Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 18
Раздзел І. Святло загадкі
Факты існавання і субстанцыі быцця
ОглавлениеФакт свайго існавання гэтая кабета з вёскі Нягневічы выдавала заўсёды грымотнымі гукамі голасу, мажной постаццю, нязбытна мажорным, нягледзячы на ўсе згрызоты лёсу, настроем. Быўшы кірмашовым днём у горадзе, яна абавязкова заходзіла да Азарэвічаў. Кандратчыха – інакш удаву Кандратчыка ніхто не зваў, – трапіўшы ў кватэру да Вольгі Станіславаўны, адразу ішла ў «залю» – толькі так ўяўляўся ёй вялікі пакой кватэры. Скідала хустку з галавы, ставіла стул чамусьці пасярод хаты і вымала з торбы слоікі. «Во! Малачко і смятанка». Малачком зваліся густыя вяршкі, а смятану можна было нажом рэзаць. З маці Кандратчыха была на «ты» – на знак незвычайнай павагі, прыязнасці і таварыскасці.
«Ты ж мне самы найблізкі чалавек. У царкву і да цябе».
Дана ведала, што ў Кандратчыхі сваякі забілі мужа – сякерай. Ці больш дакладна – пасеклі. Колькі было ранаў – нават экспертыза баялася памыліцца ў падліку. А зямля, з-за якой так крывава біліся, неўзабаве адышла ў калгас… Маці на судзе бараніла інтарэс Кандратчыхі. І даўно тое было, але Кандратчыха нечым так упадабала абаронцу, што ледзь не кожнага месяца прыязджала з дабрадзейнай данінай. І – барані Божа – каб узяла грошы. Ці села за стол. Пачостка ў доме Азарэвічаў была рытуалам абавязковым, але ў цёткі з Нягневіч былі свае завядзёнкі. Затое ад варэння ці ад печыва не адмаўлялася.
«Я так не ўмею», – тлумачыла Кандратчыха.
А на сваёй сядзібе яна ўмела ўсё: за жанчыну і за мужыка. Рабіла ў калгасе, на сваім дворышчы і ў хаце. Жыццё яе было падначалена адвечным законам, паводле якіх жылі яе аднавяскоўцы, яе маці, бацька, дзед, бабка і гэтак ледзь не да Адама і Евы. Райскіх садоў яна не прагла, Кандратчысе выдаваў зусім прыстойным яе ўласны надзел з ігрушамі і яблынямі. Вымогі цывілізацыі засталіся для яе на нейкім даўнім этапе, функцыянальна пазначаным гадавым гаспадарчым цыклам і асноўнымі каляндарнымі святамі, што вагаліся недзе паміж паганствам, хрысціянскімі канонамі і сённяшнім атэістычным ладам. Кандратчыха давярала больш каню, чым трактару, лічыла надзейнымі не грошы, а рэальны прадукт: сала, мяса, масла. Колькі іх ужо змянілася, на яе вяку, тых грошай. А ўвогуле была стыхійнай экзістэнцыялісткай і факт існавання лічыла вышэйшым за субстанцыю быцця. Не раздумвала над сэнсам цуда жыцця, не тлуміла сабе галаву марнасцю хуткаплыннага часу. Яна – існавала. І кожным сваім пражытым днём тое пацвярджала. І адчувала сябе вельмі надзейна на зямлі. На гэтай, сваёй, нягневіцкай. І іншай не ведала. І не мела вялікай ахвоты зазнаць. Яна разумела, што недзе, па яе меркаваннях, не так скора, надыдзе немінучы момант расстання з гэтым светам. Але ў яе была і пэўнасць – усё будзе, як у людзей. Нават свайго забітага мужа яна выправіла па той бок дабра і зла як належыць. Ну, дык будзе каму тое справіць і з ёю. Грунтоўна, сур’ёзна. І пакуль яна жыве, яна падпарадкоўваецца сваім уяўленням пра дабро, удзячнасць і справядлівасць.
За што была ўдзячная пані Тэрэза, адкуль было знаёмства, Дана не ведала. Падобна – фальваркі Азарэвічаў і бацькоў пані Тэрэзы былі некалі побач. Хаця пра тое ніколі не гаварылі. З’яўлялася пані Тэрэза раз ці два на год, улетку, з кошыкам малінаўкі, з аграмадным букетам гольчастых астраў. У шаўковай сіняй сукні з белым каўняром, урачыстая, старанна ўчасаная – тугія косы ляжалі цяжкім вузлом на патыліцы. Яна ніколі не адмаўлялася, у адрозненне ад Кандратчыхі, ад пачосткі: піла гарбату, каву, відавочна атрымліваючы ад таго рытуалу і ад гасцявання ў іх хаце задавальненне. Назад вярталася з кніжкай, скрыначкай духоў, крэмам ці вазелінам.
Некалі пані Тэрэза пабрала шлюб з мужыком, мела з таго вялікую знявагу сваякоў. Муж загінуў у трыццаць дзявятым годзе, на пачатку Другой сусветнай, яна засталася адна з двума дзецьмі. Цяпер мезальянс абярнуўся да ласкі лёсу, яна засталася ўдавой хаця і жаўнера польскай арміі, што не вельмі каб віталі сённяшнія ўлады, але затое – тэхнічкай, прыбіральшчыцай. Пані Тэрэза была прыгожая, ветлівая, негаваркая. І, падобна, той суцэальнай гарантыі ўпарадкаванасці лёсу, як Кандратчыха, не адчувала. Як і не адчувала суцэльнай мэтазгоднасці свайго існавання, сваёй працы, ладу свайго жыцця. І, мабыць, апошняе сваё імгненне не прадчувала завершаным акордам, заканамерным канцом шляху. Ёй відавочна яшчэ хацелася прайграць нейкі акт жыцця, хаця было зразумела, што ўсе варыяцыі сюжета ўжо вычарпаныя. Пані Тэрэза ніколі не гаварыла пра сябе, не распытвала пра жыццё Вольгу Станіславаўну, ажно не прамінала выпадку пазначыць агульнае паміж імі – удовы. І жанчыны, на якіх трымаецца дом. Можа, гэта вабіла і Кандратчыху? Але, падобна, тая не адчувала, што ў ланцужку яе існавання не стае нейкага звёнца.
Жанчына, што насіла малако з Градзілоўкі, прыходзіла праз дзень, і гэта былі, так бы мовіць, рабочыя візіты. Кабета вылівала малако са збанка ў збанок, брала грошы і ішла дамоў. Тым больш што Вольга Станіславаўна была на працы, а ў Ніны гэтая наведвальніца цікавасці не выклікала. Ужо ў Мінску Азарэвічы і сям’я гэтай жанчыны апынуліся ў суседстве, і Данчына маці мела з таго незвычайную асалоду: акраечак былога, тамтэйшага жыцця. У сваім горадзе. Данчына маці змушаная была прыехаць у Мінск да дачкі з-за хваробы. Не любіла ні гэтага горада, ні мікрараённага атачэння. Разумела неаспрэчнасць ходу жыцця, не пакутавала ад адзіноты – ды яе і не было, – але часам прамаўляла нібы сама сабе: «Там людзі гаварылі мне: “Пані адвакат, маю да вас інтэрас”. А тут я толькі твая мама». Ну, а паколькі Дана не была ні знакамітым чалавекам, ні санавітым, дык той статус быў ані грунтоўным. А субстанцыянальныя, быційныя стрыжні былі для Вольгі Станіславаўны неад’емна злучаныя з фактам існавання, са статусам сацыяльнага існення. Немаштабнасць, расплывістасць становішча, што так упадабала для сябе яе дачка, відавочна, было не «пад мыслі» Вольгі Станіславаўны. Сядзіць у сваім музеі, піша артыкульчыкі пра мастакоў. Хто іх цэніць? Хіба што героі допісаў…
Дана лічыла спраўджанасць па іншых мерках. Гаварыць пра тое ніколі не было заводу, аднак Дана адчувала маўклівую незадаволенасць маці.
Цікава, яе Хрысціна таксама была б расчараваная? Яна любіла пазначыць Дане лёс з пячаткай выбранніцтва…
Хрысціна… Ні з кім не было так добра, лёгка, нікога Дана не любіла так, як Хрысціну. Іх часам былі вакацыі. Пра тое не дамаўлялася, не вызначалася. Так – было. Хрысціна – на год і на клас старэйшая за Дану, і падчас шкалення сустракацца ім не выпадала. Затое як толькі надыходзіў іх час, яны ледзь не штодня хадзілі адна да адной. Каб не размінуцца, рушылі па вуліцы Савецкай, паўз сабор дамініканаў, не заўважаючы, між іншым, парадаксальнасці гэтых злучэнняў. Потым дзяўчаты ішлі ў бібліятэку, выпраўляліся пасля яе да Даны, садзіліся на канапу, у розныя куткі, і чыталі. Часам – сабраўшыся, наладжвалі гульні: паводле чытанага, гледжанага ў кіно і прыдуманага. Хадзілі па парку. Навыперадкі імчалі на замак. Лезлі на цэнтральную вежу – на апошнюю, самую верхнюю, прыступку, дзе была невялікая пляцоўка. Сядзелі моўчкі. З дзяўчат іх горада толькі яны з Хрысцінай «бралі гэтую вышыню». Але не лічылі тое ані гонарам, ані надзвычайнай рызыкай, проста адтуль быў асабліва прыгожы краявід. Ну і, безумоўна, падабалася лезці на вежу, намацваючы нагой трывалы камень, адчуваючы паслухмянасць і спрыт цела.
Да касцёла Хрысціна хадзіла з маці, адкрыта. Дана – заўсёды адна. Але пані Магда чамусьці не вельмі любіла маці Хрысціны. Аднак гэтую звестку Дана пакідала ў нейкім далёкім закутку памяці. Без пані Магды яна не ўяўляла свайго жыцця. Ажно Хрысціна і яе маці, іх дом каля раённай бібліятэкі і могілак – былі неад’емным, натуральным, абавязкова існуючым.
Хата Хрысціны была непадалёк ад могілак, і дзяўчаты лічылі натуральным хадзіць туды. Могілкі былі старыя, мармуровыя мадонны і анёлы выйгравалі ў параўнанні з цяжкімі стандартнымі помнікамі аднаму і таму ж чалавеку. Іх горад чамусьці аддаваў перавагу правадыру ў цывільным.
Мармуровыя мадонны сведчылі пра сувязь з найвышэйшым. Відавочна нагадвалі тыя часы, калі стандарт не гнаў ні дамоў, ні помнікаў. А самі эпітафіі і іх змест мелі на ўвазе ахоўную ўрачыстасць спрадвечнай латыні і высокую ісціну, што небыццё – гэта толькі іншабыццё.
«Прымі, Дух Святы…»
Дабрачыннасць Даны і Хрысціны выдавала відавочныя хібы. Яны неяк не задумваліся пра тое, што тут месца апошняга супакою, часцінка вечнага… Успрымалі гэтую супольнасць дрэў, статуй, агароджаў, камяніц як прыгожае месца. І проста хадзілі тут, часам нават сядзелі на лаўках. І не адчувалі ні ўлады Вялікай Здані, ні свайго знаходжання на самым краі Леты. Не было страху, не было разумення, што гэта побач – зусім іншы пласт Быцця. Яны існавалі – і не задумваліся над гэтым фактам.
І Анёл у цені сваіх крылаў, мабыць, паглядаў на іх не злосна, але з відавочнай прыкрасцю. А мо і злаваў? Ажно гневу свайго не аказваў. На Хрысціну ўвогуле, здаецца, не злаваў ніхто. Яна заўсёды была ў гуморы, мілая, сімпатычная. З худзенькай, што драцінка, дзяўчынкі ператварылася ў крамяную, ладную, спрытную дзяўчыну. Калі ім надышла пара хадзіць на танцы, Хрысціна ніколі не падпірала сцяну ці печку-кафлянку плячыма, робячы выгляд, што астылая печка казыча цяплом. Хрысціна, як кажуць, мела поспех. Яна ведала – стыхійна – нейкія таямніцы спакойнага, ураўнаважанага стаўлення да ўсіх, мела немітуслівую ўпэўненасць у сабе. Рабіла толькі патрэбныя справы. І прафесію выбрала неабходную, вартую і спакойную – фармацэўт.
На вакацыі Хрысціна любіла доўга і соладка спаць, потым, лежачы ў ложку, чытаць да полудня – да вялікага дзіва сяброўкі. Дана ўзбівалася з ложка яшчэ да сонца, займалася рознымі справамі, не займалася нічым – але прачыналася абавязкова рана, прачнуўшыся, павінна была ўскочыць з ложка, прыбраць яго, пераплесці косы, вымыцца сцюдзёнай вадой. А ўвогуле – пачаць дзень з ранку. І з дзеяння. Тым не менш Хрысціна настойвала на нейкіх малапрыдатных амплуа для Даны. Дана аддавала належнае шчодрасці сяброўкі і скептычна глядзела на свой адбітак у люстры. Не, «у тваім гербе – цнота лілей» – не пра яе. Да таго ж рэчаіснасць сведчыць пра тое, што ў іх горадзе звяліся і рыцары, і героі. І ўсё ж – ёй падабалася пайсці да Хрысціны надвячоркам. На плошчы, на «пятачку», як на плошчах усіх невялікіх гарадкоў свету, збіраліся мясцовыя маладзёны. Нормы этыкету патрабавалі, каб праскочыць, не пазнаючы і не вітаючыся. І сама праходка, немаведама чаму, выдавала рызыкоўнай. Не тое каб там атабарылася плойма мушкецёраў, але ж чуўся запал гульні, не абвешчанай, але пакрыёма прызнанай.
Анёл у цені сваіх крылаў, мабыць, сцішана пасміхаўся з яе. А пані Магда з вышыні – ці далечыні? – свайго паўвеку канстатавала: «Які ў цябе прыгожы ўзрост». Дана не разумела – узрост як узрост. Не разумела і сваю гаспадыню, у якой кватаравала ва ўніверсітэцкія гады: «Ну, што ты ўсё з кніжкай сядзіш? Такія гады…» Пазней, калі Дана дасягла пары, якую гжэчныя поляцы падаюць як узрост элеганцыі, часам, зірнуўшы ў люстра, яна згадвала і пані Магду, і сваю гаспадыню. Сапраўды, у тых гадоў была безліч пераваг, таму ўзросту належала калі не логіка разваг, не неаспрэчнасць ісціны, дык, безумоўна, перавага беспрычыннай радасці, напрыклад. Калі сам факт існавання – святочны выпадак. Усё выдае ўдачай – нечаканыя сустрэчы, неспадзяваныя візіты, планавыя, так бы мовіць, загадзя падрыхтаваныя дзействы. Потым надыходзіць час, калі кожная неспадзяванка раздражняе, што парушае пазначаны ход падзей, неабходнасць некуды ісці выдае толькі абавязкам і патрабуе «пратакольнай» адпаведнасці выпадку. А яе, той адпаведнасці, няма. І твар, які глядзіць з люстра, мае адбітак усіх нудот і згрызот жыцця. Стомленыя вочы, змардаваныя «ланіты», непатрэбныя, абмяклыя мышцы і непатрэбныя лініі твару. «Сотри случайные черты…»
Дана не пакутавала ад тых метамарфоз, але ёй здавалася алагічным, што на той момант, калі ёй трэба, яна не можа накінуць, прыстачыць, як урачыстае ўбранне, нейкі больш-менш прыстойны, адпаведны выгляд. Яна заўсёды рабіла, заўсёды да стомы, натура помсціла за гэта. А мастацтвазнаўца ў Дане аспрэчвала гэты вердыкт натуры. Дана прытрымлівалася традыцыйна класічных поглядаў і мела за асноўнае крэда мастацтва хараство. А ў жыцці хацела ўпарадкаванасці – унутранай і знешняй. І для сябе хацела не красы, а дабрачыннага яе эрзацу: пэўнага стылю, дагледжанасці, прыстойнай касметычнай маскіроўкі. Праўда, калі мець давер да анатамаў, дык ёй усё ж пашанцавала – яны сцвярджаюць, што з цягам часу ў людзей большае нос і вытыркаюцца вушы. Падобна, гэтае пакаранне яе абышло, дык і трэба дзякаваць лёсу.
А ў тым, іх з Хрысцінай агульным існаванні, часам погляды сустрэчных гаварылі больш за люстэрка. Вочы людзей выдавалі нават больш лагоднымі і добразычлівымі, як тая халодная гладкасць шкла. Вочы Хрысціны таксама былі добразычлівыя. Як яна сама.
І тым не менш – ці то з бясспрэчнай логікі жыцця, ці то з-за легкадумнасці маладосці – яны згубілі адна адну. Ніколі не перапісваліся. Было зразумела – прыедзем дамоў, пабачымся. Ажно з’ехала ў Гародню маці Хрысціны. Жыла апошнія гады з Данай яе маці. Сувязь часоў знікла ў стракатай мешаніне геаграфічных кропак і значных і нязначных падзей. Дзе і як вядзе свой рахунак з жыццём Хрысціна? Ці яшчэ вядзе?
А можа, ёсць сэнс у тым, што яны засталіся адна для адной маладымі? І Хрысціна недзе далёка глядзіцца ў люстэрка. Ці паклала так званая мудрая сталасць адбітак на яе абліччы?
Тады – Хрысціна прынесла зачытаную польскую кніжачку. І Дана пазнала адзіную мелодыю, лейтматыў жыцця душы. Вобраз, ідэю ўвасаблення жаноцкасці і дзейснага існавання. Гражына! Нават этымалогія гэтага слова высвятляла яго сутнасць. Прыгожая… Красуня… І не дзе-небудзь, у чужых краёх, а тут, у іх, на замку, куды Дана лётае кожнага дня, адбыліся гераічныя падзеі. І выратавала ўсіх жанчына. Гэта не ціхамірная дыкенсаўская Агнэса ці яшчэ якая «кроткая», пяшчотная, квелая дабрачыннасць, што ўзнагароджвалася чамусьці хэпі-эндам. Не, прыгожая, смелая, высакародная…
Бясспрэчна, гэта яе ідэал. З Хрысцінай яны не гулялі ў Гражыну, яны, так бы мовіць, загартоўвалі сябе. На выпадак. А раптам іх горад зноў стане горадам рыцараў і герояў?
З Бэцяй такога быць не магло. Там заўсёды заставалася нейкая паласа адчужэння і існавалі паразуменні і непаразуменні нечага.
Жыла Бэця ў тым месцы іх горада, якое звалася Псігуркамі – Сабачымі Горкамі. Там і сапраўды адзін пагорак каціўся ў яміну, а яму насустрач бег другі, гэткая сабачая гарэзія. А мо гэта здавалася Дане, а на самай справе нейкія іншыя прычыны паспрыялі назве. Але так ці інакш, месца было такое – пагорак, лагчына, зноў пагорак. Жыла Бэця ў цемнаватым паўпадвале. Страшэнна худы і вясёлы яе бацька даводзіў ім: «Уяўляеце, колькі прэмій атрымаў бы Пушкін? За “Каўказскага палонніка”, за “Цыганоў”, за “Палтаву”… Ну, а за “Яўгена Анегіна” – хоць адразу ўсе прэміі яму аддавай».
Чытанне было яго любімым заняткам, яго салодкай пакутай, яго сапраўдным жыццём. Усё астатняе – толькі малацікавы абавязак. Бэціна маці, чалавек практычны, прымала рэчаіснасць, не наракаючы ні на што, заўсёды нешта гатавала, цыравала, мыла. І, да вялікага здзіўлення Даны, падавала на стол спачатку тушаную бульбу з вынятай з супу курыцай, а толькі потым суп. Курыца была рытуальнай. У доме Азарэвічаў аддавалі перавагу ялавічыне, свініне, бараніне, і толькі летам, разам з грыбамі і маладой бульбай, з’яўляліся кураняты. На пост назапашвалі алею і селядцоў, калі ўдавалася натрапіць на тую рыбку. Апошні тыдзень перад Вялікаднем звычайна елі сухары і пілі гарбату з варэннем. А ў Бэці на Пасху рабілі мацу. Як на погляд Даны, прыдатны на самы шчыры пост наедак: тоненечкія сухія пласціны. Пра зыход, пра пустыню Дана даведалася пазней. А мацу Бэця прыносіла ў школу – Катляры на свята не запрашалі. Быў такі негалосны закон канфесійнага суіснавання. Пазней, у кніжцы, выдадзенай Ватыканам, Дана прачытала пра іх горад: «Трапілі ўрэшце ў той горад, дзе палякі жылі побач з беларусамі, габрэі з татарамі, а ўсе разам выяўлялі ўласныя звычаі, уласную культуру, уласную ментальнасць, уласную веру, уласныя звычкі, схільнасці і непрыманні». Непрыманні? Анёл у цені сваіх крылаў, мабыць, пільна сачыў за злагадай канфесійнай і нацыянальнай. Ну, а класічныя Liberte, Fraternite, Eqalite былі ўзведзеныя, здаецца, да рангу абсалюту. Недасягальнага, але абвешчанага. Які нельга аспрэчваць, ажно і прытрымлівацца можна больш у тэорыі, што, як абвяшчалася, без практыкі безнадзейна мёртвая. І ўвогуле – гэта толькі настаўленне да дзеяння. Таму кожны інструктар самай галоўнай установы ў кожным горадзе меркаваў па-свойму і прымерваў сяк-так пачутую і прачытаную тэорыю да ўласнага інтэлекту і інтарэсу. Паколькі большасць інтэлектаў мела грунтам біялагічным не вельмі складаны генетычны код і досыць стабільна стандартызаваныя паўшар’і мозгу, дык кожны інструктар быў роўны свайму начальніку, а кожны ўпаўнаважаны быў роўны інструктару. І ўраўнаважваць біялагічныя імпульсы і гістарычна спазнаны ход думак і дагматы (не, настаўленне да дзеяння) адзінай самай справядлівай тэорыі імкнуліся на ўзроўні класічна-схаластычным і адначасова ваенізаваным і канцылярскім. «Даеш!» Сяўбу, жніво, выбары, вытворчыя паказчыкі. Штурм, аўрал – як норма жыцця. Натура Данчыных землякоў не прымала гэткага рытму, і жылі яны ледзь не да сярэдзіны пяцідзясятых на хутарах, адасоблена, адштурхоўваючыся падаткамі ад назалялага націску. Але паважаючы свабоду і роўнасць, з недаверам ставіліся да брацтва. Яно і ў сваяцтве не ўсё бывае добра, а чужыя – браты? Не, тут нешта не тое. Наконт светлых далячыняў недалёкай і далёкай будучыні не пярэчылі, больш трымаліся сённяшняга дня і вякамі зазначаных пастулатаў.
Бацька Бэці, падобна, падзяляў гэтыя настроі, аднак гаварыў зазвычай з дзяўчатамі выключна на тэмы літаратурныя. І аддаваў перавагу класіцы. Бэціну маці і сацыяльныя, і эзатэрычна-літаратурныя акалічнасці мала цікавілі, усё, што адыходзіла ад канкрэтнага, уласнага, сямейнага клопату, не мела для яе сэнсу. Жыві тут, у гэтым падполе, што мыш. Затое калі сям’я Катляроў перасялілася ў вялізны, светлы пакой – ці не перад самым ад’ездам – яна акрыяла, часам нешта спявала сабе пад нос. І нават перамаўлялася з Данай якім слоўцам – чаго раней і ў думках, здаецца, не мела. «Мой бацька быў нэпманам. Такі, як гэты, у мяне быў уласны пакой». І Дана ўяўляла яе ў вазку рамізніка. І з вялікім рыдыкюлем.
А ўвогуле гэта не мела для Даны значэння – якая была маці ў яе сяброўкі, тым больш у мінулым. Усё гэта існавала недзе на ўскрайку свядомасці і ўражанняў. А Бэця была выдатнай кампаньёнкай па чытаных кнігах і разумела самыя рызыкоўныя рамантычныя залёты Даны. А Дана падзяляла Бэціны мроі. Абедзве мелі адна да адной тую ступень разумення і іроніі, як то трэба было для падтрымання сяброўскіх адносін. Калі прачыталі таго самага знакамітага «Авадня», таксама ў іх гульнях не было ніякага сумніву: Бэця – Джэма, Дана – Артур.
Калі Бэця з’ехала з горада, Дана засталася ў салодкім мройлівым свеце кніг, і толькі кніг. Хрысціна з’явілася пазней, а Іра з Мінска была толькі госцяй, якую трэба было займаць, памятаючы святыя законы гасціннасці.
Дана ці не трыдзясятым разам перачытвала «Авадня» і не магла пазначыць, што больш вабіла яе – ці лёс Артура, ці рамантычнае каханне, ці водар таго спосабу жыцця, што на першых старонках кнігі: бібліятэка, расчыненыя вокны з узорчастым чыгунным ліццём, сад старажытнага кляштара дамініканцаў, ружы… «Так, на пачатку дзён была бібліятэка, пыл, вавілон тамоў, пергамент, цішыня…» Потым, у Мінску, пабраўшы ледзь не за сталае жытло галоўную бібліятэку рэспублікі, яна прачытала гэтыя вершы вялікага француза і падсвядома, не згадваючы канкрэтна, заўсёды памятала лаўку пад магноліяй, дзе вялі гаворку Мантанэлі і Артур, залу бібліятэкі кляштара… Наконт «Трох мушкецёраў», – Дана магла пэўна зазначыць, што гісторыя з клейнотамі каралевы не цікавіла яе, але стыль паводзін шэвалье, дуэлянтаў і малайцоў, Парыж часоў кардынала Рышэлье, водар эпохі – гэта яна ледзь не глытала. Як пазней старонкі Хемінгуэя і Эрэнбурга – з тым жа неверагодным горадам, куды ёй пашчасціла трапіць, на жаль, ва ўзросце, далёкім ад таго, у якім быў харобры гасконец, калі ягоны конь, невядомай свету масці, трапіў на брукаванку горада бясконцых Людовікаў.
Дана ўвогуле была апантаным, але недысцыплінаваным чытачом – чытачкай. Асвойваючы «Як гартавалася сталь», яна вельмі палюбіла першыя старонкі кнігі, дзе баявіты хлопец-зух Паўка бярэ знаёмства з дзяўчынай «з добрай сям’і» Тоняй Туманавай. Дана проста на свае вочы бачыла гэтую сажалку, мабыць, такую, як у іх, вуду Паўкі, капялюш Тоні… Як пазней спазнавала на слых, пах, на кожны гук маёнткі Сянкевіча, горад Пруса, сядзібы Тургенева і Буніна…
Дана ўмела неяк абмінаць увагай выпадак «з махрой» у Паўкі Карчагіна і ніякавата сябе адчувала, калі Артур сек малатком крыж. І была амаль упэўненая – таямніцы споведзі маглі здрадзіць толькі недзе там, далёка, у Італіі. Хіба пані Магда ці сястра Малгажата маглі б каму здрадзіць? Выдаць? Назарэтанкі прынеслі ахвяру… За ўсіх мешканцаў горада…
Пра гэта згадвалася ўсё жыццё… І было найвялікшым узвышэннем душы – калі сёстры з Найсвяцейшай сям’і з Назарэта былі беатыфікаваныя. А распачаўся працэс беатыфікацыі сястры Малгажаты. Той, якую ведала Дана…
Яшчэ вельмі непакоіла Дану, за што не толькі людзі, але і Вышэйшая Воля пакаралі вязня з Аляксееўскага равеліна? «Адзетыя ў каменне» адымалі спакой, ціснулі на ўяўленне – усё жыццё ў каменнай пастцы. Горш за смерць. І калі смерць прыняць за іншабыццё – дык што ёсць гэтае дваццацігадовае паміранне? Ці варты быў замах на цара, нават толькі задума замаху, гэткага катавання быццём? Ці варта? І ці вартая была самаахвярная аскеза і вымогі разумовыя і фізічныя Паўкі Карчагіна таго, што займелі яго нашчадкі? Ці трэба дзеля шчасця іншых абавязкова прыносіць ахвяры? Хаця – і дагматы найвышэйшыя таксама сцвярджаюць, што пакуты жывяць душу, пераўтвараюць яе.
Але які быў сэнс у тым абвяшчэнні Liberte, Fraternite, Eqalite, а потым у моры крыві ў Францыі і ўсёй Еўропе? Ды і егіпецкі паход – не прывід у пустыні. Inferno ў Афрыцы. І дзе ж тыя свабода, роўнасць? Дзе логіка гісторыі?
Калі ў жыцці ўсё стала мяняцца месцамі, Дана ніяк не магла зразумець, чаму жанчына, што абараняла дысертацыю пра дзекабрыстаў і, безумоўна ж, пісала яе паводле ўсіх канонаў савецкага часу, інакш не абаранілася б, раптам, быўшы жонкай чалавека, якога людзі на Няве абралі мэрам горада, пачала весці гаворку пра піэтэт перад домам Раманавых.
Які піэтэт? Чаму? Навошта? Дана любіла таямніцу старажытных партрэтаў і складана-заблытаныя, што лабірынты, адгалінаванні генеалагічных дрэў, але дваццатае стагоддзе мае свае правы і свае законы. І сваіх тытулаваных асоб. І тытулы тыя маюць мала дачыненняў да карон.
Логіка гісторыі… Пасля войнаў Напалеона французы сталі на шаснаццаць сантыметраў ніжэйшымі.
Другая сусветная забрала кожнага чацвёртага беларуса. Рэпрэсіі ў Саюзе звялі самых разумных і незалежных. «Задумваюць рэвалюцыі філосафы, здзяйсняюць фанатыкі, карыстаюць плён прайдзісветы». Афарызм Бісмарка час ад часу рабіўся модным. Прыходзіў лейтэнант артылерыі ці камунальнага маштабу Шарыкаў… І ўсё ж тады – і пазней – з мройлівага вэлюму часу выступалі постаці… І прага рамантыкі ставіла ў адзін шэраг Касцюшку і Артура-Рыварэса, Д’Артаньяна і Кастуся Каліноўскага, філаматаў, філарэтаў і чараду іншых, рэальных і кніжных герояў.
Уяўленне дражнілі і вабілі гэтыя радкі і тое, што жывыя, рэальныя філарэты і філаматы жылі тут, на гэтых вуліцах, дыхалі гэтым паветрам… Раней то быў горад рыцараў і герояў…
Дом Паэта аднавілі пазней. Тым часам, на пару іх юнацтва, наўскасяк ад плошчы былі толькі рэшты таго будынка, толькі фундамент. Пазней тут стаўся музей. Пазней былі розныя імпрэзы, святы, угодкі. Да іх ні Хрысціна, ні Дана дачынення не мелі. Прыязджала тады ў горад мноства людзей, вучоных і менш вучоных, стаяў пафасны галас, і на гэтыя літаратурныя фэсты іх, вядома, не запрашалі. І, мабыць, добра. Спакладаны архівамі і няўтомнымі росшукамі фактаў дух галоўных персанажаў гэтых дзействаў наўрад ці меў уяўленне пра шматгалоссе вякоў, пра яго невымоўны чар. Удзельнікам імпрэз так падабаліся каментары і лагічная расшыфроўка фактаў, што рэальнасць губляла свой першаіснасны водар. І шматлікія «я» ў гэтай духоўнай прасторы пераўтвараліся на тых дзействах у зацяганы, зарытуалізаваны ў часе стандарт – аднолькавы ад Ромула да нашых дзён. Усё прывідна, падманліва, фальшыва. Ёсць рэальныя лозунгі, шэрагі маршыруючых, плойма спевакоў… І – прамоўцы, прамоўцы, прамоўцы. Але няма той духоўнай прасторы, што давала строй думкі Паэтам.
У вершах, што чытаюць тут, на вялікіх дзействах, адчуваецца гвалт нагоды – і няма руху жыцця. Ёсць толькі жалезнае ляскатанне слоў. І імкненне ўпіхнуцца ў плынь часу. Тыя, філаматы і філарэты, таксама былі дзецьмі свайго часу, ажно жылі свежымі ўяўленнямі, любоўю і болем. І не стрыглі купонаў ад любові да айчыны. І не былі залежныя ад афіцыёзу, што мяняе назвы і формы, але захоўвае status quo ў існасці сваёй. І характарыстыкі існавання складаюцца ў гэтых выпадках са спарахнелых матрыц і клішэ. Але публіка – тая, што дзейнічае, і тая, што сочыць за дзеяннем, – ці то сапраўды не разумее, ці то робіць выгляд, што адбываецца толькі відачынства, «лицедейство», і новыя дзейныя асобы нічога не дададуць да гэтага адвечнага спектакля. Хіба што з’явіцца ладзіць відовішча той, каму цесна ў вузкім рацыянальнапафасным прагматызме. Але такія на відовішчы не трапляюць. Інакш яны абавязкова ператварылі б іх у нешта іншае. І там не было б нудотных прамоў, запраграмаваных мізансцэн з дзеячамі раённага і сталічнага маштабаў, не было б безаблічных постацей сацыяльнага мімансу на амплуа сацыяльных герояў, не было б справакаванага традыцыяй энтузіязму эталонных людзей натоўпу, а паміж імі існуе нейкая няўклюдна абавязковая сувязь, якую наўрад ці мае чалавек, блізкі да Натуры, чалавек, што адчувае сапраўдную каштоўнасць існуючага і разумее прыроду рэчаў.
Гэта раней іх горад быў горадам паэтаў і герояў. А пазней выцвілыя ілюзіі абвяшчалі вяснова-свежымі ідэямі, свет вечных каштоўнасцяў замянялі на актуаліі хвіліны, а хцівых бадзяг называлі пілігрымамі.
Але ў пару жыццёвай раніцы Хрысціна і Дана мелі сваю радасную веру ў шчаслівую рэальнасць. І Анёл у цені сваіх крылаў хітравата паглядаў на іх: маўляў, яшчэ ўсяго хопіць на вашым вяку.
А пакуль яны хадзілі ў бібліятэкі, аднаўлялі кожнага года звычай «узяцця вяршыні» на замку, абмяркоўвалі чытанае, знаходзілі новыя крыніцы здабывання кніг.
І тут была яшчэ адна асоба, што магла даць фору ім абедзвюм. Дэвік Гальдштэйн, той самы сын цырульніка, выдатнік і жыццярадасна-іранічная асоба.
І да сябе, і да сваіх сяброў Дэвік заўсёды ставіўся з добрай доляй гумару. Недзе ў душы яму, заўсёднаму пяцёрачніку, хацелася мець іншыя заслугі. І ён ахвотна, ледзь не ўзахліп прамаўляў: «Ну, мы з Мусяй ім далі!» Муся быў сынам вайскоўца ў немалым чыне; высачэзны хлопец, з нейкай сваёй тугой думай. Асабліва цяжка і маўкліва ён задумваўся каля дошкі – застываў, нібыта егіпецкі сфінкс. І ніякія высілкі Дэвіка, што ахвяраваў сваім «выдатна» па паводзінах, шыпеў, тэатральным шэптам вымаўляў ледзь не па складах, – нішто не магло зрушыць глыбіню самасузірання Мусі. Хіба што любімая гульня – Муся мог у самым натуральным сэнсе пераплюнуць усіх у класе. Або «цюшка» – тут таксама Мусіенка выходзіў са сваёй «нірваны», вочы яго гарэлі, і тут ён таксама не меў сабе роўных. Падкідаць нагой гэты кавалачак свінцу з аўчынным верхам ён мог хоць цэлы дзень. Не меў ён сабе роўных і падчас боек «мясцовага значэння». Вышэйшы за ўсіх у класе, куды мацнейшы за адналеткаў, ён усур’ёз не прымаў нікога. І тут ужо Дэвік быў «пры Мусі». Але ўспрымаў подзвігі сябра блізка да сэрца і імкнуўся дачыніцца да іх. Асабліва падчас аповедаў пра чарговы турнір. Ну што там былі ўсе пяцёркі Дэвіка побач з такімі непараўнанымі вартасцямі…
У Мусі, як і ў Даны, збіраліся па святах: да таго схілялі памеры іх кватэр. Да Дэвіка шасталі кожным днём, хаця ў Гальдштэйнаў быў толькі адзін пакой, у якім месцілася пяць чалавек: Дэвік, дзве яго сястрычкі і маці з бацькам. Хата ў іх не зачынялася, але не было выпадку, каб Дэвікава маці каму-небудзь паказала на дзверы. У іх хаце быў заўсёды добры настрой, было тлумна і весела. Як Дэвік рыхтаваў урокі ў гэтым гармідары – невядома, але пяцёрка была яго звычайнай адзнакай. Дэвік і Дана былі заклятыя выдатнікі і пазней залатыя медалісты. Аднак Дане грэх было б вучыцца абы-як: два пакоі, дзе заўжды была кляшторная цішыня, ніякага хатняга клопату. А Дэвік жыў, што на вакзале.
Ён быў адзін з тых, хто вярнуўся пасля інстытута ў іх горад. Маючы паважаную ва ўсе часы прафесію ўрача.
Дана ж атаясамлівала гэту прафесію найперш з адной асобай.
Доктар Гордзін – яго ведалі ўсе. Ён меў загартоўку старога, «за польскім часам» эскулапа. Загартоўку, што мелі некалі павятовыя ўрачы. Прымаў у лякарні, удома, хадзіў на візіты. Доктар Гордзін не быў участковы ўрач, за візіты браў грошы, але бег на просьбу, што на пажар. Адноечы, калі Дана атруцілася, ён ляцеў а трэцяй гадзіне ночы да Азарэвічаў, накінуўшы паліто на бялізну. У дзяўчынкі тэмпература сорак!
Доктар Гордзін быў сямейны ўрач, і не ў іх адных. Пазней Дана аніяк не магла прызвычаіцца да іншых дактароў і дакторак. Урач – гэта доктар Гордзін.
Калі Дане давялося запрашаць да маці ці вадзіць яе па дактарах і лякарнях, прыгадваўся доктар Гордзін – з яго пэўнай таксай, пэўнымі стасункамі паміж пацыентам і ім. Не трэба было квахтаць: «Ах, доктар, я вам так абавязана», – і пакутліва прыкідваць – ну, як жа матэрыялізавана ўвасобіць тое абавязацельства! Каб аддзячыць і не пакрыўдзіць. Праўда, калі Вольгі Станіславаўны ўжо не было на гэтым свеце і грымнула крутая «дэмакратыя» і карабок духоў стаў каштаваць ці не двухгадовага заробку Даны, а банбаньерка цукерак – месячнага, гэтае пытанне сышло з парадку дня.
Як маці суадносіла сваё, выключна «сацыялістычнае» стаўленне да парад (Вольга Станіславаўна брала грошы адпаведна таксе толькі на працы, усіх, хто прыходзіў дадому, так ці інакш, нейкай парадай ды цешыла, але грошы не брала ніколі), дык якія былі суадносіны з «хатняй» таксай доктара, Дана не ведала. Здаецца, маці гэта лічыла зусім заканамерным: кожны мае свой стыль працы.
Між іншым, Дана не магла згадаць, каб нехта абразіў Бэцю або Дэвіка, а ўжо тым больш Гордзіна з-за іх нацыянальнасці. Была памоўка: «Тваё “зараз”, як жыдоўскае “пачакай”». Або: «Дружым, як браце, лічым, як жыдзе». Але то была беларуска-польская традыцыя назвы – і не больш. Куды горш гучала, калі некаму даводзілі: «Ну, ты, як Антэк варшаўскі». Хто быў таямнічы Антэк, Дана не ведала, пэўна, і да Варшавы ён меў дачыненне вельмі ж апасродкаванае, але чамусьці так казалі, калі некаму хацелі давесці, што ён клёку ў галаве не мае.
На Фулімэну гэтага не гаварылі. Яе шкадавалі. А эмтээсаўскія дзецюкі, канечне ж, паскудна смяяліся. Імя тое бясспрэчна было знявечанае імя Філумены. І сама Фулімэна была непапраўна знявечаная. Высокая, мажная, чарнявая жанчына – час ад часу яна аднекуль з’яўлялася і імчалася па горадзе. Каля фарнага касцёла распраналася ўшчэнт і лётала вакол яго пад угагаканне эмтээсаўскіх бэйбусаў.
Гаротніца недзе знікла. Мабыць, у шпіталі… Дана доўга памятала гарачы бляск яе агромністых цёмных вачэй, і калі чытала «Джэн Эйр», дык жонку Рочэстэра ўяўляла, як іх Фулімэну.
«Не дай мне Бог сойти с ума, уж лучше посох и сума». Вялікі паэт – ён ведаў кошт і цану фактам існавання… Дана пра гэта не задумвалася. Яна жыла. І не ведала, дзе яна, «страніца лепшая ў штодзённіку жыцця…»