Читать книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч - Страница 19
Запісы розных гадоў
Справа годнасці і гонару
ОглавлениеСамае горшае будзе, калі моладзь пойдзе за дэмагогамі і цынікамі, за іх хлуснёй. Дэмагогі крычаць пра патрыятызм, імянуюць сябе вялікімі патрыётамі. Прабачце, патрыётамі якой краіны, якой зямлі? Зямлі Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага, Чорнага, Геніюш, Караткевіча? Зямлі Буйніцкага, Галубка, Драздовіча, Сергіевіча, Забэйды-Суміцкага, Шырмы? Ці патрыётамі «Отечества»? Заўважце, як гэтыя патрыёты любяць слова «Отечество». Не сумнявайцеся, што яны маюць на ўвазе не Беларусь, о не!
Таму і кажу маладым: толькі не паддайцеся на хлусню! Адзін раз не вытрымаеце – і цяжка будзе ўтрымацца, цяжка. Ні ў якім разе не памыліцеся і не клюньце на ільсцівую прыманку! Яна – атрутная. Калі своечасова не спахапіцца, не адрынуць – гэта кончыцца маральнай смерцю.
Сёння ўсё ясна: вы – за свабодную, незалежную, беларускую Беларусь – ці за «Отечество»? Так, усё ясна. Справа годнасці і гонару – у гэтай яснасці не заблудзіцца.
2001