Читать книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч - Страница 9
Запісы розных гадоў
Хай бы такой і заставалася
ОглавлениеБеларускай літаратуры заўсёды была арганічна ўласціва якасць, якую акадэмік Дз. Ліхачоў удала назваў «сарамлівасцю формы» – сціпласць, некрыклівасць, нявычварнасць, няздольнасць лезці на прэзент. І ў гэтым была асаблівасць зместу – асаблівасць беларускага нацыянальнага характару, якім спакон веку ганарыліся. Аснова нашай нацыянальнай паэтыкі – тут: глыбіня пачуццяў, перажыванняў, дум – і прастата, сціпласць, «сарамлівасць» формы. Успомнім самых вялікіх з пантэона: Дунін-Марцінкевіч, Багушэвіч, Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі, Чорны, Куляшоў, Мележ… У апошні час мелі месца патугі падтачыць і расхістаць гэтыя асновы нацыянальнай паэтыкі. Напрыклад, у паэзіі – зрабіць стаўку на крыклівасць, экстравагантнасць вобраза, на прэтэнцыёзную словатворчасць, іначай – на аглядку «изящно ли пляшу я». Тут ужо пра «сарамлівасць формы», а значыць і характару, гаварыць не прыходзіцца. У выніку, глыбокі, сапраўды народны паэт Аляксей Пысін і пры жыцці і пасля смерці – у цяні (на ганьбу ўсім нам!). Пры гэтым звернем увагу, што ў абарону крыклівай, нясціплай формы бяруцца сродкі выпрабаваныя і дзейсныя: абвінавачванне ў нацыянальнай замкнутасці і замшэласці, у адгароджванні ад сусветнай паэтычнай культуры, ад вятроў часу. О, як гэта дзейнічае на кволых, на наіўных і прастадушных! Хто ж гэта хоча заставацца «ў хвасце прагрэсу»? Прыклад паэта сусветнай культуры Багдановіча пад увагу не бярэцца. Як і нічога не бярэцца. Таму што задача занадта ясная і неадступная: расхістаць асновы нацыянальнай паэтыкі! Любымі спосабамі!.. Любой цаной!..
1990