Читать книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч - Страница 29
Запісы розных гадоў
Бог так распарадзіўся!
ОглавлениеЦі можна яднацца – без яднання песень рускіх, украінскіх і беларускіх? Глыбока ўпэўнены, што немагчыма. Вы слухалі канцэрт, дзе разам, адначасова, з рускімі гучалі песні ўкраінскія, беларускія? Я слухаў шмат-шмат разоў і пакуль буду жыць – буду слухаць з вялікім хваляваннем заўсёды. Не ўяўляю, каб разумныя, маральна выхаваныя і эстэтычна неглухія людзі адлучылі ўкраінскія і беларускія песні ад рускіх у такім канцэрце. Адлучыць, вядома, можна, і канцэрт быў бы выдатны і без украінскіх і беларускіх песень, але гэта могуць зрабіць не самыя разумныя і не самыя мудрыя людзі. Бо сотні тысяч людзей, якія слухалі канцэрт, сказалі: Божа! Як добра, што прагучалі і ўкраінскія і беларускія песні! І якое шчасце, што яны, поруч з рускімі, будуць заўсёды!..
Стоп! Хвіліначку! Хто сказаў: яны будуць заўсёды? Вы сказалі? А вы ўпэўнены ў гэтым? Упэўнены? Дык вось запомніце, калі ласка. Цвёрда запомніце! Яны будуць датуль, дакуль будуць на зямлі ўкраінскі і беларускі народы, дакуль будзе стварацца іх духоўная культура, а гэта значыць – пакуль будуць жыць украінская і беларуская мовы. Толькі так і толькі так! Запомніце! Рускі народ гэткіх геніяльных украінскіх і гэткіх геніяльных беларускіх песень не складзе! Бог так распарадзіўся – адвеку і навекі! Бо ўжо ніхто Божую задуму перайначыць не зможа. Рускі народ складзе свае новыя геніяльныя песні – рускія, але ўкраінскіх і беларускіх не складзе ніколі.
1988