Читать книгу На заснежаны востраў - Анка Упала - Страница 16

І
Электрычка да Стакгольма
15

Оглавление

Ад паездкі ў Стакгольм на душы стала лепей у разы. Ніна потым сказала, што я ажно перамянілася з выгляду, тварам прасвятлела. Я адчула сябе шчаслівай адразу, як выйшла на цэнтральнай станцыі і пашыбавала на Дротнінгатан. Стакгольм я люблю. На сустрэчу з мясцовымі сябрамі і калегамі ўвалілася, быццам дабраўшыся да жыццядайнага аазіса пасля тыднёвага падарожжа ў пустыні. Усё-ткі ў Яблычным горадзе я ўвесь час адчуваю сябе самотнай чужынкай.

У Стакгольм мне пашчасціла дабірацца з аднагрупнікам Ванг Вэем, разам ехалі ў аўтобусе і перасаджваліся на электрычку. Я была радая спадарожніку, бо заўжды хвалююся, калі еду незнаёмымі маршрутамі, і кепска арыентуюся на мясцовасці. Пасля заняткаў Ванг Вэй працуе ў адным з суседніх мястэчак касірам у краме, каб быць незалежным ад бацькі. Ён крута знаецца ў матэматыцы і ўмее хутка памнажаць у галаве як найменш двухзначныя лічбы. Пра большыя не ведаю, бо Астрыд большых з яго не пытала.

Дзеля працы Ванг Вэй кіне вучобу праз месяц.

Праз разявайства мы праехаліся ў электрычцы на месцах для цяжарных, быццам пара ў чаканні дзіцяці. Я гэта заўважыла, калі ўзнялася. Тунтэматон пазней смяялася да слёз, калі я пераказвала ёй гэты выпадак.

Познім вечарам я паспела на электрычку назад. Потым перасадка на аўтобус, а пасля – яшчэ дваццаць хвілін пешкі да інтэрната. Іду – страшна, вакол ані чалавека, неба нада мной чорнае, зоркі добра відаць.

Дайшоўшы да інтэрната, я не адразу выправілася ў пакой, а пасядзела на балконе ў холе, паглядзела на зоркі ў спадзяванні пабачыць знічку. Вельмі хацелася з кім-небудзь пагаварыць. Шкада, я не мела нумара новенькай з Паўночнай Афрыкі, якая далучылася да нашай групы, – так бы можна было запрасіць яе пасядзець разам. Я яшчэ потым доўга не магла заснуць, узбударажаная.

Новая аднагрупніца – гэта Тунтэматон.

На заснежаны востраў

Подняться наверх