Читать книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч - Страница 30
Запісы розных гадоў
Наша нацыянальнае няшчасце
ОглавлениеСын беларускай вёскі Адам Бабарэка, маючы дваццаць гадоў, уступіў у Чырвоную Армію, каб змагацца за свабодную савецкую Беларусь. Трапіў у палон да акупантаў, і яму на спіне выразалі чырвоную зорку. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны стаў вядомым паэтам, празаікам, і асабліва высокі аўтарытэт у чытачоў набыў як літаратурны крытык. Да яго голасу прыслухоўваліся калегі, маладыя паэты і пісьменнікі. Ён быў адным з заснавальнікаў літаратурнай суполкі «Узвышша», быў самым блізкім сябрам У. Дубоўкі і Я. Пушчы.
Сын беларускай вёскі Пятро Глебка, на шэсць гадоў за Бабарэку маладзейшы, зарэкамендаваў сябе таленавітым паэтам (зборнік «Шыпшына», 1926), быў побач з Бабарэкам ва «Узвышшы». А ў 1931 годзе публікуе артыкул «Нацдэмаўшчына, замаскаваная марксысцкай фразай» («Узвышша», 1931, № 2), гэта – пра Бабарэку. Працы Бабарэкі ён пагардліва абзывае «практыкаваннямі ў літаратуразнаўстве», з якіх «тхне заядлым нацыянальным дэмакратызмам», аўтар якіх «імкнецца зацямніць клясавы змест» літаратуры. Іранізуе з думкі Бабарэкі, што «беларуская савецкая літаратура працягвае слаўныя традыцыі Багушэвіча і «Нашай нівы». А думкі-то справядлівыя!.. І іронія тут не да месца.
Вось такія былі нашы літаратурныя, дакладней – нашы нацыянальна-патрыятычныя справы на пачатку 1930-х. Наша нацыянальнае няшчасце. Лепшых натраўлялі на лепшых.
1990