Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 9
Раздзел І. Святло загадкі
Вопыт суіснавання
ОглавлениеЦі не самыя прыкметныя суседзі былі Хмары. Іх хата – першая ад касцёла: два, адзін да аднаго, блакітнашэрыя дамочкі, прыгожая альтанка, гарод, два клёны, што звісалі над агароджай. Пазней новыя гаспадары ссеклі тыя клёны – яны ім цянілі агарод. І альтанка знікла…
Тады… Пані Хмара ў свае ці не дзевяноста гадоў дайсці магла ўжо толькі да плота свайго дворышча. Аднак – у капялюшыку, пальчатках, у гарнітуры шляхетна-арыстакратычнага пэрлёва-шэра-бэзавага колеру. Яе муж ішоў у касцёл таксама ў шэрым гарнітуры, абавязкова з парасонам – тросткай-лясачкай. Сёй-той памятаў яшчэ, якія скалікі строілі мясцовыя кабеты, калі гэты хлопец-зух, бухгалтар (прафесія – не на млыне кола круціць), у свае крышталёвыя дваццаць гадоў узяў шлюб са статэчнай удавой удвая старэйшай за яго.
Час замірыў і тыя порсткія плёткі, і прыцішыў дваццацігадовую розніцу, нібыта зменшыў яе. Двое людзей спакойна і годна падыходзілі да канца свайго жыццёвага шляху. У Даны яны так і засталіся на памяці. Сышлі з гэтага свету яны, калі Дана вучылася ў Мінску, неяк не за яе прысутнасцю, і не засталося адчування страты, што накладваюць немінуча хаўтуры. Нібыта адышліся Хмары – як дзень позняй, але прыветна-лагоднай восені.
А насупраць касцёла жылі дзве сястры Жыжылеўскія. У іх былі самыя прыгожыя флёксы ў гародчыку. А ў гародзе было ўсяго патроху – бульбы, гуркоў, маліны, трускалак. Гарод сыходзіў да дрэў, што выструніліся, як жывы плот. За дрэвамі – яркая, прыгожая лугавіна. За домам Жыжылеўскіх быў размешчаны дзіцячы дом, былы пансіён назарэтанак, адабраны ў іх падчас вайны немцамі. Праз шмат гадоў Дана прачытала ў адной кніжцы, выдадзенай у Ватыкане, што Хмары далі прытулак назарэтанцы сястры Імельдзе, калі немцы сталі гаспадарыць у доме сясцёр Хрыстовых.
А ў доме Жыжылеўскіх, на пару юнацтва Даны, жыла сястра Малгажата, калі адчынілі касцёл, месціўся першы святар, які распачаў афіцыйныя набажэнствы ў касцёле.
За дзіцячым домам жыла Хайтайба. Яна продала гародніну: моркву, капусту, буракі, памідоры, гуркі, цыбулю. І сама Хайтайба нагадвала нейкі дзіўны гароднінны гібрыд – ці то капусты з буракамі, ці то морквы з памідорамі. Разбухлая, з абсівераным рыхлым тварам, у нейкіх трантах: немагчыма было разабраць, дзе спадніца, дзе камізэля, дзе хустка.
Палонскія, што жылі насупраць Азарэвічаў, пабудаваліся тут, прыехаўшы з вёскі, і ён адразу пачаў рабіць на мясакамбінаце. Жонка была праваслаўная, ён – каталік, святы ў іх звычайна падвойваліся, але, дзякаваць Богу, хапала і на працяглыя Каляды, і на велікодную двухтыднёўку, і на будзённы дзень. Гэта іх пляменніку надавала вялікай увагі Ніна, а заадно і ягоным сваякам.
І мала цікавасці мела да суседзяў побач з іх домам – прырода любіць захоўваць раўнавагу.
А побач з домам Азарэвічаў на месцы згарэлага котлішча ўсталяваўся чалавек сур’ёзны, акуратны, якога чамусьці ўсе звалі не па імені, не па прозвішчы, нават не па мянушцы, а выключна па роду заняткаў: цырульнік. У яго ўсё было дагледжанае і акуратнае, як бы стрыжанае і прычасанае. Хата з зашклёным ганкам, садочак, гарод. І ён сам, і яго жонка. І дачка іх, якую малой ніхто неяк і не бачыў і не чуў, нібыта яна адразу стала падрослай, падгадаванай.
З другога боку Азарэвічаў жыла ўладальніца Дзюма і іншых прыцягальных тамоў – Варвара Мікалаеўна са сваёй даўняй пакаёўкай, а цяпер з жанчынай, што вяла ўсю гаспадарку і мелася трымацца заведзенага некалі стылю адносін. Палову будынка ў Варвары Мікалаеўны рэквізавалі, і там жылі нейкія нетутэйшыя людзі. Заўважная была адна жанчына. Летам у нядзелю яна расчыняла вокны і дзверы і брала на змор усіх суседзяў, ставячы адну і тую ж пласцінку. «Валенки, валенки, да не подшиты, стареньки», – салодкім, густым рэчытатывам выводзіла Русланава. Сама ўладальніца пласцінкі часам выходзіла на ганак – да вялікага здзіўлення і гневу Варвары Мікалаеўны, у блішчастым цвяцістым капоце, які ўсё расшпільваўся у самым нечаканым месцы, і – да яшчэ большага канфузу гаспадыні дома – пачынала лузгаць семкі пад любімым бэзам Варвары Мікалаеўны. Ну, але тая жанчына вольная бывала толькі зрэдзьчасу, і зазвычай тут было ціха і спакойна, і ніхто не спакушаўся на этычныя і эстэтычныя асновы тутэйшых.
Затое Варвара Мікалаеўна ставілася з павагай да насельнікаў хаты, дзе жылі настаўнікі. Выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Надзея Адамаўна і расійскай – Марыя Пятроўна.
Дом быў прыкметны яшчэ і тым, што жыў у ім некалькі гадоў фізік Яфім Пятровіч, што кіраваў у школе струнным аркестрам, а сваім прадметам быў захоплены так, што калі пачынаў тлумачыць урок, дык завітваў у такія эмпірэі, дзе яго ўжо мала хто разумеў, а ён нікога не чуў і не бачыў. Тым не менш – яго любілі, трошкі пацвельваліся, але не злосна, і ў свой аркестр ён нейкім чынам зацягнуў і старанных адэптаў школьнай навукі, і кончаных бэйбусаў.
У доме, дзе жылі Азарэвічы, былі яшчэ тры кватэры. Той самы ларынголаг на першым паверсе, што часам абвяшчаў сваю нязгоду ці то з нейкімі высновамі свайго сямейнага жыцця, ці то ўвогуле са светапарадкам – тады ў іх хаце было шумна, гаспадар аказваў уладу спосабам старым, як шлюбны лад, і жонка выяўляла незвычайны для яе важкой постаці спрыт, порстка выскокваючы праз акно.
Пасля перасялення Мазуркоў у гэтай трохпакаёўцы часта мяняліся гаспадары. Жыла старасвецкая пара з сястрой жонкі. Сястра, Вольга Іванаўна Ліпская, змусіла, не быўшы вялікай дзяячкай, адседзець тэрмін «за польскім часам», з прычын палітычных. Не пакінулі яе сваёй увагай немцы. Ну, а паваенныя саветы далі тэрмін трывалы. Аднак Вольга Іванаўна, у акулярах такой таўшчыні, што вачэй не відаць, была сталай чытачкай бібліятэкі, праглынала ўсе часопісы і закідвала Дану пытаннямі. А што там Еўтушэнка? Той толькі набываў вядомасць. А што піша Аксёнаў? А як зараз пачуваецца Максім Танк? А хто гэта – Уладзімір Караткевіч? А што новага надрукаваў Брыль?
Нязбытная была ў гэтай жанчыны цікавасць да людзей. І вера ў добрае. Зведала пакуты, спазнала іх сэнс і перастварэнне душы пакутамі і праз тое – глыбінную сутнасць быцця… І дзень развітання з ёю быў вясновы, ясны, пагодны. І Анёл у цені сваіх крылаў, мабыць, узважваў у той дзень на сваіх вагах меру дабраты і даравання… Можа, заўважыў і машыну Антона Іванавіча, суседа яе, што выпраўляўся ў чарговы рэйс. Машыну сваю ён любіў, даглядаў, як рысака з радаводам, і вёў свой аграмадны «МАЗ» адначасна засяроджана і гуляючы. І з далёкіх сваіх рэйсаў вёз усё ў свой дом. Дзе была жонка, Ліза, пра якіх у народзе кажуць: «У дзеўках – поўная вуліца, у жонках – поўная печ». Што тых слоікаў – з варэннем, з кампотамі, што кумпякоў вяндліны, кілбасаў – было-было ў доме.
А галоўным аўтарытэтам у доме была Вольга Станіславаўна. Хіба што жыхары на першым паверсе, у двухпакаёўцы, не падзялялі таго піетэту. Самога, таямнічага супрацоўніка НКУСа, амаль ніколі не было ўдома. Затое яго адсутнасць кампенсавалі сваёй неаспрэчнай заўсёднай прысутнасцю жонка Клаўдзя Фёдараўна і яе маці. Абедзве яны нідзе не рабілі – вялі дом. Вялі ўзорна, Клаўдзя Фёдараўна, маладая жанчына, мабыць, мела ахвоту быць на людзях, але з-за адсутнасці асяродка, што мела б столькі ж вольнага часу, як яна, больш займалася хатай, і цэлымі гадзінамі яны з маці сядзелі на вышараваным да жаўцізны, як і лесвіца, ганку і вышывалі. Клаўдзя Фёдараўна была гладка ўчасаная, з тонкімі рысамі твару, дагледжаная, ненатомленая, зазвычай у крэпдэшынавых квяцістых сукенках. Калі яна ўставала з ганка, дык здавалася, што нехта жартам падкінуў да гэтага тонкага твару і зграбнай таліі важкія, сялянскія клубы. Але Клаўдзя Фёдараўна на комплексы не пакутавала, была задаволена сабой, сваім жыццём, дагледжаным домам, магчымасцю чытаць, вязаць, вышываць.
Летам яны, здавалася, жылі на ганку. А Данчына маці адчувала няёмкасць ад гэтай кожнадзённай варты – яна праходзіла спрацаваная, не заўсёды ў гуморы, і ёй былі зусім недарэчы позіркі гэтых вольных, адпачыўшых жанчын.
Не была ў вялікім захапленні ад візітаў Іры, пляменніцы Клаўдзі Фёдараўны, і Дана. Сталічная госця была ўпэўненая, да правінцыялкі Даны ставілася звысоку, аднак таварышаваць ёй, падобна, тут больш не было з кім. І яны хадзілі разам гуляць у «два агні». Наладжвалі на ганку дома гульні ў «ручаёк», «глухі тэлефон», «фанты», «садоўніка».
У «ручайку» нехта «няпарны» падбіраў сабе «да пары» з тых, хто выстройваўся ў шэрагі пар. У «садоўніку» кожны браў сабе назву кветкі – ружа, лілея, бэз… А «садоўнік» крыўдаваў на тое, што ўсе кветкі яму абрыдлі, акрамя… Тая кветка, якую ўпадабаў «садоўнік», крычала: «Ой», а на пытанне: «Што з табой?» адказвала: «Закаханая»; а на чарговы запыт: «У каго?» мелася назваць чарговую «кветку»…
Гульні нечым падабаліся. Магчыма, тым, што лёгка так вымаўлялася пакрыёмае слова «закаханая», а яшчэ і выбарам – часам ён прыпадаў на таго ці на тую, на каго прыпадала і ўвага ў жыцці. Як і ў тым «ручайку» – трэба было ўзяць за руку, прайсці разам, нахінуўшы галовы праз узнятыя рукі: адчуць сябе абранай, выбранай і мець магчымасць выбраць самой. Проста так, як то бывае ў маленстве і юнацтве. Ты пэўна ведаеш, што гульня – гэта гульня і ўсе трымаюцца яе правіл. І ўсё «понарошку» і крыху сур’ёзна. І нібыта не толькі Анёл у цені сваіх крылаў паблажліва пазірае аднекуль з бліжэйшага ад замкавых вежаў воблака, але і цэлы гурт небанасельнікаў злёгку пасміхаецца з наіўнага спектакля, рэпетыцыі і будучага дзейства, што ў рэальнасці часта несла ў сабе магчымасць махлярства, аблуду, здраду, імкненне перахітрыць, нешта схаваць, а ў нечым пазначыць тое, чаго там ніколі не было. І тым больш чароўнай і нязмушанай чулася музыка былога, якою тут, здавалася, было насычана паветра, і незвычайнымі здаваліся зусім шараговыя суседскія хлопцы і дзяўчаты. І нават просценькая камізэлька выдавала рэнесансным калетам ці якім-небудзь шыкоўным брандэбурам часоў Людовіка XIV. А ўвогуле такое прымройвалася на хвіліну, бо гэтыя постаці рэальнасці выдавалі толькі чарнавым накідам тых, што павінны былі з’явіцца ў «сапраўдным», «дарослым» жыцці. Нейкі гібрыдабсалют – з кніг Дзюма і Грына, Джэка Лондана і Майна Рыда. І герояў фільмаў: Жана Марэ і таго невядомага, што быў на экране Робінам Гудам. Жыццё пазней крышыла і ламала стэрэатыпы і класічна-юнацкія ўяўленні: істоты са знешнасцю Марціна Ідэна аказваліся Санча Пансамі, а Жульены Сарэлі лічылі сябе Сірано дэ Бержэракамі. А паскуднікі, накшталт тых, што жылі каля МТС, рабіліся начальнікамі і неяк мелі гарт захоўваць свой статус пры ўсіх выкірунках грамадскага лёсу. Якое пакаранне ўзважваў для іх на сваіх шалях Анёл у цені сваіх крылаў?
А хлопцы, што жылі за МТС, заўсёды дражніліся – неяк цёмна, малазразумела. І адчувалася – вельмі крыўдна. Дана не ведала іх у твар, былі яны нейкай падплотнай, бруднай масай. Заўсёды вышчэрваліся наўздагон – і адразу збягалі. Заставалася ўражанне, што яе закідалі камякамі зямлі…
Такі ж быў Драбышэўскі ў іх класе. Паскудненькі, хітранькі. І, як пазней зразумела Дана, заўсёды згаладнелы. Калі ў школу прывозілі батоны з разынкамі – за два рублі трыццаць капеек, Драбышэўскі хапаў батон і глытаў яго за некалькі хвілін. Можа, таму і быў такі злосны?