Читать книгу На заснежаны востраў - Анка Упала - Страница 3

І
Электрычка да Стакгольма
2

Оглавление

У Яблычны горад я прыехала напрыканцы лета, каб удасканальваць сваю шведскую мову ў школе для дарослых.

Сустрэў мяне тутэйшы настаўнік гісторыі і матэматыкі барадаты балбатун Увэ, які выдаў мне ключы ад пакоя і троху павадзіў па мястэчку. Увэ ані разу не перайшоў са мной на англійскую мову. Вось так адразу кінула мяне ў гутарковую шведскую, як шчанючка ў ваду. Пазней высветліцца, што мне не так і проста разумець Увэ. Але пры першай сустрэчы нейкім чынам, відаць, ад стрэсу, я разумела амаль усё, што казалі ён і мілая рэцэпцыяністка Сара з пірсінгам і рукамі ў татухах, якая на маю просьбу прынесла з кухні кантэйнер з абедам.

Мне нязвыкла думаць, што я тут надоўга. У інтэрнат амаль ніхто яшчэ не заехаў. Маёй суседкі па пакоі пакуль таксама няма, я з хваляваннем чакаю яе прыезду.


Раніцай наступнага дня я крыху прагулялася па ваколіцах. У траве поўзаюць буйныя вінаградныя смаўжы са светлымі ракавінамі. Попаўзні скачуць па таўшчэзных дубах ля Стурагордэна, аднаго са школьных карпусоў, дзе на другім паверсе месціцца кухня і абедзенная заля, а на першым – рэцэпцыя і кабінет рэктаркі. Каб трапіць да Стурагордэна, трэба ўзняцца на самы верх высокага пагорка, на якім стаяць школьныя будынкі. Я ажно ўзмакрэла, караскаючыся да рэцэпцыі з чамаданам і заплечнікам. Той корпус, куды пасялілі мяне, Стары Вэстэргордэн – ніжэй, ля дарогі і аўтобуснага прыпынка.

У Вэстэргордэне шмат дзвярэй і лесвіцаў, у якіх я блытаюся, забываю дзе і што, як сюды ўваходзіць і адсюль выходзіць. Учора заблукала і замест свайго пакоя ўварвалася да нейкай дзяўчыны ў бялізне. А сёння, калі я ляжала на ложку, да мяне раптоўна зайшоў тэхнічны супрацоўнік, страшна сумеўся і выбачаўся.

Возера, чаратовыя берагі якога добра відаць з вокнаў майго пакоя, – гэта Мэларэн. Яно агромністае, але з-за няправільнай формы з мноствам вузкіх заліваў такім не падаецца. Па ім раскіданая процьма астравоў, некалькі ляжаць тут непадалёк.

На возеры жывуць ныральніцы чомгі і лыскі. Падчас прагулянкі я звыкла лічыла, як надоўга яны затрымліваюць дыханне, даўшы нырца. Чарада гусей праляцела над сваім адлюстраваннем. Ля берага гайдалася ў вадзе вялікая мёртвая птушка.

На заснежаны востраў

Подняться наверх