Читать книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч - Страница 12
Запісы розных гадоў
Пра «Харошкі»
ОглавлениеБыў на канцэрце «Харошак», запрасіла сама Валянціна Іванаўна Гаявая. Агульнае ўражанне – цуд! Атрымаў найвышэйшую асалоду. Амаль усё глядзеў і слухаў у захапленні. І «Местачковы вальс», і «Ойру», і «Падэспань», і «Польку крутуху». А «Каханачка!» Божа, які лірызм у «Каханачцы»! Увогуле, колькі паэзіі ва ўсім, што прайшло перад вачыма! Хацелася крычаць: «Людзі, гэта ўсё патрэбна нам! Вы бачыце і чуеце талент на сцэне – ну а ў жыцці? Няхай ніхто не думае, што падробкай можна ашукаць густ народа. Ніколі!»
У чым сакрэт гэтага мастацкага цуду – я прафесіянальна не растлумачу, ні ў музыцы, ні ў харэаграфіі не дасведчаны. Але ўсім нутром чую: гэта ўсё наша, беларускае. Гэта абуджае ў душы ўсё, што ў яе ўваходзіла ад калыскі – там, у вёсцы, і тое, што ўваходзіла ў душы бацькоў, дзядоў і прадзедаў, а мне перадалося падсвядома, чаго сам я непасрэдна ні разу не чуў. А ўсе ж гукі – родныя. Усё – ад нашых вясковых вечарынак. І мелодыі, і інструменты… Нашы скокі, іх тэмперамент, іх жартоўнасць… Ва ўсім мы знаходзім сябе, адкрываем сябе. А свету – адкрываецца Беларусь. Сапраўдная.
Каб тварыць такі цуд на сцэне – вельмі многа трэба. Папершае, глыбокая перакананасць у вернасці абранага шляху, у святасці місіі. Па-другое, чысціня… Гэта было нашым заўсёды. Яшчэ ад Буйніцкага. Заўсёды – на энтузіязме. Доля не давала нам іншага – толькі любоў, толькі энтузіязм. Толькі б не прымяшаўся цынізм, пошласць прагматызму!..
«Харошкі» – гэта высокі прафесіяналізм пры якойсь першароднай непасрэднасці, прастаце, шчырасці.
Людзі! Вернем славу нашым нацыянальным скокам! Тую, што азарала колісь тэатр Буйніцкага!.. «Харошкі» пераконваюць, што мы здольныя зрабіць гэта.
1990-я гг.