Читать книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч - Страница 27
Запісы розных гадоў
Гэта вырашыў сам Бог…
ОглавлениеКалі ласка, таварышок: будзем тут жыць на роўных. Толькі не дыктуй мне. Бо ты прыехаў сюды колькі гадоў назад і заўтра можаш паехаць адсюль (ці мала прычын для гэтага, ну, скажам, недзе людзі жывуць лепш), а я тут жыву – паўтараю: а я тут жыву ўжо тысячу, а можа, і больш за тысячу гадоў і нікуды адсюль паехаць не змагу – ніколі! Паміраць буду ад голаду, ад пакут, ад роспачы, але не паеду, бо калі паеду, з’еду, уцяку я – тады канец, бо павінен быць хоць адзін, хто не ўцячэ – каб усе іншыя нашы суродзічы паверылі ў нашу праўду, усе, што жывуць тут, на роднай зямлі, таксама тысячу гадоў. І не ў тым рэч, што мне адведзеная нейкая асобая місія, зусім не ў тым. Я, можа, самы звычайны, самы шараговы жыхар краіны, але я той, што не з’едзе адсюль ніколі, той, што будзе жыць і працаваць, колькі Бог дасць здароўя, тут і толькі тут! Чаму? Не ведаю? Гэта не мне рашаць, гэта вырашана для мяне. Гэта вырашыў за ўсіх нас Бог – калі займаўся рассяленнем людзей на зямлі і даваў запавет, каб не дурнелі і не ператвараліся ў быдла мы.
1987