Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 6
5. Атут i Атам
ОглавлениеАтут забiў Атама, забраў ягоныя грошы i пайшоў да дзевак. Дух Атама не скарыўся i не прыняў лёс пакутнiка. Ён паўстаў з мёртвага цела, пайшоў за сваiм забойцам, выбраў самую вiдную з дзевак i ўсялiўся ў цела яе. Атут запрапанаваў самай вiднай патанчыць. Тая затанчыла яго да паўсмерцi, а натанчыўшыся, зацягнула Атута ў ложак. На шаўковай прасцiне дзеўка залюбошчыла забойцу ўканец. Дух Атута паўстаў з залюбошчанага цела, каб адпомсцiць распуснай дзеўцы за гвалтоўную смерць сваю. Паўстаў дух Атута i пабачыў дух Атама. Пабачыў ён дух ахвяры сваёй i адчуў сорам за ўчынак свой. Атут пачаў каяцца i прасiць прабачэння. Але дух Атама не прыняў прабачэнняў i раскаянняў таксама не прыняў. Ён павярнуўся спiнаю да ката свайго i сышоў у светлае нiкуды. Атут застаўся ў цёмным i ледзяным нiдзе са злачынствам сваiм.