Читать книгу Сляды волатаў - - Страница 6
Алесь Жук
Лаві зайца!
`Апавяданні
Кветкавы гадзіннік
ОглавлениеУсе мы карыстаемся гадзіннікамі і ведаем, што гадзіннікі ёсць наручныя, насценныя, настольныя, кішэнныя. Ёсць з боем кожную гадзіну, з зязюліным куваннем, з будзільнікам, які пабудзіць у патрэбны час… – усе вось так адразу і не пералічыш.
Каб вызначыць час, людзі спачатку запаміналі месцазнаходжанне сонца на небе, потым навучыліся больш дакладна вызначаць час па даўжыні ценю ад палачкі, уваткнутай у зямлю. Такі гадзіннік называўся сонечным.
Але ж самы маляўнічы і самы прыгожы гадзіннік прыдумаў шведскі вучоны-біёлаг Карл Ліней яшчэ ў васямнаццатым стагоддзі. Ён у адпаведным парадку высадзіў на клумбе розныя кветкі, якія і паказвалі час.
Справа ў тым, што кожная кветка толькі ў адпаведны час сутак цалкам распрамляе свае пялёсткі.
Жоўты казлабарод разгортвае кветкі яшчэ на дасвецці, у тры гадзіны. За ім прачынаецца блакітная цыкорыя, запунсавее мак, маленькімі сонейкамі зажаўцеюць кветкі дзьмухаўца. У шэсць гадзін раніцы ўсцешыць вока сваім блакітам ільняное поле, потым бледна-фіялетава закалышуцца кветкі бульбоўніку, жарынкамі загарацца палявыя гваздзікі. У восем гадзін раскрыецца вадзяная лілія, а ў дзевяць – кісліца ў лесе…
Пасля абеду кветкі пачынаюць засынаць. Першым згорнецца ранні казлабарод, за ім дзьмухаўцы, казялец, стане толькі зялёным ільняное поле, але да самага заходу сонца будуць цешыць вока кветкі шыпшыны.
Бачыце, каб даведацца, колькі гадзін, не абавязкова нават ладзіць клумбу, трэба толькі ведаць кветкі і запомніць, калі яны прачынаюцца і засынаюць.
Вядома, кветкавы гадзіннік не такі дакладны, як іншыя прыдуманыя чалавекам. Ды і працуе ён толькі ў сонечнае надвор’е. Але ж карыстацца ім цікава, бо міжволі пазнаёмішся з рознымі кветкамі. І чым будзеш больш іх ведаць, тым дакладней вызначыш час.