Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 10

Раздзел І. Святло загадкі
Наіў міласэрнасці

Оглавление

Хаця… Прыехаў у іх клас Віця Собалеў. З Севастопаля. З сям’і, мабыць, не багацейшай за сям’ю Драбышэўскага. Дана зразумела гэта, калі Валера Чыкала, сын вайскоўца, амаль што выдатнік, прыйшоў, парыпваючы новымі чаравікамі, а Драбышэўскі зрабіў з таго рыпу падзею, дык неяк адразу высветлілася, што Віця старанна хавае пад лаву свае ногі ў нечым цыравана-латаным. І што чорная яго суконная гімнасцёрачка (яна нагадвала гімназічную форму) – таксама цыраваная на локцях. Але Віця быў упэўнена-спакойны, амаль заўсёды ніжэй за адзнаку «выдатна», як і ўладальнік новых чаравікаў, не апускаўся.

Увогуле-то ўсе яны мелі амаль што аднолькавы шык. І хлопцы, і дзяўчаты – у фуфайках, якія зваліся чамусьці футболкамі, фланелевых ці вельветавых. Усе – зімой у валёнках з галёшамі. Хлопцы – як хлопцы – у нагавіцах, а дзяўчаты ў форменных сукенках, карычневых ці сініх з белымі каўнерыкамі, чорных фартушках і – дзе ж было ўзяць цёплыя панчохі ці гетры? – усе спрэс у шараварах: сацінавых, байкавых, вельветавых. Пасляваенная школьная дэмакратыя. І яны ўсе былі ў той уніформе: і дачка першага сакратара райкама Ларыса Бандарэнка, і Галя Каспяровіч, бацька якой рабіў на электрастанцыі, і яна, Дана.

Ці было гэта справядліва? У кожным выпадку – не было зайздрасці. Не было бегу навыперадкі. Яны былі паза прывілеямі. Па-за рэчавай мітуснёй. У іх проста быў нейкі абутак. І адзетак. Калі Дане справілі бела-чырвоную сукенку: белыя крэпдэшынавыя рукавы і манішка, а ўсё астатняе – чырвоная воўна, а да таго яшчэ і шыкоўныя чырвоныя басаножкі на венскім абцасіку, Дане было няёмка. Яна выдзялялася з усіх. «Заможнасць» прыціскала яе. Нават заахвочваючае Ірчына: «Ой, вось бы табе зараз у Мінск! На праспект!» – неяк не давала настрою. Белая варона.

Яны праглі справядлівасці. Меліся быць міласэрнымі. Хаця само тое слова не было ў цане.

Яны праглі актыўнай дзейнасці. Тым часам прачыталі «Цімура і яго каманду» і «Як гартавалася сталь». І хацелі свае высакародныя памкненні ўвасобіць у канкрэтных учынках.

Трэба ствараць суполку. Першы збор быў прызначаны ў Галі Каспяровіч. Яна жыла наўпрост на электрастанцыі, у маленькім пакойчыку, дзе месціліся яе бацькі і двое дзяцей, малодшых за яе. Аднак удзень дарослых не было, ды і малых звычайна да вечара адводзілі ў садок. І ў Галінай хаце былі дзве прыцягальныя рэчы: радыёпрыёмнік і радыёла. Прыёмнікі былі ў многіх, радыёла была прыналежнасцю адметнай. А планы ашчаслівіць, ну, не так каб усё чалавецтва, але ўсіх нямоглых акругі неверагодна супадалі, як ім здавалася, з хрыплаватымі галасамі Бернеса і Уцёсава. «А помирать нам рановато, есть у нас ещё дома дела», – пэўніў адзін. «В этом доме пустом мы танцуем вдвоём, ну, скажите хоть слово», – сцішана прасіў другі. Тэарэтычная частка наконт вялікіх учынкаў міласэрнасці была адпрацавана дасканала, але на практыцы здзейсніць подзвігі ананімна, інкогніта ім не ўдалося. А менавіта ж так рабіла ўсё каманда Цімура. Слоўцы гэтыя – «ананімна» і «інкогніта» – усім падабаліся, прынеслі іх Валера і Віця, вымаўляліся яны з адчуваннем уласнай – хай сабе запазычынай – інтэлектуальнай вагі.

Ну, а калі цэлы гурт падшыванцаў з’явіўся з прапановай прынесці вады і дроў адной апекаванай, дык яна, разліўшы з перапуду ваду з вядра, ляснула веснічкамі перад іх носам, а ўжо з ганка перапалохана паабяцала давесці да ведама ў школу. Гэта і зусім рушыла іх планы.

Пазней, калі Дане даводзілася чытаць з’едлівакрытычныя заўвагі наконт тэорыі малых спраў, яна згадвала іх няўдалы дзіцячы вопыт. Але ніколі не пагадзілася з марнасцю тых малых учынкаў. Часам прынесці каму хлеба і слоік малака дае куды больш карысці, чымся высокія тэарэтычныя памкненні і словы, словы, словы… «Любіць чалавецтва лягчэй, як зрабіць дабро суседу», – Рыгор Скаварада меў рацыю. Дана ў сваім жыцці сустракала столькі гарачых барацьбітоў, змагароў, трыбунаў, палымяных прамоўцаў – і так мала проста прыстойных людзей… І чамусьці заўсёды інтарэсы груповак выдаваліся за інтарэсы прагрэсіўнага чалавецтва, а сябра абявязкова выдавалі за вялікі талент. І перспектыўна патрэбную асобу абавязкова рабілі незвычайна даравітай, імя прыгадвалі пры выпадку і без асобай патрэбы – і ўсё спадала ў нябыт, калі раптам асоба знікала са сваёй службовай арбіты ці зусім пайшла з жыцця. Тут, праўда, здаралася і іншае. Памяць пра істоту часам пачыналі любіць, абагаўляць, рабіць рэальнае з неіснуючага.

Тады… Тады ў іх была нагода прыходзіць да Галі. Не абы-што – збор цімураўцаў. Іх было некалькі чалавек. Таямніца захоўвалася шчыра і старанна. Яны адчувалі на сабе гэты водсвет патаемных добрых спраў – не мела значэння, што больш прывідных, – і, як матылькі на агонь, ляцелі на гукі радыёлы. Тым часам у Галі з’явіліся новыя пласцінкі.

І – ці то анёльскі голас Леакадзіі Масленнікавай паўплываў, ці то Шульжэнка так чароўна маханула знакамітай сіняй хустачкай, але 5 «В» вырашыў перайсці на тактыку асобных учынкаў. Бачыш – трэба дапамагчы, дапамагай. «А потым – справаздачы на зборы атрада», – вякнула было Алка Паравая, але яе зашыкалі і засмяялі. Губляецца ж увесь сэнс. Яны павінны рабіць дабро – пакрыёма. Так, як рабіў Цімур. Ці Робін Гуд. 5 «В» быў пад уражаннем трафейнага фільма пра героя Шэрвудскага лесу.

Потым і гэтая задума, як большасць высакародных задум… не тое каб зусім не спраўдзілася, але неяк зачаўрэла. Ці то ў Галі не з’явілася больш новых пласцінак, ці то бацькі даведаліся пра зборы і яны ім не прыйшліся даспадобы. Ці то з прычыны ад’езду галоўных завадатараў – Собалева і Чыкалы. Ці, можа, з натуральнай прычыны – дабро неабавязкова рабіць гуртам. Можна і паасобку.

У святой краіне выгнання

Подняться наверх