Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 22

Раздзел І. Святло загадкі
Шпага Сірано

Оглавление

Пачалося гэта ў горадзе Гродне. Ці, мабыць, у гульнях – раней. Але тады, у паходзе, яны пабачылі горад над стромай гарой. Віраваў пад гарой Нёман, а ў горадзе былі каналы, масткі над імі, паркі і дамы, усе апавітыя хмелем і дзікім вінаградам. На ўсё жыццё ён застаўся адным з самых любімых гарадоў Даны. Не малы і не вялікі, утульны і зялёны. Чысцюткі і дагледжаны. Прыгожы.

За адным з каналаў ці то прытокаў Нёмана месціўся старасвецкі белы дом. У ім было мноства драўляных крэслаў і – таямнічае збудаванне: сцэна. З сапраўднай заслонай. І сапраўднымі акцёрамі.

Тэатр…

Прынамсі, тутэйшая трупа недзе давала спектаклі, была на гастролях. Слова якое! А тут – зноў жа – гастралявалі Алісава і Марцінсон. Зімою Дана бачыла іх у «Беспасажніцы». У кіно. Безумоўна, Дана лепш зірнула б на Кторава—Парватава. Злодзей, але… Ну, аднак, Бог з ім, з Кторавым. Ад саміх гэтых словаў – спектакль, гастролі, заслона – патыхала нечым незвычайным. Нібыта яна, Дана, наблізілася ну, скажам, да цудадзейнай чары… Граля? Не, мабыць, чары, у якую ўлілі напой, дзе размяшалі дзіўную рэальнасць, падобную і не падобную да той, дзе існавала Дана.

У святой краіне выгнання

Подняться наверх