Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 21

Раздзел І. Святло загадкі
Хлеб цвярозых ісцін і водар шыпшыны

Оглавление

Экзамены давалі магчымасць падбіць рахункі. Пытанні – адказы. Урачыстая строгасць настаўнікаў.

Дана не задумвалася пра сістэму навучання, патрэбнасць ці непатрэбнасць нейкіх ведаў. Ёй падабалася размяркоўваць час так, каб, устаўшы на золаку, пасядзець са сшыткам пытанняў на лаўцы каля касцёла, хуценька прагнаць у галаве адказы, а потым цэлы дзень быць вольнай. Рэпетыцыя канікул.

А потым пайсці на экзамен – сабранай, падцягнутай, «у поўным узбраенні». Ёй гэта выдавала рэпетыцыяй галоўнага ў жыцці. І здавалася, як на экзаменах у школе, усё будзе справядліва і паводле правілаў. Пазней высветлілася, што школа – і ўніверсітэт – ці не самыя справядлівыя ўстановы на свеце. Усе маюць аднолькавыя шанцы. Усе на роўных. Без падману. У жыцці ўсё было інакш. Адным давалі аблегчаную праграму, другім – найскладанейшую. А выстаўлялі ацэнкі па адваротным прынцыпе або цягнулі «экзамен», што бойку баксёраўпрафесіяналаў: да поўнай крывавай перамогі ці паражэння. Або – расцягвалі экзамен даўжынёю ледзь не ў жыццё. Здавай – не здавай, усё застаецца на месцы. І табе задаюць бясконцыя пытанні, а адказаў тваіх не чуюць, ды і нікому не патрэбныя тыя адказы. І падазроная алгебра часу вымалёўвае формулы, якія не пацвярджаюць аніякіх заканамернасцяў. І ты аказваешся ў магічным полі будзёншчыны, дзе пануюць постаці адміністрацыйнага абсурду і хімеры канцылярскай руціны.

Там – пад аховай Анёла ў цені сваіх крылаў – усё ішло сваім парадкам. Экзамены праходзілі, як добра падрыхтаваны парад. Наступная пахвальная грамата займала сваё месца недзе ў матчыных сямейных аналах. А наперадзе былі канікулы.

…Тым летам пры школе быў так званы летні лагер. У піянерскія лецішчы атрымлівалі пуцёўкі тыя, хто быў, так бы мовіць, за пэўнай рысай матэрыяльнай неўладкаванасці. Для «заможных» зрабілі такія сходкі.

Яны прыходзілі ў «піянерскі пакой», дзе быў сцяг дружыны, бубны, горны, шахматы, шашкі. 6-ы, 7-ы, 8-ы класы. І – хто гуляў партыю ў шахматы ці шашкі, хто ішоў у бібліятэку, хто проста перакідваўся словамі. Ніякага мячыка, ані валейбольнага, ані баскетбольнага, ані футбольнага. Пару гадзін яны тут бавілі час і выпраўляліся дамоў, калі не хадзілі ў Літоўку палоць лён.

Галоўнае ж было ў перспектыве: паходы на шклозавод «Нёман» у Бярозаўку і – у Гродна і Слонім. Былі то, безумоўна, экскурсіі. Але ж яны адвольна выкарыстоўвалі значэнні слоў. Да таго ж паход – гэта гучала рамантычна, ад слова нібыта патыхала дымам вогнішчаў, пылам шляхоў прыгод, водарам невядомага. Экскурсія – тут было нешта нудотна-школьнае і нецікавае. І хаця ўсе яны зроду не былі ні на адной экскурсіі, ажно a priori адмяталі тое слова. Паход. Толькі паход.

І вось золкім ранкам, а шостай гадзіне, выправіліся ў Бярозаўку. Машыну далі мясцовыя вайскоўцы: трохтонку, мабыць, добра пабітую яшчэ на шляхах вайны, з высокімі бортамі і без аніякага брызенту. Тое, што трэба. Дана апынулася каля самай кабіны – і гэта быў край асалоды: ухапіцца аберуч за борт і адчуваць на твары вецер, а часам і «прывітанне» бяроз. «Ану-тка, песню нам спявай, вясёлы вецер…» Вецер быў вясёлы, меў вандроўніцкі, свавольны характар і відавочна сведчыў пра пачатак незвычайнай прыгоды. Вецер вандраванняў. Машына іх ляціць недзе ў плыні часу. І гэтая плынь – у водары шчаслівых выпадкаў, у яркіх фарбах быцця, у мройлівай завесі загадак.

Вытрусіўшы ўсіх іх за борт, пералічыўшы, Ніна Мікалаеўна выправілася з імі на гуту. І яны глядзелі на агонь, на плаўленае, цягучае, яшчэ не зацвярдзелае шкло, і, здаецца, мала хто ўяўляў тую прыгажосць, што атрымліваецца ўрэшце. У цэх гатовага шкла іх не вадзілі – Ніна Мікалаеўна баялася – не дай Божа, скінуць нейкі келіх. Ці ёй увогуле хацелася хутчэй паставіць чаканы «крыжык» і звесці «мерапрыемства» да той жаданай рысы, дзе яе прысутнасць будзе ўжо чыста сімвалічнай?

Увогуле чалавека, менш прыстасаванага па складу натуры да працы, якой Ніна Мікалаеўна займалася, было цяжка знайсці. Старшая піянерважатая… Хваравітая жанчына, яна баялася скразнякоў, не любіла тлуму, не ведала, што рабіць з гэтымі башавэлкамі, якія, не паспеўшы выйсці за браму гуты, паляцелі да Нёмана. Ніна Мікалаеўна відавочна пакутавала, седзячы на беразе. На яе твары было напісана: вада халодная, віры, плаваць як след ніхто не ўмее – дзе ж у іх сухапутным горадзе навучыцца? Толькі ручаіна – ногі памачыць, і то курыцы. Ды дзве сажалкі, зацягнутыя шламам; ніхто і пад прымусам туды не ўлезе.

Выручылі яе дзяўчаты, што назбіралі недзе на лугавіне шчаўя. Гатаваць абед – той кон выцягнула, безумоўна, Дана. Яна мужна ўзялася мыць шчаўе і абіраць бульбу. Хіба можна каму прызнацца, што яе да пліты Ніна і зблізку не падпускала? Усё з тым жа знішчальным прысудам: «Рукі як граблі». Але парадак працэдуры Дана назірала, асабліва як каля пліты завіхалася маці або Луіза Генрыхаўна. Бабухнула ў вар тушонку, бульбу, цыбулю, урэшце – шчаўе.

Затое вогнішча было пад неба – кастравымі былі Толя Буланаў і Лёня Латун. Нацягалі хворасту, хмызу – хоць барана засмажвай. І Дана рабіла выгляд, што ёй весела глядзець на гэтае вогнішча і ўвогуле што яна кожным днём гатуе абед: пра што гаворка. Самой працэдуры ўжывання гатаванага Дана чакала, як прысуду. Божухна мой, якая будзе ганьба! Матчына пястушка – не ўмее поліўку зрабіць! Але, падобна, ніхто не быў асабліва патрабавальным гурманам. Усё з’елі, ніхто ў Нёман не выліў. Памілавана! Мабыць, Анёл у цені сваіх крылаў паспрыяў тут, і не на жарт! У жыцці Дана навучылася пазней гатаваць неяк неўпрыкмет, сама. Набыла спрыту нават на выштукоўванні французскай кухні, але любові да гэтага занятку не займела. Хіба што на святы – але не кожным днём! І чамусьці засталося ўяўленне, што яна некага ашуквае сваім кухарствам.

Тады на Нёмане яна, адбыўшы сваю радоўку, уздыхнула з палёгкай. Зноў ладзілі вогнішча, але Лёня Латун умеў падпаліць яго так, нібыта ўсё жыццё ў лесе пражыў. Ён усё ўмеў, гэты Лёня, начальнік паходу. Быў ён на год старэйшы за Дану, але пачуваў сябе чалавекам сталым. Разоў з дваццаць падцягваўся на турніку, па бервяне спартыўным хадзіў, што па асфальце. Да таго ж насіў непадробна выцвілую бацькаву пілотку. І меў яркія блакітныя вочы. Чаму ён быў начальнік паходу, дзе і хто знайшоў такі «чын», ніхто не ведаў. Можа, быў такі рэскрыпт у Ніны Мікалаеўны? Лёню ніхто не выбіраў, але нікому і ў голаў не стрэліла б пярэчыць: ён адпавядаў сваёй «пасадзе».

І, безумоўна, яму і Дане (актывістка, выдатніца, член савета дружыны) Ніна Мікалаеўна даручыла несці нейкія пакеты на шклозавод. Яны адчувалі сябе так, нібыта ішлі немаведама з якім важным даручэннем. Нават гаварылі спачатку шэптам. Але занёсшы тыя пакеты, адчулі сябе людзьмі вольнымі. І пайшлі ўжо зусім паволі і паважна між соснамі пасёлка. Тым часам стала добра прыпякаць. А Лёня, каб напіцца, купіў збан малака. Навошта? Так прызвычаіўся? Ці хацеў выглядаць у вачах сваёй спадарожніцы самастойным чалавекам? Дана ад малака адмовілася, і Лёня стаў качаць ваду з калонкі, заліўшы з галавы да пятаў і Дану, і сябе. І потым яны, мокрыя і вясёлыя, ішлі вуліцай і ніяк не маглі спыніць свой дурны і неадольны смех. Такі смех амаль з нічога бывае толькі ў юнацтве і маладосці, потым гэтая здольнасць знікае, і ўжо назаўсёды. Ці не ва ўсіх?

І адбылося – свята? Дзіва? Будзённым днём. На звычайнай вуліцы пасёлка Бярозаўка. Крыху адстаўшы ад Даны, Лёня недзе сарваў ружу-шыпшыну і паднёс ёй. Ад нечаканасці і радасці, яшчэ немаведама ад чаго Дана залілася чырванню, мабыць, да пятаў. Гэта быў не букет, не кветкі з нагоды… Была адна пунсовая ружа. Як знак. Як сімвал. Першая кветка, паднесеная… рыцарам? кавалерам? Знак чаго? Будучага? Знак прадчування?

«Кругом шиповник алый цвел, стояли темных лип аллеи…» Калі пазней Дана прачытала гэтыя радкі, яна згадала той гарачы ліпеньскі дзень, ружу і іх – пасярод шараговага рабочага пасёлка, дзе не было ліпавых прысад. Не было нейкага знаку з нябёсаў – мабыць, Анёл у цені сваіх крылаў палічыў непатрэбным сваё ўмяшанне. Але цвіла шыпшына, і густа пахла хваіной…

А ўвечары дзяўчаты, што перайшлі ў дзявяты клас (Дана была за іх на клас маладзейшая), спявалі нейкую трывожна-незнаёмую песню: «Гвоздики алые, багрянопряные, вчера их вечером дала мне ты, а ночью снились мне сны небывалые, мне снились алые цветы любви…» А далей было нешта зусім таемнае і недазволенае (?). Дана ўжо прачытала «Рамэо і Джульету», але іх чатырнаццаць гадоў не суадносіла са сваімі чатырнаццаццю. І ёй выдавала нечым надзвычай далёкім, і таямнічым, і прыцягальным гэтае: «Мне снилось, будто бы она, усталая, склонила голову на грудь мою. И эту девушку с глазами синими, с глазами нежными с тех пор люблю». Гэта было яшчэ недзе далёка наперадзе і дражніла будучай трывогай і нечым недасягальна таямнічым.

Пакуль жа яны, падзяліўшы клас, дзе спалі, партамі, перакідваліся з той палавінай, на якой былі хлопцы, падушкамі і незабыўнымі тапкамі-гумоўкамі, смяяліся да хрыпаты, а потым паснулі на гімнастычных матах. І Дане трызніліся ў сне нейкія дзіўныя кветкі. Гваздзікоў яна яшчэ ніколі не бачыла нават на малюнку, не, бачыла ў фільме «Петэр» белыя гваздзікі ў пятлічцы, але тыя, з песні, «багряно-пряные», то было нешта зусім іншае, і Дана бачыла ў сне нейкі гібрыд шыпшыны, ружы і півоні. Такога відавочнага крыміналу, як «склонила голову на грудь мою», Дана не ўяўляла сабе ні наяве, ні нават у сне – яна ж не Бекі Тэчар, што цалавалася ў дванаццаць (?) гадоў з Томам Соерам. Аднак у яе сне, акрамя дзівосных кветак, яна бачыла Лёню Латуна… Ён быў дарослы, у нейкім прыгожым адзетку, і качаў ёй ваду з калонкі. І лілася вада – блакітная, празрыстая, чыстаячыстая… І Дана ўсё хацела ўхапіць ваду ў прыгаршчы і напіцца, а вада лілася з рук…

Колькі вады той пралілося міма рук Даны…

Ну, а ў тым далёкім часе ў Бярозаўцы раніцой Ніна Мікалаеўна пайшла па машыну. Ці то тэлефанаваць, ці то дамаўляцца. А яны спявалі, што душы заўгодна: «Па вуліцах кіруе вясёлае звяно…», «Ой, цвіце каліна», «У краіне далёкай Поўдня…»

Песенькі мелі поспех, але публіка стала нервавацца. У Лёні, у адзінага, быў наручны гадзіннік. І гадзіннік ягоны сведчыў, што сышла Ніна Мікалаеўна а дзявятай гадзіне, а зараз ужо тры гадзіны аполудні. Ніну Мікалаеўну не тое каб не любілі, аднак любові да яе не адчувалі. Вечныя недазволы, кволасць, панурасць, вечнае бурчэнне – цэлыя два дні. А тут на табе – сышла, і духу не чуваць. Дэмакратычна – не аднагалосна, але большасцю галасоў вырашылі ісці з Бярозаўкі пешшу. Нейкія дваццаць кіламетраў. Засталося некалькі чалавек. Астатнія – вырушылі. На чале з Лёнем. Безумоўна, у праходку кінулася і Дана.

Кіламетраў праз дзесяць іх дагнала машына. Можна сабе ўявіць, як нервавалася з-за іх, урвісаў, Ніна Мікалаеўна. Калі б што здарылася! У летні лагер, і, зразумела, у паход, выпраўляліся «дзеткі». Бацькі іх не парушалі незанатаваных нідзе законаў. Пуцёўкі – маламаёмасным, дзецям загінуўшых, дзецям інвалідаў. Свае дзеці – абыдуцца. Ці былі бацькі ва ўсім такія справядлівыя, хто іх ведае, ажно тут ніхто ім пальцам не змог бы тыцнуць. То з Бярозаўкі вырушылі «дзеткі» партсакратароў, старшыні райвыканкама, кампалка, ваенкама, нейкіх дырэктараў, нейкіх начальнікаў…

Ніна Мікалаеўна была абураная. Паводзінамі Лёні Латуна і Даны асабліва. І мела рацыю. Яна ім давярала. Даверыла…

Дана і адчувала за сабой правіну, і не. Занадта ж быў казытліва прывабны водар прыгоды, сапраўднай прыгоды, каб пазбыцца яе. Ну, якое ж вандраванне без неспадзеўкі! Да таго ж пасля паходу Дане сталі званіць. Увогуле ўдзельнікі паходу далі працы мясцовай тэлефоннай станцыі. Тэлефон на кватэрах у горадзе быў мала ў каго, але ва ўдзельнікаў паходу быў ва ўсіх. І акрамя ўражанняў ад першага паходу дадаўся клопат пра падарожжа будучае.

А людзі, што прыходзілі на замак, бачылі там хлопца з артылерыйскім біноклем. Гэта быў Лёня. Ён глядзеў на ваколіцы. І на дом Азарэвічаў. На Данчын балкон. Амаль як у п’есах «плашча і шпагі».

У Слонім і Гродна з імі паехала дзяўчына з райкама. Маладая, здаровая, вясёлая. «Дзеці», – гаварыла яна. І яны не крыўдавалі. Ім падабалася бадзёрасць Кацярыны Васільеўны, яе чорны бант на тоўстай касе, яе нястомленасць жыццём. Усе яны былі па-юначы жорсткія і паюначы наіўныя. Дзеці…

У Слоніме хадзілі на фабрыку кардону «Альбярцін», дзіваваліся на вербы над Шчарай, у цягніку «шпацыравалі» па паліцах вагона, не спускаючыся на падлогу – у трэцім ярусе гэта было вельмі зручна рабіць. А іх, старэйшых і вышэйшых ростам, запхнулі на трэцюю паліцу: білеты былі купленыя дзіцячыя.

У Гародні, ашалеўшы ад грому на тонкасуконнай фабрыцы і смуроду на тытунёвай, Дана зразумела – не, яна ні ў якую індустрыю не пойдзе. Ніколі. Затое з’явілася яшчэ адна спакуса. Не тое каб мара ці там больш пэўны намер. Але – гульня ў гульню.

У святой краіне выгнання

Подняться наверх