Читать книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч - Страница 17

Запісы розных гадоў
«Паэт! Подзь сюда!»

Оглавление

Выступалі з чытаннем вершаў перад рабочымі трактарнага завода – пасярэдзіне дня, відаць, на іх абедзенным перапынку (тады, у пачатку 60-х, так практыкавалася – даць «духоўны пішч» людзям ад варштатаў!) Былі: Сяргей Грахоўскі, Навум Кіслік, Валянцін Тарас, аўтар гэтых радкоў, здаецца, яшчэ хтосьці, не помню. «Адстраляліся», сустрэча закончылася. Падзякавалі за ўвагу і выходзім. Пакуль ідзем па краю залы на выхад – нашы слухачы, падняўшыся з месц, стаяць, з павагі даюць магчымасць гасцям прайсці першымі. Ідзем адзін за адным, ланцужком – і раптам чуем досыць гучны пралетарскі голас:

– Паэт! Подзь сюда!

Паднялі галовы, глядзім: каго з нас гэтак фамільярна хтось аклікае. Бачу – хто: гадоў сарака рабацяга, стаіць між радоў крэсел, з краю, і робіць знак рукою: маўляў, ступі сюды, трохі бліжэй. Зразумеў, што не мяне, але прыпыніўся, цікава: каго і навошта? Аказваецца, Валянціна Тараса. І той выйшаў на паўкрока з нашага ланцужка.

– Я вас слухаю.

І што ж ён і ўсе мы пачулі?

– Нада праўду пісаць! Понял?

– Понял, – разгубіўшыся ад неспадзяванай парады, адказаў, зусім як школьнік настаўніку, Валянцін.

І мы выйшлі з залы і накіраваліся дадому. Моўчкі. Азадачаныя. Рабочы пыльнуў у вочы Тарасу, а хіба не мог даць тую параду любому з нас?

1999

У віры быцця

Подняться наверх