Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 5

Раздзел І. Святло загадкі
Сілуэты і постаці

Оглавление

Да свайго горада, да Беларусі была доўгая дарога. Праз Сібір. Праз багаты горад Растоў. Праз станцыю з язычніцкай назвай Варажба. Ехалі таварнякамі. Нават і на платформах. Галоўнае ўражанне ў Растове – вялікі шыкоўны кірмаш. Сорак чацвёрты год, яшчэ грымяць блізкія гарматы, яшчэ ідзе вайна, яшчэ карткі на харч і талоны на адзетак. А тут што табе абрус самабраны. Белыя булкі, пернікі, рыба, малако, сыры, ікра. Яблыкі, ігрушы, слівы – іх Дана бачыла ў свае шэсць гадоў упершыню, як і ікру. Увогуле столькі наедку бачыла ўпершыню. Колькі ўсё гэта каштуе, нават не мела значэння. Аказваецца, магло быць гэтулькі харчу.

Прыпыніліся ж у Растове з-за Данчынай хваробы. Жнівень, спёка, а ў яе ангіна.

У Варажбе чакалі цягніка. Вакзала не было. Туліліся каля нейкай разбуранай хаты. Трагедыі руінаў Дана яшчэ не ўсведамляла, успрымалася толькі казачна-райскае: жыццё наўпрост пад жнівеньскімі зорамі, у садзе, поўным белага наліву і спелых вішняў. У Растове ёй купілі адзін яблык, а тут можна было раскашавацца, што ў раі. Зоры былі яркія і здаваліся добрымі і цёплымі. Здавалася яшчэ, што маюць яны нейкую патаемную сувязь з пладамі саду. Плады віселі на галінах і ўжо гатовыя былі асыпацца – месяцова-светлыя яблыкі і загадкава-цёмныя вішні.

А ў дарозе дзед распавядаў пра іх родны край. Якія там людзі. Як увесну ўсё цвіце, а ўлетку спее садавіна і гародніна. Зімой там няма лютых маразоў, летам – спёкі, а восень – улашчаная Богам, залатая, багатая.

…У свой горад яны прыехалі ўжо зазімкам, надвячоркам. Святла ў хатах яшчэ не палілі, дамы стаялі цёмныя, пагоркі – пад снегам, і Дане падалося: едуць нейкім тунэлем. Па-за часам. Па-за падзеямі. Недзе існаваў іншы свет, карыстаў плён перамогі, ачомваўся ад паражэння, прыкідваў набыткі ад нейтралітэту і адкрыцця Другога фронту. Вёў рахунак ахвяр, страт, болю. Недзе грымелі маршы перамогі і гралі мірныя вальсы. Недзе. Тут былі толькі гурбы снегу – і цішыня.

А да свайго горада быў яшчэ адзін – Вілейка. Казалі – Старая Вілейка. Бо недзе існавала і Новая.

У Вілейку прыехалі і зусім уначы. На хаду з платформы раскідалі рэчы, паўз увесь перон. На хаду – замаруджаным, павольным – дзед скокнуў на зямлю і прыняў на рукі Дану. Дзед быў зусім сівы, але спрытны, хударлявы, высокі. І вочы невыцвілым блакітам пазіралі на ўсіх халаднавата і спакойна.

Да дзедавага сябра яны і рушылі ў Вілейцы. Матчына накіраванне было ў Маладзечна, і яна цалюткі год ездзіла кожнага дня туды і назад. Затое для Даны гэта быў год казкі маленства. Дзедавы сябар быў каморнікам і жыў ва ўтульным старасвецкім доме. Вялізная кухня, гасцёўня з узорыстай кафлянкай, паўпусты дзіцячы пакой, спальня гаспадароў і пакойчык, дзе сталі жыць Азарэвічы. Іх вокны выходзілі на вуліцу, у гародчык з бэзам, а ўсе астатнія вокны ў доме глядзелі ў сад. Ён быў такі ж, як пазней судовы: пасярэдзіне – агарод (у судзе здзірванелы), а паабапал, паўз плот, прысады, альтанка з блакітнаватых хвоек і лаўка з акуратным столікам. Вербы, ліпы, бэз і півоні. А двор паміж хатай і свірнам – зялёны-зялёны. Газон – гэтае слова Дана тады пачула ўпершыню.

Электрычнае святло было толькі зрэдзьчасу, і ўвечары ўсе збіраліся спачатку ў кухні, а потым – у гасцёўні. Са столі побач з жырандоляй звісала на ланцужках парцалянавая 10-лінейная лямпа. Дана з малодшай дачкой каморніка Светай разглядвалі малюнкі ў кніжках, слухалі, што ім чытаў або распавядаў дзед. Вера Аляксандраўна, гаспадыня, нешта шыла, цыравала або чытала. Яе муж, Андрэй Мікалаевіч, або чытаў нешта сабе, або гуляў з дзедам у шахматы. А найчасцей яны ішлі з дзедам з хаты і вялі нейкія свае размовы. І не любілі, калі іх слухалі. Маці часцей за ўсё прыязджала позна ўвечары з Маладзечна, перакусвала і клалася спаць. Яна была заўсёды стомленая, тоненечкая, як свечка.

Там упершыню Дана па-сапраўднаму адчула свята. Каляды, Новы год, Вялікдзень. На Каляды былі цукеркі з амерыканскіх падарункаў, пячэнне, а галоўнае – яліна, з сапраўднымі свечкамі. А тыя цукеркі доўга віселі на ёлцы ў прыгожых абгортках – разам з цацкамі, і дзяўчаткі паглядалі на іх зусім не як на спажыўнае рэчыва. Затое калі напярэдадні свята ў кухні пачынала разгортвацца дзейства, тут яны, нягледзячы на пост, не тое каб ласаваліся ад душы, але добра ўваходзілі ў смак – пост доўжыўся круглы год. А тут нешта тэрмінова прадавалася, нешта выменьвалася, з-за нейкага заробку маці сядзела ночы ў працэсе – і вынікам быў падсмажаны парсючок – хоць не спі ўжо да канца Адвэнту, і ахвяра Веры Аляксандраўны – усмажанае кураня. Толькі пазней Дана заўважыла, што знікла, як не было, матчына сукня колеру «фрэз», і дзедавы фрэнч, і яшчэ нешта. Але ж на свята цуды не мелі канца. Ці не самым вялікім цудам былі пірожныя «безэ» – залацістага колеру, не, яны былі колеру дзіцячай мары ўзору 1945 года. Потым, калі прысмакі можна было набыць любым днём, крамныя, бела-ружовыя «безэ» здаваліся Дане ненатуральнымі, нібыта толькі падробка пад тыя, сапраўдныя, непараўнальныя «безэ» Веры Аляксандраўны.

Да свята дзед навучыў дзяўчатак «паланэзу», вершам… «Падаюць сняжынкі, дыяменты-росы…», «Мой родны кут, як ты мне мілы…». Вера Аляксандраўна рыхтавала Святлане блакітную сукенку. Дана цвёрда трымала сябе – у яе ёсць адзетак: камбінаваная карычневая з сінім сукня, на ўсе выпадкі жыцця. Дана не мела моды на зайздрасць: ёсць дык ёсць, няма дык няма. Енчыць не будзе, выпрошваць – тым больш. Але паводле калядных канонаў напярэдадні свята з’явілася чараўніца. «Таксама адвакатэса», – мовіла пра яе Вера Аляксандраўна. На вачах у аслупянелых сведкаў яна раструшчыла сваю сукенку і сфастрыгавала Дане святочны ўбор: чырвонае з белым крэпдэшынавае плацце і аграмадныя белыя банты. Усе цуды не запозніліся, як гэта здаралася пазней у яе жыцці, усё было ў пару. «Канцэрт» прайшоў пад нечуваныя воплескі прысутных.

А самае прыемнае было, мабыць, пазней. Дарослыя вярнуліся да сваіх спраў, а ў Святланы з Данай доўжыліся Каляды: ялінка, рознакалёрныя свечкі, амерыканскія дарункі – да цукерак далучыліся яшчэ дзве шакаладкі і два пачкі пячэння. І прыгожая кніжка з малюнкамі на польскай мове – адна на дваіх. З прозвішчам аўтара, што гучала таямніча і надзвычай прыгожа: Шарль Перо.

Летам, калі Азарэвічы наважыліся ад’язджаць, панаехалі, так бы мовіць, былыя насельнікі дзіцячага пакоя. Двое сыноў і дачка Таццяна. Выправіліся вучыцца яны якраз перад тым, як Азарэвічы прыехалі ў Вілейку. Дзед спісваўся, як ён гаварыў, са спадаром Андрэем. Тэлеграфаваў. Атрымаў згоду на прыезд.

«Якое паветра», – глыбока ўздыхаючы, паўтаралі адно за адным маладыя гаспадары. Яны выпроствалі рукі, удыхалі доўга-доўга, нібыта пілі прастору. На тую пару Дана не ўяўляла задухі вялікага горада і не магла зразумець: паветра і паветра, пра што тут весці гаворку. Але новыя дарослыя ёй падабаліся. Асабліва Таццяна – высокая, ясная, з русай касой вакол галавы. Ці надавала яна ўвагі сяброўцы сястры? Дана на тое і не зважала, не бегала за Таняй, не шукала яе сімпатый, не назаляла – Дане было проста прыемна адчуванне блізкасці гэтай красуні, падабалася бачыць яе, ведаць, што яна недзе тут, непадалёк. Не шукаючы сустрэч, не разлічваючы на нейкія стасункі. Гэта засталося на ўсё жыццё – ніколі не шукаць знаёмства, калі нехта падабаецца. Калі здараюцца сустрэча і сімпатыя самі сабой – выдатна, не – значыцца, так і павінна быць. Дана не ведала, што гэта – фаталізм ці лянотнасць і інерцыя натуры. Але плішчом у сябры не лезла. І не заўсёды любіла, калі ёй навязвалі сваю таварыскасць.

Тым часам перад самым ад’ездам Азарэвічам далі на нейкі час службовую кватэру. Маці па-ранейшаму ездзіла ў Маладзечна, дзед ад’язджаў, каб даведацца, што там, на радзіме. Дану вырашылі аддаць у садок. Гэта было відавочным гвалтам яе свабоды, на розум Даны. І дзяўчынка вырашыла пытанне проста: пералазіла цераз плот садка і прыходзіла дамоў. Але там з’явілася Ніна. Каб весці гаспадарку і пільнаваць Дану. Ніне было гадоў васямнаццаць, была яна з вёскі, з «паненкай» вырашыла ладаваць адносіны выключна з пазіцыі моцы, найперш фізічнай. Першы дзень гаспадарання Ніны быў адзначаны поўнай хатай дыму. Ніна смажыла бульбу на голай патэльні – удома ў яе зроду ніхто бульбу не смажыў: варылі, пяклі ў печы. «Гэтага панскага заводу ў нас не было», – пачала яна і асеклася. Хацелася застацца ў горадзе – дык што яна, не засвоіць тую навуку? Другой падзеяй першага дня гаспадарання Ніны было высвятленне адносін з Данай. Ніна спавядала і ведала адну навуку выхавання, на яе погляд, бясспрэчную – добрую поўху. Дана была прызвычаена да падвышэння тону і натацый. Таму, атрымаўшы аплявуху, Дана, сцяўшы зубы, кінулася абараняць свой гонар. Дужая дзеўка Ніна, пра яе суседзі гаварылі: «Хоць у воз запрагай», адкінула Дану, што шчанюка, і абаронца свайго гонару бразнулася патыліцай аб драўляную канапку. І – страціла прытомнасць. Менавіта ў той момант, як маці з’явілася ў хаце. Ніне было моўлена, каб яна ніколі пальцам не кранула дзяўчо. Усе высвятленні адносін толькі праз дзеда або Вольгу Станіславаўну. Дане было загадана слухацца Ніны.

Дана як магла потым пазбягала Ніны. А тая, меўшы вялікую хэнць шчыкнуць па носе або адхвастаць ганарлівую «паненку», даводзіла ёй вусныя прысуды: квелая, гнілая, тоўстая. Першыя два азначэнні з поваду таго, што Дана часта хварэла на ангіну. Апошняе – у параўнанні з бледнымі і худымі, што чарацінкі, пасляваеннымі адналеткамі – мала хто еў сытна – дагледжаная, з тварам ружова-вяршковага колеру Дана не адпавядала агульным «стандартам». Маці звяла добрую частку свайго гардэробу і ездзіла па камандзіроўках, але «дзіця» было сытае. Калі Ніне зусім ужо карцела дапячы Дане, яна пачынала выводзіць рэчытатывам: «Паненэчка мала, рана дысей ўстала…» Што падкрэслівала эксплуататарскі сэнс Данчынай істоты і перавагу сялянства Ніны.

Дана вяла, так бы мовіць, лінію грамадзянскага непаслушэнства. Ніна, калі не было дарослых, мелася ўчыняць хатні дыктат. Дана касавурылася і вяла сваё. Тым часам Дана пайшла ў школу, на другую змену, і Ніна мела абавязак сустракаць яе. Дана вынаходліва шукала маршруты, вядомыя толькі ёй адной, і шыбавала дамоў з сяброўкамі. Злацешылася Ніна, калі Дана заліла сваё белае цыгейкавае футра чарніламі. «Во, глядзіце, нягодніца! Пястунка матчына!» Дана не апраўдвалася. Што зробіш, даводзіла сваё блазнюкам-хлопцам, што дражнілі яе. Дана выліла ім на галаву ўсю сваю «непралівайку» – былі такія чарніліцы. Пацярпела і сама, але ж дражнілкі скончыліся. Ніхто нікому не жаліўся: закон гэты правілі ўсе.

Урэшце яны з Нінай сталі суіснаваць, прымірыўшыся з непазбежнасцю прысутнасці адна адной. Калі Дана перайшла ў восьмы клас, Ніна з’ехала ў горад Калінінград, былы Кёнігсберг. Пабрала там, ці то на шчасце, ці на няшчасце, шлюб з равеснікам Даны – і дагаджала яму як магла. А Дана з маці ездзілі аднойчы ў той горад да яе ў госці, як Дана перайшла ў дзясяты клас. Калі Дана стала дарослай, да яе неадноечы прыязджала Ніна з мужам – на правах пяшчотнай выхавацелькі і клапатлівай гаспадыні. Дана зла на яе не трымала, але і злагады таксама не было. Можа, таму, што пасля Ніны з’явілася Зося, вясёлая, гаваркая. Смажыла смачныя катлеты, цыравала ўсё, што было ў хаце, лічыла кожнага паўрублёвіка. І – галоўнае – любіла Дану. Не гаварыла пра тое, але Дана заўсёды гэта адчувала. І дзяўчынай, і дарослай. Спрабавала быць уважлівай, хаця не заўсёды ўдавалася: марнасць марнасцяў, жыццёвая мітусня.

Тым часам дзед з’язджаў – і надоўга – у іх горад. Некага шукаў і не знаходзіў. Некага знаходзіў і, падобна, радасці ад таго вялікай не меў. Маці таксама амаль што не бывала дома. Летам збіраліся пераязджаць. Спачатку ў Баранавічы. Ніна таксама кіравалася з імі.

У Баранавічах яны жылі – ці не з месяц – у старшыні калегіі адвакатаў. І ягоная жонка ўсё нагадвала: «Вось забяру Дану, і мы з’едзем да Ракасоўскага». Дана мела тую пагрозу за сур’ёз і мысліла: «Ракасоўскі – няблага, бацькі ў яе ўсё роўна няма, а той – маршал і з выгляду прыгожы: у кінахроніцы паказвалі. Да таго ж асоба надзвычай папулярная – хто яго не ведаў на тую пару на Беларусі! – чаму б і не. Але ж маці відавочна была ёй больш даспадобы, як гэта гаваркая кабетка. Маці густоўна апранута, маці – адвакат, а не хатняя гаспадыня, маці ўсе паважаюць, лічаць, што практыкуе яна вельмі ўдала. Да сораму свайго, да высновы, усведамлення, што яна, маці Даны, Вольга Станіславаўна Азарэвіч – для яе адзіная ў свеце, Дана прыйшла пазней.

Ну, але старшынёва жонка да Ракасоўскага не спяшалася, а неўзабаве Азарэвічы з’ехалі на іншую кватэру. З той прыватнай кватэры доўга помнілася акно з выстаўленай шыбай і без фіранак. Там іх абрабавалі. Знеслі ўсё – нават мытую бялізну, і шторы, што чакалі праса і былі акуратна складзены на стуле. Засталіся Азарэвічы – як стаялі. Дзякаваць Богу, быў лістапад, і снежны, то ўсе былі ў зімовых паліто.

Да таго ж яшчэ з Вілейкі маці Даны ездзіла – чамусьці ў Гомель – па багаж. І папрасіла нейкіх сімпатычных самавітых людзей, мужа і жонку, пасцерагчы хвілінку іх валізкі. Калі Вольга Станіславаўна вярнулася, тых дабрадзеяў як чорт хвастом накрыў. Разам з куфрам, дзе было багацце Азарэвічаў: Бібліі, кнігі, альбомы са здымкамі, дакументы іх сям’і, розная драбяза, пра якую гавораць: дарагія як памяць. Зніклі і дзве валізкі з кнігамі. Усё гэта было цяжэннае – і наўрад ці спатрэбілася тым рабаўнікам. А дзед і маці ўчарнелі ад тых страт. Дзед маўчаў, Вольга Станіславаўна ведала сваю правіну – сапраўды, толькі яна магла ў сорак чацвёртым (!) ваенным годзе займець вялікі давер да незнаёмых людзей.

А ў Даны з тых падзей пэўная старожкасць засталася на ўсё жыццё.

І калі ў хаце з вокнаў здымалі фіранкі, парадкуючы хату перад святамі, а вокны, як запаляць святло, зеўралі адкрытай цемрай, Дана заўсёды адчувала няўтульнасць і трывогу. І прысутнасць зладзеяў у свеце.

Яшчэ горш за зладзеяў помнілася клятая табліца множання. Яе вучылі якраз тым часам, як жылі на той кватэры. Большага пакарання, як вучыць табліцу, не было. Потым засвоілася неяк сама. Але са школьнай навукі, што давалася лёгка і неўпрыкмет, найвышэйшай пакутай выдавала тая табліца.

У Баранавічах, здавалася, усё было супраць іх. Нават у дзень нараджэння Даны. Менавіта тады Ніна кляла яе: «Гэта ж не дзеўка, а чорт з макам. Квелая-квелая, а тут – зямля ж гарыць пад нагамі!» Прынамсі, прычына для гневу была: новая блакітная маркізетавая сукенка да прыходу дарослых мала што пераўтварылася ў нешта невыразна шэрае і выразна бруднае, дык шматок ад яго застаўся – навекі – на баранавіцкім плоце. Да прыходу Ніны (яна выкіравалася на кірмаш) Дана, пабіўшыся аб заклад, з гонарам асвойтала вішню і чарэшню, і, уздзябурыўшыся на плот, падбіралася да клёна. Пачуўшы лямант Ніны, тарганулася, і… высветлілася, што маркізет – не самая трывалая матэрыя. Ну праўда, заклад у сына гаспадароў і яго сябрукоў – яны перайшлі ажно ў чацвёрты клас – выйграла Дана. Хто гэта выдумаў, што дзяўчаты не ўмеюць лазіць па дрэвах? Хто? У іх дурны футбол, і ў вайну яна гуляць, пэўна, не будзе, ажно тут – трымайцеся, жаўнеры! (Хлопцы ўсё меліся падкрэсліваць, што яны – будучыя ваяры.) У Даны свае меркаванні ёсць – але ўсё тое вялікая таямніца: яна яшчэ стане – не кім-небудзь, капітанам дальняга плавання! У свае сем гадоў – не, ужо восем! – яна не мела ў тым сумніву.

…Пазней Дана неаднойчы была ў Баранавічах, і неяк не выпадала трапіць у Вілейку. Так і засталася Вілейка горадам, у якім ёсць утульная гасцінная хата. Дзе святкуюць Каляды. Дзе цудоўнае паветра. Дзе бываюць розныя прыемныя выпадкі. А Баранавічы ляглі на памяць як горад перасадак, пераездаў, непрыемнасцяў… Для некага таксама, мабыць, засталіся горадам дзіцячай мары… Але тое ўсё было пралогам, інтэрлюдыяй. Галоўнае – было ў іх горадзе. Дзе было незалежнае жыццё душы. Замак. Касцёл. Ваколіцы. Школа. Сябры. Настаўнікі.

Суседзі. Людзі яе жыцця.

У святой краіне выгнання

Подняться наверх