Читать книгу На заснежаны востраў - Анка Упала - Страница 13
І
Электрычка да Стакгольма
12
ОглавлениеБывае такое дзіва, што некаторыя людзі падобныя як блізняты не толькі з твару, але і па характары, хоць і жывуць у розных краінах.
Для рэктаркі школы Лінэі я незнаёмы чалавек. А яна для мяне, у іншай бурбалцы жыцця, добра знаёмая. Яе светлую грыўку, што падае на вочы, я даўно ведаю, як і тое, што Лінэя – добрая і валявая натура.
З Лінэяй мне трэба абгаварыць атрыманне маёй стыпендыі. Пакуль я думала, калі гэта лепш зрабіць, яна сама падышла да мяне ў абедзеннай залі і запрасіла зайсці да яе пасля фíкі – піцця кавы ці гарбаты з прысмакамі. Нашая школьная фіка а дзясятай раніцы, да яе падаюць сухія хлябцы.
– Вы разумееце мяне? Разумееце тое, што я кажу? – вымаўляючы словы марудна і выразна, удакладняе Лінэя па-шведску, крыху нахіліўшыся над столікам, за якім мы сядзім з аднагрупніцамі.
Я разумею, хоць і бянтэжуся. Збянтэжанасць – мой звычайны стан тут. Шведская мова ставіць мяне ў нязвыклую сітуацыю: каб данесці да мяне інфармацыю, людзі мусяць рабіць намаганні, быццам я кепска чую ці цямлю. Раней я заўжды гаварыла ў Швецыі па-англійску, і таму мне не даводзілася выглядаць тормазам, гэта цалкам новы для мяне досвед.
Кабінет Лінэі з боку калідора мае шкляную сцяну. Усе могуць бачыць, калі кіраўніца школы на працы.
Для нарад з калегамі ў кабінеце рэктаркі ёсць круглы столік з крэсламі, але дарагога начальніцкага крэсла, седзячы ў якім было б зручна дамінаваць над падначаленымі, няма. Лінэя працуе, стоячы за канторкай.
Размова пра стыпендыю занадта важная, каб тупіць, таму я прашу Лінэю перайсці са мной на англійскую і на час размовы ператвараюся ў разумную.