Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 20
Раздзел І. Святло загадкі
Вясна
ОглавлениеАле ж затое якім хвілінам відавочна спрыяў Анёл! Зімой. Летам. Вясною.
Вясна звінела і ззяла ручаінамі, што дзелавіта і весела спяшаліся па Мінскай, Гродзенскай, Слонімскай, Першамайскай. Сонца нібыта разляцелася на мноства аскепак-бліскавак і вырашыла кватараваць на зямлі.
Плылі званы Барысаглебскай і Мікалаеўскай цэркваў, нястомна прастуджанымі галасамі вялі гамонку вароны. Заканчвалася чвэрць, надыходзіў канікулярны тыдзень. Надыходзіў Вялікдзень. З урачыстымі тварамі людзей у касцёле.
З кнігай, якую дала чытаць пані Магда. «Аповесць пра адну душу». Аповесць святой Тэрэзы з Лізьё. І «здагадалася, даведалася, што кожны чалавек мае сваё прызванне і свой крыж… А святыя адным фактам свайго існавання ператвараюць зямлю граху, нянавісці і пакут у прыстанак праведнасці, любові і дабрачыннасці…»
Праз гады ў яе горад і да яе фары ехалі людзі, каб пакланіцца пакутніцам-назарэтанкам.
Можа, таму ля касцёла так любіла быць Дана? І адчувала – тут запаветны прыстанак душы, адчувала ўлонне вялікага жыцця Боскага і Натуры, у іх спалучэнні, і спрычынялася сваім абмежаваным чалавечым «я» да агромністай сакральнай Існасці, да субстанцыі Спрадвечнага. Дана не знаходзіла для гэтага слоў, яна адчувала толькі незвычайнасць і самадастатковасць быцця. Боскае Хараство ў яго прастаце і адзінстве.
І нейкім чынам у гэтае адзінства ўваходзіў і гоман Першамая. І радасць вясны. Калі можна было скінуць паліто і лёгка рушыць у школу, адтуль на плошчу. А там рубілі рытмы аркестры, нешта крычалі з трыбуны, і яны, школьнікі, голасна вялі сваё «ўра».
Ці меліся яны задумвацца над семантыкай фразы «свята працоўных»? Над значэннем лозунгаў і колерам штандараў? Не. Штандараў было мала, неслі больш кветкі, жывыя і папяровыя, нейкія стужкі, папяровыя ўпрыгожванні. І галоўнае – была вясна, было свежаблакітнае неба, выпырсквала першае зяленіва, звінела сваімі песнямі птаства, гукала вясну.
Хараство правіла сваё свята. Прымавэра… Прымавэра… Вяртанне вясны. Пасля дэманстрацыі яны звычайна ішлі на замак, у парк. Спявалі. Гаманілі. Што спявалі? Пра што вялі размовы? Гэта не мела значэння. Істотным было тое, што прыйшла вясна. Яна была сугучная з іх гадамі. З іх светаадчуваннем. Яшчэ кожны дзень пачынаецца ўваходам у цудоўнае, існуючае Існае – рэча-існасць.
А экзамены, што былі наперадзе, – яны іх здавалі, пачынаючы з чацвёртага класа кожны год, – толькі нагадвалі пра іншыя бакі заведзенага парадку, надавалі раўнавагу. Не дазвалялі істоце падпарадкавацца выключна буйной весялосці ўваскрослай натуры.