Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 13

Раздзел І. Святло загадкі
Шчасце выпадку

Оглавление

Пэўна – той раніцы Анёл у цені сваіх крылаў відавочна паспрыяў ёй. З касцёла, калі Дана падышла да яго, даносіліся гукі – яна нават не ўсвядоміла адразу, што нехта спявае. Сапрана было чыстае, як усмех дзіцяці. Лірычнае сапрана, што мела, мабыць, схільнасць і да каларатуры. Старэнькі клавесін нягучна падыгрываў голасу. А голас не ляцеў, а ўзносіўся – і сціхаў недзе высока пад скляпеннямі, потым зноў – узнікаў і лёгка плыў далей.

Так было цэлае лета – дзяўчынка прыходзіла і слухала ў пустым касцёле голас. Пазней адбылося знаёмства з жанчынай, што пела. На вуліцы яна сама падышла да Даны. А тая не схацела звязваць голас, тыя хвіліны з будзённага выгляду жанчынай, у шараватай паркалёвай сукенцы. Чар голасу не супадаў з уражаннем ад яго ўладальніцы. Дана яшчэ была ў палоне рамантычных мрояў, і несупадзенне выгляду і голасу было не тое каб асабістай абразай, але відавочным непаразуменнем. Яна ніколі ў жыцці не будзе глядзець на хоры, нібыта яе можа прычакаць пакаранне Лотавай жонкі. І таму, што не схоча парушаць канон, і таму, што будзе баяцца пабачыць твары, зусім не падобныя на тыя, што ёй уяўляліся, калі яна чула спевы. Яна будзе толькі слухаць што-небудзь накшталт:

Чысцейша Панна,

Без жаднай сказы,

Усцеражы нас хвароб, заразы.

Ты найстрайнейша

Райска лілея,

Авей паветра —

Вітана будзь, Марыя!


Жанчыну Дана не ўпадабала, але ўражанне ад голасу ў касцёле засталося. Уражанне, якое выпадала з часавых і побытавых рэалій, незвычайнасць гукаў, за якімі нібыта і не было нікога – як быццам Высокі Дух субліміраваўся ў гэты ясны і высокі голас. І пустата касцёла, яго строгія і класічна вызначаныя абрысы толькі падкрэслівалі гэта, акустыка святыні несла гукі пад нефы храма, нагадваючы пра першапачатковую існасць музыкі, яе Боскую прадвызначанасць.

Тады Дана кампазіцыю жыцця ўяўляла сабе ідэальнай. Свет выдаваў добрым, прыязным, добразычлівым. У тыя гады ёй пашанцавала – яна мела стасункі з істотамі, што нібыта выпраменьвалі дабрату і цноту. На тую пару ёй гэта выдавала натуральным – хіба бывае інакш? І потым яна адчувала сябе безабароннай перад злом, не тое каб слабай, проста не была падрыхтаваная да тых хітрыкаў, якімі д’ябальскага складу дэміург надзяляе сваіх «пратэжэ».

Тады… жыццё давала ёй свае шчасныя знакі.

Тым днём яны былі з Ірай. Каля касцёла кульгаваты Яцак пілаваў, так бы мовіць, дровы. Былі то тоненечкія сухадрэвіны, але цягаць пілу аднаму было нязручна. І яны падбіліся дапамагчы. Узнагародаю былі дзве шклянкі смачнага малінавага сіропу. І – галоўнае – знаёмства. З сястрой Малгажатай. І пані Магдай.

Сястру Малгажату Дана заўсёды бачыла здалёк. Тая – нязвычна і прыгожа апранутая – доўгая спадніца, чапец. Не падобная ні да каго. Гэтая асобнасць адзеткам яе толькі падкрэслівалася – галоўнае было не ў тым. Адчувальным было eрisteme1, тое веданне, што было недасягальным для атачэння. Тое празарэнне існага, дачыненне да субстанцыяльнага – адухоўленасць. Для Даны, і не толькі для яе, сястра Малгажата была стварэннем іншага парадку. Хаця рабіла сястра, – а яна ўвесь час нешта рабіла, – «не ўжывала хлеба ляноты», – працу звычайную: гадавала кветкі, прыбірала касцёл (калі яна даводзіла яго да ладу? – з ранку да вечара касцёл быў адчынены), рабіла – з вялікім густам, вось тую самую, жывую аздобу з кветак, акрасу… Гатавала… Мыла…


Як пазней зразумела Дана, сястра Малгажата па сутнасці выратавала касцёл – ад нядобрых рук нядобрых людзей, пражыла не адзін і не два гады ў муры, прыняла пакуты хваробы веку: памерла ад раку лёгкіх.

Дана вазіла сястры Малгажаце з Мінска лімоны, цукеркі, нейкія прысмакі. А яе на вакацыі заўсёды чакаў букет хрызантэм, а ўлетку – пунсова-ружовыя трускалкі – іх сястра Малгажата прыносіла ў парцалянавым кошыку, абкладзеным лістом. Твор мастацтва, абразок местачковай культуры…

Маці Даны ў касцёл хадзіла нібыта выпадкова, між іншым. Адвакат, здаецца, не ўлада, і беспартыйная, але ўсё ж афіцыйная асоба…

Аднак Вольга Станіславаўна не адну ноч праседзела разам з пані Магдай, каб пісаць апеляцыі, – трэба адчыніць касцёл для вернікаў. Маці з таго таксама мела, мабыць, на тую пару рызыку… Як і ад знаёмства дачкі з жанчынамі пры касцёле. У жыццёвых, побытавых варунках – найперш з пані Магдай.

Пані Магда была чалавекам свецкім, святовым, у адрозненне ад сястры Малгажаты. Сваёй сям’і ў пані Магды не было – і Дане пашчасціла зазнаць увагу і спагаду яе. Дарэчы, Дана не разумела ні тады, ні пазней гэтага з жальбой прамоўленага: самотная, адзінокая. Пані Магда не была ні самотнай, ні адзінокай. Магчыма, то не было splendid isolation1, але было станам, які дае магчымасць засяродзіцца на руху душы, спрычыніцца волі духу, спазнаць мудрасць не затлумленага клопатам жаночым, сямейным існавання. Пані Магда не была ні маралісткай, ні ментаркай, яна проста прыходзіла да іх у дом. Да маці. Пазней, можа, больш да дачкі. Без нагоды. З нагоды. Яна адна называла Дану яе імем. «Панна Дамініка», – прамаўляла яна, пасміхаючыся. Хто і калі стаў клікаць Дамініку Данай – ніхто і не памятаў. І мала хто ведаў, што яна не Данута, як то павінна было б вынікаць са скарочанага імя. «Дамініка!» – пані Магда прамаўляла гэта нават радасна-ўрачыста. Потым мала хто ў жыцці яе так клікаў, але было тое неверагодна прыемным напамінам. Часам пані Магда давала сабе клопат аднавіць строі, часам распачаць якое шытво. «Крыху памадэліруем», – прамаўляла пані Магда. І яны мадэліравалі – больш, падобна, душу, як постаць. Калі была пашытая тая самая сукенка, якую саромелася апранаць Дана – занадта шыкоўная, – дзед быў задаволены: «Насі доўга. Колеры нашай дзяржавы». Пані Магда падтрымала: «Святыя колеры».

З пані Магдай яны вялі доўгія размовы падчас школьных і студэнцкіх вакацый. Калі Дана з’ехала ў Мінск, пані Магда пісала ёй: «Дарагая мая! Набліжаецца нікому не вядомы дзень Твайго Імя. Сапраўдныя твае імяніны. І толькі тая твая старая, несучасная сяброўка лічыць гэты дзень важным для цябе.

Ліст гэты ты павінна атрымаць напярэдадні, тады згадай сабе, што некалі жыла маладая, можа, прыгожая асоба з такім імем, што фігуруе ў календары. Звярніся да Яе, пад Яе абарону…

Не май сумніву, па той бок могуць быць у нас Сябры і Абаронцы. І калі нам цяжка, мы ва ўзбужэнні можам да Іх звяртацца і ў Іх шукаць парады. Толькі трэба прыслухоўвацца да Іх адказу, а можа, Іх адказ нам не заўсёды прыйдзецца даспадобы.

Мы жывём сённяшнім днём, але здараецца так, што тое, што сёння выдае важным, надалей у будучым прымае зусім іншую вагу».

«Sursum corda», – суцяшала Дану пані Магда. Sursum corda! Трымайся! Згадвала Дана пані Магду, калі было скрушна і крыўдна, калі лірычныя ілюзіі і рамантычныя мроі раструшчваліся безапеляцыйнай рэчаіснасцю, што шчарупкі пад ботам рыбара. І брала мудрую кнігу і чытала: «…бачыў я пад сонцам, што не прыткім даецца ўспешлівы бег, не харобрым – перамога, не мудрым – хлеб, і не ў разумных – багацце, і не спраўным – благасць, але час і выпадак для ўсіх».

Час і выпадак здараліся зрэдзьчасу, але здараліся. Былі дарункі жыцця. І знаёмства з пані Магдай і сястрой Малгажатай – з найважнейшых. І ведучы, больш падсвядома, у будзённай сумятні, падлік страт і набыткаў у адвечнай спрэчцы паміж марай і яе здзяйсненнем, спрадвечным і часовым, паміж Боскім і чалавечым, Дана ўсё сваё існенне ў чарадзе дзён адчувала іх прысутнасць у сваім жыцці як сімвал сапраўднага і справядлівага. Яны не прысутнічалі на дзействе яе жыцця, яны далікатна нагадвалі пра ідэалы і светлы наіў маленства.

Хаця рэчаіснасць пасміхалася з ідэалу і наіву. І ў гады маленства. І ў часы дарослыя. Падкідваючы дзействы па прынцыпу абсурду.

У святой краіне выгнання

Подняться наверх