Читать книгу Сляды волатаў - - Страница 11
Алесь Жук
Лаві зайца!
`Апавяданні
Павучок-падарожнік
ОглавлениеЯк толькі белым зацвіце ў палях грэчка, трывожна закружаць над імі чароды кнігавак. Птушкам здаецца, што снегам зацерусіла і яны спазняюцца ў вырай. Таму і затурбаваліся, збіліся ў чароды і гатовы ляцець у далёкія заморскія краіны.
Прыкладна ў гэты ж час у сонечныя дні раптам паляціць-паплыве ў небе серабрыстае павуцінне. І ніхто не можа патлумачыць, чаму і як яно з’явілася, бо цяжка ўбачыць, хто кіруе павуцінкамі.
А гэта маленькі спрытны павучок выпусціў з сябе павуцінку і прыклеіў яе да травінкі. Большае і большае павуцінка, трапеча на ветры. Тады павучок перакусвае той кончык, які прымацаваў да травінкі. Павуцінка ўзлятае ўгору, а на ёй і павучок. Павуцінка можа быць два-тры метры даўжынёй. Павучок, як вопытны авіятар, кіруе павуцінкаю, прабягае па ёй, тады павуцінка робіцца карацейшая і апускаецца ніжэй.
Гэтак і ляціць павучок, пакуль павуцінка не зачэпіцца за што-небудзь трывалае, напрыклад за дрэва. Тады павучок пакідае свой «самалёт», хаваецца пад карынку на ствале. І ніхто яго не бачыць, пакуль не праміне зіма. А нам здаецца, што павуцінка сама па сабе з’явілася і проста так ляцела.
Высока курлыкаюць жураўлі, вяслуюць у вырай. Плыве ў небе густое срэбра павуцінак. Цяпер мы ведаем, што гэта павучкі перабіраюцца на новае месца жыхарства.