Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 2
1. Казка пра Члiпеня i Злiпеня
ОглавлениеАўторак. Ты выходзiш на вулiцу, каб iсцi на працу, i раптам бачыш натоўпы i сцягi. Тутака ты i даведваешся, што ёсць такi Злiпень. Аказваецца, яго ўсе любяць i шануюць. Куды не кiнеш вокам – паўсюль плакаты пра Злiпеня. А калi ў цябе кепска са зрокам, тады табе праз гучнагаварыльнiкi распавядуць пра Злiпеня. Ты зразумееш, што нiчога не зразумеў. Але ты паверыш, што ў Злiпеня можна верыць, бо тысячы i тысячы людзей будуць iсцi са сцягамi i шарыкамi. І ксяндзы ў пурпуровых шапачках будуць iсцi, i амерыканскi амбасадар будзе ехаць у чорнай машыне, i генералы будуць пазвоньваць залатымi ордэнамi, i дзецi будуць памахваць кветкамi, i прэзiдэнт будзе ўсмiхацца тым дзецям. І ты захочаш быць разам з усiмi, i нават паспрабуеш сказаць добрыя словы пра Злiпеня. Толькi язык твой – вораг твой. Замест «злiпень» ён скажа «злы-пень». І ты прыкусiш язык свой, i цiха пойдзеш на працу. Там ты сядзеш на канапу i прыдумаеш сабе свята Члiпеня, ты прызначыш сабе iндывiдуальнае свята. І ты падрыхтуешся, i адсвяткуеш яго ў сераду.