Читать книгу Сляды волатаў - - Страница 22
Алесь Жук
Лаві зайца!
`Апавяданні
Лоша
ОглавлениеПрыгожа свяціўся вераснёўскім сонцам дзень. Ветрыку амаль не было. У прасторным негустым лесе драмалі пад сонцам маладыя бярозкі. Ледзь трапяталі лісцем асінкі. Маўчалі сваёй строгай зелянінай нячастыя між іх ялінкі. Бледна-ліловымі кветкамі цвіў верас. Зелянела папараць, зрэдку пабітая кропелькамі восеньскай іржы. Высока тырчала пікамі рэдкая лесавая трава.
Але самымі прыгожымі былі ваўнянкі, якіх яшчэ ваўнухамі завуць. Грыбы чырвона-рыжыя, яркія шапачкі, па краях якіх бачыўся шэранькі пушок, яны шчодра засялялі гэты лес. Маладыя, крамяныя, быццам назнарок выступалі на вочы грыбніку.
Тым грыбное шчасце і ўсміхалася Ягорку. Ён з радасцю зрэзваў халаднаватыя, вільготныя ад расы грыбы, клаў іх у сваё невялікае сіняе вядзерца. Калі яно напаўнялася, выносіў на дарогу дзеду ў яго вялікае вядро.
Дзед Алесь не замінаў унуку, ішоў утравянелаю лесавою дарогаю, любаваўся лесам, кустамі крушыны, якія сваімі чорнымі ягадамі хіліліся на дарогу.
Лясной прыгажосці не перашкаджаў гул трак-тарных матораў і роў бензапіл. Непадалёку была лесасека, там нарыхтоўвалі лес.
Лесавая дарога рабіла круты паварот. Ягорка толькі высыпаў у дзедава вядро свае грыбы. Між дрэў мільгала яго чырвоная куртачка.
Дзед зірнуў на дарогу і спыніўся. Насустрач яму ішла ласіха. Побач з ёю – гонкае, даўганогае ласянё. Ласіха таксама заўважыла чалавека і спынілася. Ласянё прыціснулася да мамы збоку.
Дзед Алесь ведаў, што ласіха – клапатлівая мама. З вясны ад нараджэння яна ні на крок не адпускае ад сябе ласянё, корміць малаком і пасля таго, як ласянё ўжо само пачынае абшморгваць з галін лісце.
І няхай толькі хто паспрабуе зачапіць ласянё! У ласіхі моцная зброя – капыты. Ударам капыта яна можа ссекчы, як сякерай, бярозку таўшчынёй з чалавечую руку. Каму хочацца трапіць пад такі ўдар?
У гэты час Ягорка вынырнуў з лесу на дарогу з чарговым вядзерцам грыбоў.
Ласіха заўважыла рух, нагнула вялікую гарбаносую галаву і грабянула капытом зямлю. Ягорка спалохана прыхінуўся да дзедавай нагі. Ласянё таксама тулілася да мамінага бока. Дзедь Алесь ведаў, што ў ласёў выдатны нюх і слых, але яны дрэнна бачаць. Таму любы рух можа падацца ласю знакам нападу, і ён кінецца ў бой.
Дзед Алесь з Ягоркам стаялі нерухома. Ласіха яшчэ раз пагрозліва грабянула капытом зямлю, потым падняла галаву, прыслухалася.
У гэты ж час на лесасецы моцна раўнула маторам заведзеная бензапіла. Імгненна бокам ласіха скочыла з дарогі ў лес. Паляўнічыя гавораць – скінулася. Тое ж самае зрабіла і ласянё. Толькі лёгкі пошум чуўся ў лесе за звярамі. Потым усё сціхла, як нічога і не было. Стаяў пагодлівы асенні дзень, працавала лесасека.
Дзед Алесь расказаў Ягорку, што раней ласёў было ў лясах намнога болей. І што ў народзе клапатлівую маму-ласіху называюць лошай. У гонар гэтых звяроў і рака на Беларусі называецца Лошай, яна вялікі прыток Нёмана.
І зноў Ягоркава куртачка замільгала між дрэў, бо прыгажуні ваўнянкі самі прасіліся ў вядзерца.