Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 3
2. Казка пра Чарнату i Бiблiятэку
Оглавление«Гульнi з вечнасцю скончылiся…» – так падумала сама сабе Бiблiятэка. Яна састарэла. Пыл накрыў яе кнiгi. Папера зжоўкла. Бiблiятэкары пасыходзiлi на пенсiю. Памяшканне зачынiлася. Бiблiятэка засталася ў самоце. Яна спрабавала нешта-нейкае чакаць, але нiчога не праглядалася нi ў блiзкай, нi ў аддаленай перспектыве. У будучынi бачылася адна Чарната. Раней Бiблiятэка любiла Чарнату, калi тая цiшком прыходзiла ўначы. Цяпер, калi Чарнаты стала шмат, Бiблiятэка ставiлася да яе з насцярогаю i недаверам. Толькi, акрамя Чарнаты, у Бiблiятэкi нiкога не засталося. Таму i размовы даводзiлася весцi з Чарнатою, каб хоць словы не пазабывацца. «Спiш?» – спытала Чарната. «А што рабiць?» – «Несцi святло. Ты мусiш несцi асвету! Наканаванасць твая такая…» – «Як i каму я павiнна несцi святло, калi нiхто не разгортвае маiх кнiжак?» – «Ты павiнна гарэць i ззяць!» За такую жорсткую прапанову Бiблiятэка пакрыўдзiлася на Чарнату. Крыўдавала яна доўга, але нарэшце пагадзiлася з Чарнатою. Бiблiятэка гарэла цяжка i доўга. Яна гiнула ў зыркiм полымi. Яна пакутавала, знiкала i радавалася свайму светладайнаму знiкненню. Бiблiятэка згарэла, i Чарната яе шчыра аплакала i ў тым плачы сказала: «Гульнi з вечнасцю твае толькi пачалiся, мая ты Бiблiятэка…»