Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 12
Раздзел І. Святло загадкі
Дыялог
ОглавлениеЗатое вось гэтае свята было заўсёды з ёю. Будзённым днём. І ўрачыстым. У дзяцінстве і ў сталым веку. Вежы замка, касцёл пад чырвонай дахоўкай, зачынены і напаўразбураны, але ўсё роўна прыгожы касцёл дамініканаў, звівы вуліц, з якіх вясной лятуць маладыя і рамантычныя ручаіны – адвеку і заўсёды – маладыя і рамантычныя. За Ягайлам, за Міцкевічам, за Пілсудскім, за Брэжневым – маладыя і рамантычныя.
Ім няма справы, які ў каго настрой. Які час, якая эпоха: ці то паскілзаюцца на схілах горада вершнікі магутнага князя, ці то фанабэрыста ляціць вазок асадніка, ці то фукае маторам эмтээсаўскі «газік». Зімой гэтыя вуліцы-горкі – пакаранне для ног, што ўжо досыць папахадзілі па зямлі, і вясёлая рызыка для ступакоў гарэзліва-ненатомленых. Канькі, прыстасаваныя да валёнак пастромкамі і драўлянымі друзачкамі (шык пасляваеннага часу), імчаць адсюль самі. І кожны хлопецзух пачувае сябе ўвасабленнем руху, вечна маладым, назаўсёды спрытным, на ўсё жыццё – бесклапотна-вясёлым. Імгненні лятуць, бы святочнае канфеці, свет – поўны зіхоткіх чараў.
Дана не мела ні такога спрыту, ні такое рызыкі – яна з’язджала з замка на лыжах. Ці седзячы на ўласным футры. Разам са шчанюком Вітусам. А ягоная маці – аўчарка Рэгіна – пяшчотна-паблажліва пазірала на малечу: свайго нашчадка і маладую гаспадыню. Хай сабе гарэзуюць – на тое і маладосць. Колькі год было Рэгіне – ніхто не ведаў. Як вывез з Нямеччыны вайсковец, што займаў да іх кватэру, той самы, у якога была набыта дубовая шафа. Азарэвічы ці не месяц-другі жылі ў адным пакоі, пакуль маёрава сям’я не з’ехала ў Пухавічы. Ці то нечым упадабала Азарэвічаў Рэгіна, ці то былі яшчэ якія абставіны ў яе сабачым жыцці, аднак праз нейкі час аўчарка з’явілася ў іх доме. І стала паўнапраўным сямейнікам. Прыгажуня. З вачыма, што разумелі ўсё. Калі былая гаспадыня Рэгіны, маёрава цешча, гулькаючы пульхнага – вочак не відаць – дзіцёнка-ўнука, прыгаворваючы: «Ой-ёй-ёй, шейка, как у чаечки», – Рэгіна паглядала на яе відавочна іранічным позіркам. Можа, таму і трапіла ў няміласць?
На Дану, Рэгіну, Вітуса, на ўсіх гараджан пазіралі звысоку вежы замка. Што ім да згрызот гэтых часовых насельнікаў? Яны, вежы, стаяць тут стагоддзі. Што ім змена часоў? Рэжымаў? Нораваў? Строяў? Што ім да парафіян, што ідуць да касцёла? Да забудоў гэтых парафіян? Тэатральныя дэкарацыі чарговага спектакля часу. Хаця… Яны таксама частка дэкарацый. Ды і… толькі вежы. Толькі рэшты. Вось і храм дамініканцаў, замыслены на даўгалецце, на працягу аднаго жыцця Даны зачынялі, рабілі сховішчам, спалілі… і ўрэшце сабраліся рэстаўрыраваць. Той рэжым, на які прыпала значная, не, мабыць, большая частка яе жыцця, відавочна не быў у згодзе з вечнасцю. І са старадаўнінай. Тое, што прыйшло на замену, таксама было мала падобна на патрэбны людству лад. І тых, і другіх гаспадароў жыцця хто вёў шляхам Розуму? Шляхам Памяці? Шляхам Любові? Якім было іх sensibilite – адчуванне? Чаму адны выракліся Таямніцы, а другія, падобна, абвясціўшы свабоду, выракліся ўсяго, што цэніць чалавек? Палітыкі ставяць спектаклі часу – «до полной гибели всерьез», надаюць маштабы мізэрнаму. Гуляюць гульні эпохі.