Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 16

Раздзел І. Святло загадкі
Справядлівасць мараў і несправядлівасць рэчаіснасці

Оглавление

Здаецца, неўразуменні паміж дзедам і маці адбываліся не толькі з-за канфедэраткі. «Я не хачу нічога хаваць, – даводзіў дзед. – Я не злодзей. Я вярнуўся да сябе на радзіму». Маці садзілася на канапу, запальвала папяросу «Казбек» – іншых не ўжывала, – і выгляд у яе рабіўся такі, нібыта ўсе бядоты свету абрынуліся на яе.

«Зразумей, тата, пачнуць высвятляць, што, калі, як. Мне абавязкова з гэтай нагоды нагадаюць не толькі пра мужа, які згінуў падчас вайны немаведама дзе. Але і паходжанне. І сасланага бацьку. І… А ў Даны наперадзе жыццё». Аргумент быў неабвержны. Дзед сходзіў з хаты – гуляць у шахматы. Калі Дана перайшла ў трэці клас, ён з’ехаў да стрыечнага брата. Той жыў адзін і быў ужо зусім нямоглы: паміраў ад раку. Пахаваўшы брата, дзед прыехаў, але праз год выправіўся да малодшага сына. Да магілы жонкі. У Сібір…

Перад тым ён павёз Дану ў Вільню. Гара Гедыміна, Вострая Брама, касцёл Святой Ганны, сабор Пятра і Паўла на Антокалі… Касцёл, у якім ён браў шлюб са сваёй Марыяй. Не расказваў, больш хадзіў моўчкі, згадваючы нешта сваё. Толькі часам прамаўляў слова: «Што б табе ні згадвалі, ведай: самая мудрая кніга – Біблія. Чытай яе…» Дзед скрушна ўздыхаў – у тым страчаным у Гомелі куфры была і Біблія, і яшчэ патрэбныя кнігі, якіх сёння не знойдзеш. «Зараз табе б самы час пачынаць чытаць. Сёння ты, можа, і не зразумееш мяне. Прыйдзе час – зразумееш. Хачу верыць, зразумееш. Вось вы ў школе вучыце Багдановіча. А ты запомні такі ягоны верш: «Пагоня».

Усё лятуць і лятуць тыя коні,

Срэбнай збруяй далёка грымяць…


Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.


А яшчэ памятай – калі Міцкевіч піша: «Litwо! Ojczyzno mojе», – ён гаворыць пра наш край, пра Беларусь. Мы – ліцвіны. Ты не забывайся пра гэта, што б там ні прапісалі ў пашпарце».

Чар Вільні застаўся на ўсё жыццё, хаця больш ніколі не давялося пабыць там хаця б некалькі дзён. Была ў Таліне, гадоў з дзесяць кожнага года ездзіла ў Юрмалу і адтуль наладжвала доўгія шпацыры на самоце ў Рыгу, а ў Вільні была заўсёды ад цягніка да цягніка. Дзень. Не было дзе прыпыніцца, не было да каго звярнуцца, а потым Вільня і ўвогуле сталася замежжам, ці то блізкім, ці то далёкім, але недасяжным. І заўсёды – з адзнакай таго даўняга ўражання, пад якое падпадаеш толькі ў маленстве.

А перад тым як з’ехаць з іх горада, дзед пайшоў з Данай на замак, раскапаў ямінку, узяў у капшучок жменю зямлі і доўга стаяў каля бакавой вежы. Ціха і нібыта паміж іншым кінуў Дане: «Ніколі не з’язджай адсюль». Потым Дана раздумвала, што меў на ўвазе дзед – з іх горада ці з Беларусі? І што ўвогуле было ў яго на душы… Кім ён быў, яе дзед? Няўдаліцай? Чалавекам, у якога ўсё субліміравалася ў сумленне? Ахвярай рэфлексій? Энтузіястам? Героем? І ў якіх стасунках ён быў з гісторыяй? Дане хацелася неяк абмінуць гэтую жорсткую і несправядлівую пані. Яна заўсёды пазбягала так званых грамадскіх подмасцяў, крыху выйшаўшы з піянерскага ўзросту. Партыі – доўга была адна, як адзінае апірышча, увасабленне адной ідэі, і партый – калі іх раптам стала такое мноства, што нават запомніць іх было немагчыма. Пазбягала з’ездаў, сімпозіумаў, канферэнцый, нарад. І гэтаксама не любіла прыватнае, непрыбранае жыццё гарадскіх мікрараёнаў, гэтых сімбіёзаў вёскі, лагера і інтэрната. Некалі з жахам глядзела на расхрыстанае жыццё італьянскага Поўдня ў неарэалістаў: гвалт, бялізна вісіць паміж дамамі, нейкае жыццё – нібыта ў шкляным посудзе. А потым гэты вар’яцкі modus vivendi вісеў у яе над галавой, лез у вочы, раздзіраў немым галасам магнітафонаў вушы, запаўзаў ва ўсе куткі свядомасці, церушыў смеццем галёкання розум, парушаў дысцыпліну адчуванняў.

Дане падабалася адстароненая халаднаватасць і знешняя ўпарадкаванасць Балтыі, магчымасць быць незалежнай і ад мітусні перанаселеных, як вуллі, дамоўкарабкоў, і ад гісторыі з яе салодкімі клішэ афіцыйных уяўленняў, забаронамі-вердыктамі і крывавымі разорамі. І Дане заўсёды хацелася ўцячы ў тое імгненне, паводле Андрэя Балконскага пад Аўстэрліцам, адчуць сваю повязь з небам і аблокамі і лічыць, што гісторыя – грымзлівая настаўніца, святло ісціны, жывая памяць – і што там яшчэ пра яе гаварыў вялікі прамоўца? Дык што вось гэтая шматаблічная і старая-старая пані ціхамірна спачывае пад кустом бэзу ці пад якой немудрагелістай стакроткай. Нават пад той момант, калі можна было, утульна ўладкаваўшыся ў крэсле, глядзець, як гісторыя проста шыбуе да цябе: праз экран тэлебачання відаць, як падпісваюцца пагадненні, ратыфікуюцца дамовы, узнікаюць і знікаюць дзяржавы, як недзе адбываецца землятрус, усё заліла паводка, як забіваюць людзей і нішчаць будаванае чалавекам, яна не адчула гарманічнай сувязі з дзействамі той няўтомнай ткаллі Кліо. Плыня часу віравала сама па сабе, а яна ішла сваімі сцежкамі, старымі і непрыкметнымі, дзе часам з’яўляюцца здані выйшаўшага з моды рамантызму. А рэальнасць выдае сваю прывіднасць і мройлівасць.

У дзеда, мабыць, адносіны з гэтай пані былі яшчэ больш складанымі. Ён усё спрабаваў у тую вузельню са стагоддзяў і тысячагоддзяў уплесці і нейкую сваю нітачку ці пакінуць літару (ці кропачку?) у вавілоне тамоў. Аднак аналы тыя былі раўнадушныя да статыстаў. Што для гісторыі чалавечая адзінка? Яна пераходзіць у індывідуум толькі на ўзроўні «вяршыцеляў лёсу».

А як паглядаў на статыста Анёл у цені сваіх крылаў? Падобна, яму не вельмі падабалася, што дзед ад’язджае з радзімы. У кожным выпадку быць пахаваным побач са сваёй Марыяй дзеду не выпала…

Тады Дана яшчэ не ведала безвыходнага значэння слова «назаўсёды». Ды і слова тое не вымаўлялася. «Да сустрэчы», – пагладзіў па галаве Дану дзед. Мелася на ўвазе, што яны з маці будуць прыязджаць да яго.

Усё ж – чаму з’ехаў дзед? Не пабачыў той зямлі, да якой імкнуў? Не знайшоў на іх котлішчы нават цагліны? Ад фальварка не засталося і знаку. Не хацеў хаваць свайго мінулага? Не паразумеўся з дачкой? Маці ўгаворвала яго. «Дана расце. Бацькі няма. Ёй сама вучыцца. Вучыць мовы. Ды і мяне амаль што не бывае». Дзед, нават не пацвельваючыся, сцішана даводзіў: «А ці на карысць будуць тыя веды? Ды калі захоча – «для разумнага веды лёгкія». А так спытаюць – адкуль? Навошта? Супакойся, дачка, «Валадар неба і зямлі дасць табе радасць замест смутку твайго. Супакойся…»

Дзед, верагодна, мудра здагадваўся, што яны могуць і не пабачыцца больш. Маці пачала хварэць. Дзед набіраў гады. Паміж імі было дзесяць тысяч кіламетраў.

Паехала Вольга Станіславаўна ўжо толькі пакласці кветкі каля крыжа…

Адышоў дзед у восемдзесят шэсць гадоў, пахаваўшы сваю Марыю ў сорак і так і векаваўшы адзін увесь век.

Тады, у іх горадзе, дзед – у сваёй неадменнай канфедэратцы – памахаў Дане з «кукушки», так зваўся цягнічок на іх вузкакалейцы. Маці праводзіла яго да Баранавічаў…

Мабыць, ад дзеда – Дане лёгка даваліся мовы. Але веды старога Азарэвіча адышліся разам з ім – ніхто з нашчадкаў не пераняў іх: іронія лёсу, іронія часу. Калі Дана пачула неяк, што вядомы акцёр у дзяцінстве страшэнна злаваўся на бабку, як тая клікала яго пафранцузску, яна згадала свайго дзеда, і маці, і сябе.

На тую пару ўжо і маці знайшла апошні прытулак на сталічных могілках.

І праводзілі яе землякі і суседзі. І калегі. Прыехаў суддзя Жыткевіч, з Гродна, праз дваццаць гадоў пасля сумеснай працы ў іх горадзе. На тую пару ён займаў колішнюю Кацяўцову пасаду – быў старшынёй абласнога суда. Прыехалі суддзі, натарыус, справаводы, сакратаркі… Суседзі… Была нейкая нітка ў хаосе жыцця, што не давала гэтым людзям забыць адзін аднаго. Гульні і трагічныя каверзы часу ўспрымаліся імі як нешта абавязковае, жудасна лагічнае, тое, чаго нельга пазбегнуць, і трэба падпарадкоўвацца нейкім вызначаным законам. Сацыяльным? Усясветным? Лакальна вызначаным? Пражытае і непражытае для іх яшчэ мае сваю сувязь, якую нельга парушыць. І ўмоўнасці побыту і звычаяў падпарадкоўваюць іх сабе. Яны не рушылі той «свет насілля», яны жылі за ладам, што праіснаваў 74 гады, і прымалі гістарычныя і сацыяльныя рэаліі як устойліва існуючыя, дзяржаву як уладаванне, у якім трэба весці сваю лінію жыцця, адпаведна з прынятымі законамі: юстыцыі, этыкі, маралі.

У якіх адносінах яны былі з тымі старонкамі гісторыі, калі людзі іх прафесіі наўрад ці маглі быць убаку – гэтага Дана не ведала і не даведаецца ніколі. Адно было пэўна зазначана ў біяграфіі маці. Падчас вайны яе выклікалі ў НКУС: людзей не хапала. І яна згадзілася ісці ў ваенізаваную пажарную ахову – відаць, гульні з агнём былі самымі бяскрыўднымі. Потым яна наказвала Дане абавязкова ў біяграфіі пазначыць гэтую службу, хаця жарты з агнём працягваліся нядоўга: Вольгу Станіславаўну выправілі ў дзіцячы дом, дзе былі «цяжкія» падлеткі пасля ўцёкаў на фронт. Маці мела, акрамя юрыдычнага факультэта, яшчэ і педтэхнікум. Дана памятала з тых часоў пасёлак з пазабіванымі вокнамі – замарожаны аб’ект. Ночы на адзіноце, з сабакам, і маці ў галіфэ і фрэнчы. А з дзіцячага дома помніліся – пад’ём а шостай гадзіне, ссунутыя сталы, на якія маці клала яе дасыпаць. І яшчэ – перавернутую мэблю дзіцячага дома і маці ў нейкім кажуху: гулялі ў вайну. Пасля НКУСа Вольга Станіславаўна гатовая была хутчэй за ўсё і на Месячык на возе ехаць.

У святой краіне выгнання

Подняться наверх