Читать книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч - Страница 11
Запісы розных гадоў
З думак пра Купалу
ОглавлениеНе перачытваючы – усенародна – Купалу, мы да беларускай Беларусі не дойдзем. Да сапраўды суверэннай, свабоднай, дэмакратычнай.
«Не магу маску ўздзець,
Крывіць роднай душой,
Песні весела пець,
Калі смуцен брат мой».
Душа – родная. Каму? Мужыкам.
Яго муза ўдыхнула гарачага паветра рэвалюцыйных бітваў Першай рэвалюцыі ў Расіі (1905–1907).
Сіла пераканаўчасці купалаўскага радка. Паэт гаварыў так, што яму верылі. Бо – да мужыцкага народа гаварыў сам мужык, падрабляцца (апускацца) не было патрэбы.
Трэба ж было адчуць, што прыйшоў гістарычны час для Беларусі, для беларускага народа – і ён адчуў! І стаў вешчуном, павадыром, сцяганосцам. Мала ў сусветнай паэзіі геніяў, якія ў такой ступені былі ідэолагамі нацыянальнага адраджэння.
У яго была найвышэйшая ступень усведамлення абавязку паэта-грамадзяніна. Ніхто ні да яго, ні пасля яго да такога ўсведамлення не падымаўся. Адзіная і ўсёабдымная жарсць, ідэя, апантанасць. Усё, да апошняга радка, было падпарадкавана гэтаму – яго беларускаму болю.
1997