Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 5

4. Чырвоныя яблычкi-1

Оглавление

У мястэчку жыла старая па мянушцы Крывая Бяроза. Яна магла хадзiць пад зямлю. Нiхто не ведаў, як тая Крывая Бяроза заходзiць пад зямлю i выходзiць з-пад яе, але некаторыя на свае вочы бачылi тое дзiва, ну а чулi пра яго ўсе. Мястэчка не любiла Крывую Бярозу, ды толькi тая не пераймалася з-за такой драбязы, як нянавiсць. Яна лiчыла, што нянавiсць да яе паходзiць ад чорнай зайздрасцi, бо i напраўду ёй моцна зайздросцiлi. А зайздросцiлi ёй, бо жыла Крывая Бяроза заможна. Пра такiх кажуць, што iм чэрцi грошы носяць. Толькi грошы i золата Крывая Бяроза выносiла з-пад зямлi сама. Там, пад зямлёю, яна наведвала мерцвякоў i частавала iх райскiмi яблычкамi. А за тыя яблычкi мерцвякi аддавалi ўсё: яны аддавалi i грошы, i золата, i праклятыя падземныя скарбы. Яны аддавалi Крывой Бярозе ўсё чыста, бо верылi ёй. А яна казала iм, што райскiя яблычкi не простыя яблычкi, а не простыя яны, бо выраслi не ў звычайным местачковым садзе старой кабеты, а ў сапраўдным Раi тыя яблычкi налiлiся чырванню. Мерцвякi елi Чырвоныя яблычкi i марылi пра светлы Рай. Яны спадзявалiся на Рай доўга, пакуль свежы нябожчык не расказаў iм пра вялiкi дом Крывой Бярозы. І здагадалiся мерцвякi, што дом той збудавала Крывая Бяроза за iх золата. А яшчэ яны зразумелi, што нiколi не трапяць у сапраўдны Рай. Яны азлiлiся на крывую старую i хацелi парваць яе на кавалкi, ды яна паспела выйсцi з-пад зямлi. Тады мерцвякi сталi чакаць смерцi Крывой Бярозы. Яны спадзявалiся, што раней цi пазней яна ўсё адно трапiць пад зямлю. Марныя былi спадзевы, бо абачлiвая старая напiсала запавет, у якiм казалася, што цела яе мусяць спалiць, а жменьку попелу мусяць высыпаць пад райскую яблыню, якая родзiць салодкiя, як мёд, чырвоныя яблычкi.

Крутагорскія казкі

Подняться наверх