Читать книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч - Страница 41

Запісы розных гадоў
Рабочы момант

Оглавление

Больш чым хто пішуць лісты ў ВС РБ ветэраны вайны і працы. Вось і сёння мне як старшыні Камісіі па адукацыі і культуры паклалі на стол цэлы стос іх лістоў. Усе лісты поўныя гневу і абурэння. Чым абураюцца паважаныя пажылыя грамадзяне Рэспублікі? А вось чым: «Спыніце разбэшчванне чалавечых душ! Чаму кінапракат ва ўсё большых памерах закупляе нізкапробныя замежныя фільмы, якія прапагандуюць самыя брыдотныя пачуцці, прапаведуюць амаральнасць, жорсткасць, гвалтаванне, цынізм?»

І які ўжо раз адказваю: шаноўныя ветэраны! Камісія ВС неаднойчы прад’яўляла гэта патрабаванне Кінапракату, спецыяльную пастанову прымаў Прэзідыум ВС. Але ўсё – як гарохам аб сцяну. Чаму? А ўсё па той жа прычыне: Кінапракат, як і многае-многае іншае, у руках людзей, абыякавых да маральнага здароўя нацыі. Што будзе з нашым народам, які будзе яго лёс, яго менталітэт, што будзе з яго культурай, з яго духоўнасцю, – іх не турбуе. І так будзе да таго часу, пакуль дзяржаўная ўлада будзе ў руках ворагаў беларушчыны. Выберыце ў ВС і ва ўсе іншыя органы ўлады людзей, якім баліць душа і сэрца за Беларусь, за лёс народа Беларусі – і вы ўбачыце: вельмі хутка наступяць добрыя перамены і ў гэтай сферы – як і ва ўсіх астатніх. Гаспадар-патрыёт не дазволіць, каб Кінапракат нявечыў-калечыў душы яго дзяцей, нашай моладзі.

Усё сказанае датычыць і праграм тэлебачання.

1995

У віры быцця

Подняться наверх