Читать книгу Крутагорскія казкі - Адам Глобус - Страница 9

8. Рыжы кот

Оглавление

Мужчына ўсунуў жанчыне ў рот палец. А тая ўзяла ды пракусiла яго. Чаго толькi не здараеццца падчас гарачых любошчаў.

«Што я жонцы скажу?» – заныў падкалечаны каханак. «Скажаш: ваш Рыжы кот хапануў!» – каханка хутка знайшла выйсце. Мужчына так i зрабiў. Жонка, не вагаючыся, прапанавала забiць ката. Муж спрабаваў абаранiць нi ў чым не вiнаватую жывёлiну, але не змог. Жонка занесла ката да ветэрынара, i той яго ўсыпiў. Выпручаны труп паклаўся ў скрынку з-пад ботаў i закапаўся каля сметнiка. Здавалася, гiсторыi канец. Ды не… У самую чорную сярэдзiну ночы кот-нябожчык выпаўз з каробкi, прыбег да сваiх былых гаспадароў i перакусiў гаспадынi сонную артэрыю. Гаспадар прахапiўся ад перадсмяротных енкаў i спрабаваў злавiць Рыжага, але кот уцёк. Ён не наталiўся адным забойствам, ён прабраўся ў кватэру iлжывай каханкi i перагрыз ёй белае горла. На гэтым кату можна было б спынiцца, але ён не спынiўся. Ён разгульваў у свеце жывых i назiраў, як мужчыну арыштавалi i абвiнавацiлi ў падвоеным забойстве, як суд прызнаў яго вiнаватым у жорсткiм злачынстве. Толькi калi мужчыну пакаралi смерцю, Рыжы кот вярнуўся на сметнiк, залез у каробку з-пад ботаў i салодка заснуў з пачуццём выкананага абавязку.

Крутагорскія казкі

Подняться наверх