: колькі год працавала з цяжкімі падлеткамі. Яна выкладае матэматыку і біялогію, але карэктуе свае заняткі пад патрэбы нашай групы, бо ўсё-ткі нам трэба больш моўнай практыкі. З Астрыд мы пісалі пра тое, што запомнілі з нядаўняй экскурсіі па Яблычным горадзе, і чыталі навіну ў газеце пра землятрус у Італіі. Таксама два ўрокі былі з нашай куратаркай Мартай. Яе заданні мне асабліва цікавыя. Раней мы дзяліліся на групы і бралі адно ў аднаго інтэрв’ю, а сёння пісалі паводле гэтых апытанак разгорнутыя аповеды. Мы трапілі ў адну групу з Нінай і Фірузам. Разумею, што Марта наўмысна нас пазнаёміла, каб мы хутчэй акліматызаваліся. Фіруз браў інтэрв’ю ў мяне, я – у Ніны, а Ніна – у Фіруза. Марта кажа, што я добра даю рады з пісьмом, а выкладчыца Інгер, якая вяла ўрокі ў Фіруза, сказала на перапынку, што ён крута напісаў пра мяне. Пазней можна будзе пачытаць, усе гутаркі вывесяць на дошцы ў калідоры каля вучэбных кабінетаў. Потым мы пісалі лісты самі сабе з чаканнямі на семестр і ў заклееных канвертах паклалі іх у кошык. Гэтыя лісты мы мусім атрымаць у канцы семестра.

Я напісала, што не маю ніякіх планаў і проста жыву кожны дзень без чаканняў, каб не расчаравацца. Гэта праўда, я асцерагаюся ілюзій пра людзей і будучыню. У мяне ёсць досвед хібных уяўленняў пра тое, хто і што застанецца ў маім жыцці надоўга, і я баюся рабіць далёкія высновы. Проста радуюся, калі нешта добрае сёння, а як нешта не вельмі добрае, стараюся не браць да галавы і спадзяюся, што людзі даруюць і забудуць, калі я нешта раблю не так.

Толькі наважылася напісаць, што спадзяюся істотна прагрэсаваць у шведскай мове, хаця і ў гэтым, па вялікім рахунку, я дазваляю сабе трымацца, як пойдзе. Зрэшты, мне з кожным днём лягчэй. Урокі ў нас толькі па-шведску, і я нічога так, сяджу цямлю.

На заснежаны востраў

Подняться наверх