Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 8

7. Чорныя крылы

Оглавление

Выходжу ў двор i на поўныя грудзi ўдыхаю п’янкае восеньскае паветра. Такое адчуванне, нiбыта я, не адрываючыся, выпiў шклянку яблычнага вiна. Іду пад залатымi каштанамi паўз блакiтныя дамкi-вагончыкi будаўнiкоў. У маiм двары дабудоўваецца вялiкi дом, палова двара пазастаўляна гэтымi вагончыкамi-дамкамi. За адным з iх i бачу пару вялiкiх Чорных крылаў. Бяру левае крыло, прымерваю. Крыло сядае на руку, як маё. Узмахваю. Бог мой, якое шчыльнае паветра! Як шархацяць пёры ў той дрогкай шчыльнасцi! Слоў няма… Спрабую прымераць-прыладзiць правае крыло, а яно – чужое. Не падыходзiць яно, а я не адступаюся. Тут голас: «Нiчога ў цябе не атрымаецца з Чорнымi крыламi!!!» Уздымаю вочы. На будаўнiчым буданчыку сядзiць чорт. Апранахi скураныя з безлiччу замкоўмаланак, чаравiкi важкiя, рогi залацiста-лакавыя, скронi паголеныя, вочы чорна-сiнiя, твар сур’ёзны. Злосць мяне ўзяла: «Ідзi ты да д’ябла!!!» І прапаў чорт разам з Чорнымi крыламi, адно боль застаўся ў маёй правай руцэ, нiбыта я яе чымсьцi намуляў.

Крутагорскія казкі

Подняться наверх