Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 4
Раздзел І. Святло загадкі
Душа рэчаў
ОглавлениеЗ ранку да вечара маці была ў судзе. А людзі па звычцы заходнікаў ішлі любым часам і дахаты. «Пані адвакат, маю да Вас інтэрас». З таго «інтэрасу» маці рана займела гіпертанію. «Святар, лекар і адвакат не маюць права адмовіць, калі іх просяць», – прамаўляла яна. Грошы ад таго таксама не вяліся. Што? Яна?! Па-за працай будзе браць ганарар? З каго? Маці прыгадвала які выпадак з практыкі. Як хлопчык ухапіў бохан хлеба са стала гаспадыні, дзе рабіла яго маці: у сваёй хаце з голаду заходзіліся плачам тры малодшыя дзяўчынкі.
«Грамадзяне-суддзі, пашкадуйце мяне, як я пашкадаваў сваіх сястрычак», – даводзіў ён у сваім «апошнім слове».
Маці абуралася: «І я буду браць грошы?» І ехала з апеляцыямі ў абласны суд і ў Мінск – у Вярхоўны суд. «Паводле 55-га» – быў такі артыкул у кодэксе. У перакладзе на мову звычайную гэта мела на ўвазе: без грошай, без ганарару.
Да працэсаў маці рыхтавалася, як да экзамену, – не, як да прэм’еры, бенефісу. Штудыявала матэрыялы справы, чытала прамовы Цыцэрона, Коні, Плевака, Спасовіча, Аляксандрава, Карабчэўскага… Згадвала вершы – паэзію вельмі любіла, да прозы ставілася досыць прахалодна. Пакрыёма цытавала Біблію.
Маці мела поспех і кліентуру. Ездзіла і ў Баранавічы, і ў Ліду, і ў Дзятлава, і ў Гродна. Тамтэйшыя юрысты меркавалі, што па справах непаўналетніх у іх калегіі адвакатаў ёй не было роўных. Тое ж пацвярджаў Яша Найман з суседняга класа. Яго меліся судзіць за крадзеж зброі – і Яша скрушна згадваў: «Ледзь было не расказаў усё. Ну, умее…»
Адзетак быў на маці заўсёды што з голкі зняты. Чорная спадніца, белая шыфонавая блузка з нейкімі выштукаванымі складкамі. Або строгая ліловая сукня з крап-саціну. І яшчэ нейкія строгія бэжавыя, шэрыя, белыя, бэзавыя – заўсёды аднакалёрныя – строі. І самы прыгожы, на погляд Даны, гарнітур: шыфонавая чорная сукенка з набіўнымі, далікатнага абрысу кветкамі – і белае паўпаліто з воўны. Паліто называлася труакар. Заўсёды высокі абцас, панчохі, нават калі ўсе млелі ад спёкі. «Суд – установа сур’ёзная», – мелася тлумачыць маці. Учасанне ў яе было не падобнае ні да кога. Як на здымках і карцінах канца – пачатку стагоддзя: высока паднятыя, забраныя з усіх бакоў валасы, адзін да аднаго. Божа барані, аніякіх свавольных кудзерцаў.
Дану маці прымушала плесці косы, каб аж валасы трашчалі, ніякіх гарэзлівых пасмачкаў; на патыліцы снежна-белыя банты.
Усё павінна было, паводле ўяўленняў Вольгі Станіславаўны, блішчаць і зіхацець – вопратка, хата, бялізна. Маці не давала фарбаваць падлогу – яе мылі гарачай вадой з мылам і драцяной шчоткай. Чатырнаццаць вёдраў на другі паверх, чатырнаццаць – назад. Бялізну, абрусы, сурвэткі маці мыла сама, устаючы гадзіны ў чатыры раніцы. Была ў іх хатняя гаспадыня. Але Ніна глядзела на патрабаванні абсалюту як на дзівацтва пані – а хай яна спрахне, тая бялізна. Калі толькі надыходзіла пара мыць, Ніна пачынала, як цяпер кажуць, гнаць карцінку прыгнечанай істоты. «Увесь свет насілля мы разбурым…» Ніна ляпала дзвярыма, грукацела вёдрамі, у яе псаваўся настрой, і яна з пакрыўджаным выглядам пазірала, як яе пані ўвіхаецца каля балеі і падкідвае ў печ дровы. Няхай гаспадыня сама таго шыку дабірае. І калі пані, засопшыся, прасавала сукенку і прыбірала ліхаманкава валасы, каб паспець у суд, Ніна касавурылася і чакала яе адыходу. І калі ўрэшце пані адвакат бегма бегла ў суд, Ніна здымала бак з бялізнай з печы, падкідвала дровы – хай сабе гараць, вунь колькі бярозы назапашана – і клалася падрамаць на сваю канапку. Потым шла «правіць візіт» да Палонскіх, што жылі насупраць. Потым варыла – дзень пры дні, лета, восень, зіму, весну – кіслую капусту. І, прыйшоўшы з працы, маці пачынала з таго, на чым прыпынілася а палове на восьмую. Пра дапамогу Даны пакуль што і гаворкі не было. «Рукі як граблі», – Нінчын прысуд быў канчатковы і безапеляцыйны. А маці – проста шкадавала дачушку.
Стомленая, спрацаваная, маці рабіла пад добрую ноч. Назаўтра, недзе як паласкаць бялізну – рабілі гэта каля студні, на вуліцы, у Ніны выпраўляўся настрой, і яна ўсчынала такую энергічную беганіну, што памосціны лесвіцы стагналі, нібыта выконваў практыкаванні звяз салдат. Паласкаць, развешваць, пільнаваць бялізну – о, тут аказваўся непадробны імпэт. А яшчэ большы энтузіязм граў у жылах Ніны, калі яна пякла пірагі і булкі. Асабліва як гаспадыня была дзе-небудзь у камандзіроўцы. Пірагі ў Ніны былі смачныя – тут яна і гаспадыні не саступіла б, у яе вучылася. І цэлая лаганка печыва вандравала праз дарогу да Палонскіх. Ніне падабалася заскочыць да іх, перакінуцца словам, да таго ж да іх часам наязджаў пляменнік з Рыгі, і Ніна мела на свае мыслі пэўную надзею. Валік з Брацянкі называў сябе на тамтэйшы балцкі лад Валдысам, печыва цаніў, але з’ехаў – ні пылу, ні следу. А Ніна доўга яшчэ бегала з булкамі да суседзяў. І дзьмулася, як толькі надыходзіў дзень мыць бялізну. Ці парадкаваць хату.
А хата… кватэра – была для маці яе крэпасцю, яе кастэляй, яе рэальным апірышчам, набыткам, гонарам, прытулкам не толькі целу, а і душы. Тры светлыя, прыгожыя пакоі. Напачатку і маці, і Дана спадзяваліся, што адзін, асобны, будзе або кабінетам маці, або пакоем Даны. Але такія вольнасці былі не ў пашане, і маці аддала гэты асобны пакой удаве Луізе Генрыхаўне. І засталіся два сумежныя і кухня – агульная, але метраў пад трыццаць, з двума вокнамі, з вялізнай печчу і гэткай духавой шафай – хоць ты сам у яе садзіся. І пакоі – святліцы, з тым самым відам на замак. Два акны і гаўбец – у адным, шырокае акно – у другім. Прыгожыя кафлянкіпечы. Шафы для кніг, дубовая шафа для адзення. І – гонар Вольгі Станіславаўны, гасцінны гарнітур – дзве вузенечкія высокія шафы, між імі зялёная канапка, а над ёю – авальнае люстра. І высознае, пад самую столь, люстра ў аздобе з чырвонага дрэва. Яны знайшліся недзе на хутары. Легенда, а не мэбля.
Маці выправілася неяк у камандзіроўку, на паказальны працэс у вёсцы. Стала на кватэру ў самотнай, статэчнай жанчыны. Калі вячэралі, тая аднекуль дастала фоткі – ці не ведаеце? У маці мову адняло. Яе маладыя бацькі з незнаёмымі людзьмі. Здымак жанчына не аддала, нават адбіць копіі. А на гарышчы ў скрынях, сярод рознага ламачча, паказала разабраны гарнітур. Пылу на ім нагрувасцілася гэтулькі, што то быў ужо не пыл нават, а зямля. Грошай за схоў жанчына браць не схацела, але маці паклала нейкую суму на рахунак і завезла ашчадную кніжку. Кніжка зрабіла ўражанне.
А маці рупілася з хатай. З задавальненнем запрашала гасцей. Пэўна ж, на тую пару ў іх мясцінах мала хто мог пахваліцца такім інтэр’ерам. Маці – барані Бог – праўды нікому не аказвала, а прыдумала вельмі верагодную байку: купіла з «трафейнага» дабра. Тым больш што шафа з надпісам на дзверцах «Emil Bartel. Möbel» на самай справе была прыдбаная такім чынам.
Вольга Станіславаўна засталася задаволеная – фантастычны выпадак, нешта з былога вярнулася. Хай сабе не котлішча, але нейкае гняздзечка ёсць.
…Прыехаўшы на Беларусь напрыканцы вайны, у свой горад яны трапілі не адразу, а вярнуўшыся, з паўгода жылі ў судзе, дакладней – у юрыдычнай канторы маці. У вялікім пакоі быў пісьмовы стол і некалькі зэдлікаў – матчын «кабінет». Запавесаю з паркалю была аддзелена «кватэра»: два ложкі і стос валізак пад покрыўкай – тут табе і стол, і камода, і шафа. Урокі Дана рабіла або на стоўчыку, паставіўшы да яго маленькі нізенькі ставец, або на «камодзе». Сталаваліся зазвычай на матчыным рабочым стале, палуднавалі – што пад сігнал трывогі. Крыху зеванулі – і кліенты пачыналі барабахаць у дзверы.
Увогуле суд месціўся ў катэджы, дзе да вайны, да 39-га, «за польскім часам», жыў адзін з тутэйшых адвакатаў. Іх было ці не дванаццаць. Горад быў цэнтрам ваяводства. І, дарэчы, амаль усе лепшыя дамы належалі адвакатам і натарыусам. За лапік зямлі тым часам судзіліся ледзь не ўсё жыццё.
Цяпер у судзе на першым паверсе быў доўгі калідор, дзе заўсёды тоўпіліся людзі, налева – канцылярыя маці, направа – зала пасяджэнняў, вялізны доўгі пакой, перароблены з ранейшых двух. За ім – маленечкі пакойчык, у якім Дана ніколі не была, менавіта туды «суд накіроўваўся дзеля нарады», як абвяшчаў суддзя. Там выносілі прысуды. Маці заставалася ў зале.
«Выступленні бакоў» адбываліся тут. Маці была адным з «бакоў».
Напрасткі па калідоры быў пакой сакратарак і справаводаў – прыёмная, а па абодва бакі прыёмнай – кабінеты суддзяў, першага і другога ўчасткаў. У адзін з гэтых кабінетаў Дана ўвайшла ўпершыню толькі праз шмат гадоў – падзякаваць суддзі, што прыехаў на пахаванне маці. А тады – тады для яе надзвычай прыцягальны быў прыёмны пакой: аграмадныя шкляныя дзверы вялі наўпроста ў сад. Ці то падчас вайны разабралі веранду, ці то не паспелі пабудаваць. Гэта былі не вокны-эркеры, а менавіта дзверы, шырачэзныя, з дзвюма дзверцамі і акном пасярэдзіне. Мелася ў доме яшчэ былая кухня з печчу, на старасвецкі лад прасторная кухня. Прыстасаваць яе, дарэчы, да казённай карысці было цяжка. Усюды толькі дзверы – і адно вузкае акно на пакой метраў пад трыццаць пяць: мабыць, пан адвакат і пані адвакатова лічылі, што кухарыць можна і ў прыцемках. Дык функцыянальнага прызначэння кухня не займела і засталася, так бы мовіць, дадатковым калідорам, побач з якім быў маленькі пакойчык, што ўвесь час мяняў сваё прызначэнне, як і два пакоі мансарды.
Пракуратура месцілася асобна ў двухпавярховым будынку. Стаўленне да гэтых служак закону сярод судоўцаў было насцярожаным, а тыя, падобна, лічылі менавіта сябе асноўнымі носьбітамі ісціны і ўлюбёнцамі Феміды. Карычневы мундзір, блішчастыя гузікі і недаверлівы позірк. Пракурор з гучным прозвішчам Трубяцкі ставіўся з сумнівам нават да самой прафесіі Данчынай маці. «Вось ты, Вольга Станіславаўна, – цадзіў ён, – ты абараняла солтысаў, старастаў, розных фашыстоўцаў. Гэта таму, што не член партыі. Не разумееш, што абараняць варожы элемент – гэт-та…» Ён шматзначна падымаў палец.
У маці ўзлятала брыво, яна моўчкі адкрывала карабок «Казбека». Ведала, што людзей з НКУСа і пракуратуры лепш слухаць моўчкі.
Трубяцкі неяк увесь час стаяў на шляху Вольгі Станіславаўны. І нават калі ёй далі пуцёўку ў Кіславодск, ухапіў сабе, хаця ўрачы забаранялі – толькі што пасля інфаркту. Ён так і не паглядзеў на той Кіславодск: памёр падчас палёту…
Усё гэта толькі фіксавалася ў памяці Даны, сам Трубяцкі быў ёй чалавек нецікавы. А маці сябравала і з гэтымі людзьмі ў мундзірах. Былі ў яе сяброўкі.
Цікавы для Даны быў судовы сад. Зімовы – калі Азарэвічы толькі прыехалі, белы цалік. Судовым не было часу на шпацыры, іншыя не насмельваліся шыбаваць без дай прычыны па садзе гэтай установы. Аснежаныя прысадзістыя яблыні, зусім замеценыя кусты парэчак. А ўвесну сад рабіўся празрыста-ружовы, светлавата-зялёны, і судовыя сакратаркі, Ядзя і Марыля, хадзілі садам падчас перапынку ў працэсе. Астатнія чамусьці дымілі цыгарэтамі па сваіх пакоях – баяліся збыцца гонару, ці што? Быў адзіны выпадак-выключэнне, але гэта было пазней….
Да лета Азарэвічы з’ехалі з судовай «кватэры». Аднак сад надоўга застаўся ледзь не прыватнай уласнасцю Даны – у судовых былі свае садэ, як казалі ў іх краі, ці службоўцам было не да збору садавіны: кірмаш побач, танны, багаты. Адным словам, парэчкі і маліны з куста ела Дана колькі хацела. А парэчкі былі і белыя, і чырвоныя, і чорныя. Выбірала Дана белыя, пераспелыя, нават крыху падвялыя, салодка-кіславатыя. Яблыкі раслі тут нейкага зімовага гатунку, летам былі, што камень, Дана не вельмі давала ім рады. Удома хапала наліву і малінаўкі, штрыфелю і грабштэйну, а ўзімку – папяровак.
Так і засталося ў Даны ўяўленне пра суд як пра нешта хатняе, звычнае і – чужое. Хатняе – не так ад таго, што яны там жылі, як ад самога будынка – утульнага катэджа, разлічанага на самавітае і прыватнае жыццё. Чужое… Таму што Дана ніколі не дабрала да стадыі зацікаўленасці тым, што адбывалася ў будынку. Закон – у гэтым слове было для яе нешта далёкае і жорсткае. Суд. Прысуд. Дана ўяўляла пакаранне толькі справядлівым, але тое, што пачынаюць дзейнічаць катэгорыі свету пагрозлівага і таямніча-варожага, выдавала бояззю: кодэкс, прэзумпцыя невінаватасці, падсудны… Некага забілі, некага ашукалі, нехта рабаваў, нехта латраваў… Яна інстынктыўна адстаранялася ад гэтага. Ніводнага разу не ўвайшла падчас працэсу ў залу суда… І не ведала, што гэта было – суцэльны эгацэнтрызм ці натуральнае стаўленне натуральнай істоты?
Пазней, калі Дана ўжо толькі наязджала ў свой горад, дык не любіла прыходзіць у суд яшчэ і таму, што павінна была ўвасабляць палепшаны, квінтэзіраваны, матчын стандарт. Гарнітур, паліто, капялюш, пальчаткі – усё павінна было быць у лепшых традыцыях сям’і Азарэвічаў. «Ты памятаеш Чэхава?» І ў тэатр, і на візіт, і на службу і ўдома каля печы – трэба апранацца адпаведна – і ніякіх капотаў наросхрыст або пакамечаных спадніц. Ці аксамітавых сукенак на кірмаш – так меліся фарсіць жонкі вайскоўцаў. Праўда, памылак сваіх папярэдніц 39-га года яны не паўтаралі: тыя шыкавалі ў начных кашулях па горадзе, лічачы іх за святочныя строі. Дасюль на гэны конт хадзілі здзеклівыя анекдоты.
Дана разумела маці. Але прыязджала яна падчас адпачынку, каб мець нейкі пярэдых, і эстэтычныя катурны даставалі ёй дух. Потым яны паразумеліся – візіт перад ад’ездам. Свой час ягадзе, свой час баравіку. А да таго Дана хадзіла па хаце і ў парку, і на замку ў вузкіх нагавіцах і нейкіх блузах і свэдрах – кампрамісны варыянт: і ёй зручна, і маці не супраць.
На вакацыях і падчас адпачынку Дана прыглядалася да здымка, што быў навідавоку: бацька ў цывільным гарнітуры стаяў, абапершыся за стаяк з кветкамі; бацька ў вайсковым убранні разам з маці, а Дана стаіць паміж імі; бацька глядзіць з-пад палёў капелюша – загадкавы, таямнічы, знаёмы і незнаёмы, як герой фільма. Маці не вельмі ахвотна гаварыла пра яго. Вобраза ідэальнага бацькі і героя збройнай справы не рабіла, але нічога кепскага таксама не згадвала. Дана магла выдумляць сама… Свае ж уласныя карані маці хавала і ганарылася імі. Маці Вольгі Станіславаўны памерла, калі ёй было восем гадоў, а бацька, дзед Даны… О, дзед! Дзед прыехаў сюды разам з імі. Ці хутчэй – яны прыехалі разам з дзедам. Называлася гэта – спецыялістаў накіроўваюць на вызваленую тэрыторыю. Спецыялістам была маці. Здаецца, яе не вельмі каб хацелі сюды выпраўляць; шосты пункт анкеты не адпавядаў высокім запатрабаванням. Там стаяла: б/п, беспартыйная. Не зусім той спецыяліст.
«Недаспецыялізаваны спецыяліст», – пасміхаўся дзед. Дзед быў не проста беспартыйны. Горш – некалі сасланы. Пра тое не гаварылі нікому.