Читать книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч - Страница 18
Запісы розных гадоў
«Нас падзялілі»
ОглавлениеІ тады Колас напісаў гэтыя геніяльныя радкі:
Нас падзялілі. Хто? Чужаніцы. Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы! К д’яблу граніцы! Нашы тут гоні, бары!
Гэта – самая высокая праява грамадзянска-патрыятычнага духу ў творчасці Я. Коласа. Самае адкрытае, самае мужнае слова ў абарону цэласнасці роднай зямлі, самы рашучы адпор «ворагам беларушчыны» ўжо ў новых – не царскіх, а бальшавіцкіх кіпцюрах. Самы шчыры, непрытворны крык працятага болем сэрца. Самае мудрае асэнсаванне падзеі паэтам-палітыкам і мысляром, які зыходзіў з глыбокага разумення, што значыць для лёсу народа, лёсу краіны такі разбой, такі гвалт, як рассячэнне напалам роднай зямлі, а значыць – рассячэнне напалам этнічна цэласнага арганізма народа, мовы і культуры яго, а сказаць дакладней – сэрца яго, душы яго… Колас, паўтараю, успрыняў гэта не толькі на ўзроўні эмоцый, але і на ўзроўні дзяржаўнай мудрасці.
Дзіўлюся, што пра гэты трагічны для лёсу Беларусі падзел сёння зноў стараюцца не ўспамінаць.
2000