Читать книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч - Страница 21
Запісы розных гадоў
Руйнаванне нашай гісторыі
ОглавлениеГісторыя кожнага народа – у назвах яго населеных пунктаў і ў назвах вуліц. Перайменаванне – неапраўданае, неабгрунтаванае – і старажытных паселішчаў, і вуліц наносіць шкоду гістарычнай памяці народа, разбурае аб’ектыўна абумоўленую цэласнасць бачання мінулага, пазбаўляе гэтае бачанне яркіх каштоўных момантаў. Сціраецца і бяднее гісторыя краіны – бяднее аўтарытэт нацыі ў вачах свету. Вось прыклад, як гэта рабілася ў нас.
Паводле Паўла Шпілеўскага, да захопу Беларусі царыстамі, у Менску былі вуліцы: Францішканская, Зборавая, Валоцкая, Зыбіцкая, Дамініканская, Койданаўская, Феліцыянаўская, Бернардынская… Царысты замянілі гэтыя назвы на: Губернаторская, Крещенская, Преображенская, Торговая, Петропавловская, Богадельная, Маломонастырская… Пасля ўвесь Менск (і ўсе іншыя нашы гарады!) спрэс запаланілі назвы ў гонар вялікіх сыноў і дачок Беларусі: Маркса, Энгельса, Леніна, Лібкнехта, Люксембург, Свярдлова, Урыцкага, Валадарскага, Сталіна, Дзяржынскага, Калініна, Фрунзе, Кірава, Куйбышава, Арджанікідзе, Мяснікова, Варашылава, Будзённага, Чкалава і многіх іншых; а яшчэ такія каларытныя беларускія назвы, як Рэвалюцыйная, Інтэрнацыянальная, Савецкая, Мопраўская, Першамайская… Гэтая нялюдская, прадыктаваная невуцтвам і маральным убоствам практыка працягвалася да нядаўняга часу. Ад старажытных пазнак Мінска амаль ні следу не засталося… На пачатку 90-х некалькі назваў вярнулі: Раманаўская Слабада, Залатая горка, Гарадскі вал, Кальварыйская… Якія цудоўныя назвы!.. Але ў 1994-м гэтая мудрая ініцыятыва воляй вялікіх «патрыётаў» спынена.
2002