Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 14

Раздзел І. Святло загадкі
Прынцып абсурду

Оглавление

99,9 працэнта – іншых лічбаў статыстыка краіны не ведала. Толькі так – амаль аднагалосна. У адзіных шэрагах. У адзіным парыве.

«Адзіны парыў» рыхтавалі настаўнікі, службоўцы, розныя канцылярысты, актывісты-рабочыя. І, безумоўна, павінны былі весці рэй юрысты. Маці некалькі месяцаў запар прыходзіла ледзь не апоўначы. І яны, разам з Галінай Яўгенаўнай, суддзёй, ішлі пешшу – лютаўскай завеяй, па вёсках. З’яўляліся закуржавелыя, скасцянелыя – варылі бульбу, пілі гарбату. Галіна Яўгенаўна, адтаўшы, голасна смяялася і расказвала, як яна рабіла ў міліцыі маскоўскага метро. А на выбарчы ўчастак суддзя з’яўлялася, як на свята, у яркай-яркай сукенцы – гэты колер лічыўся надзвычай модным і зваўся «электрык». У працэсе і на працы Галіна Яўгенаўна заўсёды была ў суровым англійскім гарнітуры – ён выглядаў на ёй мундзірам. Можа, быў перашыты са старой формы? У госці ж да Азарэвічаў яна прыходзіла ў той самай яркай сукенцы, што і на выбары, заўсёды спявала, нібыта ўскрыквала, нейкія рускія прыпеўкі. І распеўна вяла шчымліва-голасныя песні. «В красной рубашоночке, хорошенький такой», – захаплялася Галіна Яўгенаўна.

Дзень выбараў быў што судны дзень. Маці падрывалася ледзь не сярод ночы: у шэсць гадзін трэба было ўжо адчыніць дзверы выбарчага ўчастка і быць напагатове. Здаецца, гадзіны са дзве-тры камісія сядзела там самнасам. Потым пачыналі паціху ісці выбаршчыкі. Гадзіне а дванаццатай аж гул ішоў. А ў дзве гадзіны агітатары пачыналі шныпарыць па адрасах. Хто не прагаласаваў? Тое было страшэнным грахом – адмовіцца ўдзельнічаць у выбарах. Калі хто настойваў на сваім вольным праве не галасаваць – больш за ўсё пакутавалі агітатары: не змаглі давесці важнасць падзеі, садзейнічаюць парушэнню блока камуністаў і беспартыйных.

Маці Даны і Галіна Яўгенаўна, так бы мовіць, сімвалізавалі сабой той блок – і шчыравалі як маглі і нават больш за свае фізічныя магчымасці. Маці пасля ўсіх урачыстых падзей пакутавала на галаўны боль – потым высветлілася, што гэта былі гіпертанічныя крызы. Галіна Яўгенаўна таксама не цвіла здароўем.

Ну, але то быў нуднаваты і афіцыйна зацыклены свет дарослых. Для Даны і яе адналеткаў цікава было зусім іншае. На ўсіх выбарчых участках – у дзвюх школах, у тэхнікумах, у школе механізацыі – грала музыка. І можна было зусім свабодна, без запрашальных білетаў ці яшчэ якіх «квот» зайсці і танчыць. Незалежна ад узросту. Увогуле Дана не спяшалася стаць дарослай. Але ў дарослых было досыць многа пераваг, перш-наперш – незалежнасць. І магчымасць заходзіць куды хочаш – так ёй здавалася. А падчас выбараў у іх, падлеткаў, з’яўляліся перавагі. Ніякіх абавязкаў, нават галасаваць не трэба, а танцаваць можна колькі заўгодна і дзе заўгодна.

Урэшце выбарчая мітусня заканчвалася. Абраннікі народныя, клішыравана падобныя адзін да аднаго, займалі свае месцы на партрэтах, якія выцягвалі аднекуль падчас дэманстрацый. Здавалася, што нідзе канкрэтна, акрамя тых сховішчаў і партрэтаў, яны не існуюць.

Пазней Дана столькі разоў і ў такіх кантэкстах чула пра свабоду выбараў. Бачыла змены дэкарацый і змены «каравула» і асноўных дзеючых асоб, але галоўнае заставалася нязменным: прага ўлады, мітусня слоў пра волю, пра шчасце народа, а шчасце ўсё неяк, паводле вялікага паэта, было такім блізкім, такім магчымым, але заўсёды блукала, вандравала недзе не там, дзе быў яе народ, людзі, што жылі побач з ёю. І прыходзілі новыя гаспадары, з тымі ж і з новымі лозунгамі – а нічога не мянялася. Стракацелі новыя героі, з іх ужо не паспявалі рабіць партрэтаў, абыходзіліся фотаздымкамі і кадрамі хронікі – тым часам тэлехронікі, бо скрынка гэта замяніла сабой і сад, і агарод, і шпацыры, і відовішчы. Прынамсі, для большасці яе суайчыннікаў. І не суайчыннікаў таксама. Прыходзілі новыя, спрачаліся, ішлі напярэймы, выходзіў наперад зазвычай не лепшы. І ўсё адбывалася наноў. Круг рабіўся шырэйшы, але заставаўся кругам. Колцам. Палітычныя міжсабойчыкі. Мастацкія міжсабойчыкі. Каляграшовыя міжсабойчыкі. Там таксама былі таленавітыя, менш таленавітыя, зусім бязладныя і бяздарныя, але пры пасадзе ці нават пры месцейку, што жывіла многіх, і вабіла, і давала калі не наедак, дык магчымасць падыграць, пакрасавацца, падстаўбуніцца. І якінебудзь вызнаны дзеяч Адраджэння цягнуў на п’едэстал побач з Блокам цётачку-паэтачку, якой цана ламаны грошык у самы ўдалы кірмашовы дзень.

Людзі Данчынага маленства – ці фарысействавалі, ці шчыра памыляліся, хто іх ведае, але цану памылкам сваім плацілі высокую, сваёй, не чужой, «гибелью всерьез». Галіна Яўгенаўна, пазней старшыня абласнога суда ў Гродне, калі яе везлі ледзь не ў непрытомнасці, каб рабіць тэрмінова пункцыю спіннога мозгу, даводзіла, лежачы на насілках: «Завязіце мяне ў суд. Мне трэба здаць партыйныя дакументы». Яна была сакратаркай партбюро. Цвікі, паводле таго вызнання паэта, былі б з яе кволай абалонкі нетрывалыя, але свой крыжовы шлях яна прайшла і Галгофу сваю займела. Дзеля чаго ахвяра? Яна была ўпэўненая, што дзеля спраўджанай справядлівасці. А ці была справядлівасць пазней? І ці ўвогуле яна была калі-небудзь на зямлі? Хіба што якімі момантамі. Спарадычна. Як нагадванне пра найвышэйшы закон. А што Анёл у цені крылаў? Што тыя сілы, да якіх звяртаецца амаль кожны, нават знявераныя, нават знясіленыя духам?

Пакуты і выпрабаванні – як сэнс жыцця з Хрыстом?

«Я вырашыў нічым не хваліцца, акрамя як Крыжам Пана нашага Ісуса Хрыста». «Цяпер радуюся ў пакутах маіх за вас і імкнуся дастачыць тое, чаго не стае ў плоці маёй ад пакут Хрыстовых». Ну, гэтае веданне было дадзена апосталу, а што нам, шараговым? Дане не хапала гэтай прасветленасці пакутай, хаця яна цярпліва трывала, надавала веры і тлумачыла сабе нават не тэарэтычна, а тым, што глыбей і вышэй за тэарэтычнае, – існаваннем Духа, што дае светлату і абнаўленне.

Выбар… Гэта заўсёды засталося нейкай стрэмкай у душы, нечым, што даецца цяжка і чаго хочацца пазбегнуць. Некуды адысціся, сысці. Збегчы. Выбар нагадваў пра дысанансы існуючага. І хацелася выпасці з рэальнасці, апынуцца ў нейкай прасторы і ў нейкім часе, дзе ўсе гэтыя мітуслівыя выбары, людзі, што лічаць сябе абраннікамі – людскімі і Боскімі – не ў цане. Дзе ўвогуле самога разумення «цана, каштарыс» не існуе. А ёсць упэўненасць, і вера, і тое адчуванне святла, што бывае толькі пасля цямніцы.

І няма ніякіх законаў, прэзумпцый невінаватасці, ніякіх дэфініцый, фактаў, доказаў… Арсенала з атачэння яе маці.

Дане падабалася і не падабалася прафесія маці. Падабалася – быць дачкой адваката. Маці адзіная ў горадзе мела такую прафесію. Гэта потым з’явіліся яшчэ яе калегі. Падабалася, што маці робіць «у судзе». Так казалі. Падабаўся знешні рытуал. «Устаць. Суд ідзе». І ўсе застываюць – як пры выкананні гімна.

Дане не падабалася, што прафесія юрыста грунтуецца на фактах, дэталях, дробязях. Гэтыя бясконцыя старонкі судовых спраў, што вывучала маці. Жыццё потым пасмяялася з Даны. У музеі яна, не самая дурная, заўсёды складала каталогі, рыхтавала выставы, пісала анатацыі. А нехта ездзіў ладзіць вернісажы, галёкаў з подмасцяў, красаваўся на імпрэзах…

Можа, і варта было стаць адвакатам? Патрэбны чалавек. Як стаматолаг. Як кравец.

Як гэта? «Хай згіне свет, але здзейсніцца правасуддзе!» – «Fiat justitia, pereat mundus!»

У святой краіне выгнання

Подняться наверх