Читать книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч - Страница 36
Запісы розных гадоў
А з чаго ўсё гэта пачалося?
ОглавлениеШто – «усё гэта»?
Тое, што кончылася распадам.
Усё пачалося з мовы. Дакладней – з гвалту над мовамі народаў СССР. Бо самае балючае – глядзець і думаць: гібель, гібель, гібель будзе нам, калі не ўратуем мову!..
Так, пачалося з ігнаравання права народаў на сваю мову, на свой голас у свеце. З наступлення ботам на горла і ўдушэння мовы.
Ад дабра дабра не шукаюць. Уявім сабе: нас паважаюць. Мы – сапраўды суверэнная рэспубліка, гаспадары на сваёй зямлі. У нас пануюць свае традыцыі і звычаі, свае формы гаспадарання, свае промыслы і рамёствы. І – свая мова, свая культура. Мы вывучаем і ведаем сваю гісторыю. Ведаем усё добрае пра сваю краіну і народ і маем магчымасць паказаць гэтае добрае ўсяму свету, паганарыцца гэтым перад людзьмі – як усякі гаспадар сваёй гаспадаркай, сваімі набыткамі, сваім талентам і найперш, вядома, сваімі дзецьмі. На душы ў нас ад гэтага лёгка і хораша, хораша і лёгка!..
Уявілі? А цяпер азірнемся на пражытае. Мы былі на сваёй зямлі гаспадарамі? Дудкі! Прыязджаў з цэнтра чыноўнік і тыцкаў пальцам: «Вось тут будзем размяшчаць нашы вытворчыя сілы, тут пачынайце будаваць хімічны завод. Пляваць, што гэта ў вас бабровы ці які там яшчэ прыродны запаведнік – будуйце! Спецыялістаў прышлем. Дырэчы, іх жонак уладкуйце на працу ў школу ці ў ДК, дзеля чаго і школу і ДК перавядзіце на «русский язык», бо яны вашага, тутэйшага балакання не вучылі».
Дык чаго ж здзіўляцца, чым кончылася тое, што пачалося з мовы?..
1992