Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 19
Раздзел І. Святло загадкі
Верасень
ОглавлениеУ кожным выпадку ёй аднолькава падабаліся і вакацыі, і шкаленне. Асабліва першыя, вераснёўскія дні.
Напрыканцы лета ў гародчыках расцвіталі настуркі і мальвы, цягнуліся з-за плотаў вяргіні. Падалі на зямлю пераспелыя яблыкі. У паветры з’яўляўся той непаўторны водар, што бывае толькі напрыканцы лета. Гэта той самы водар, у якім ёсць наіўнасць чакання і трывога пераходу з аднаго стану ў другі. Суцэльна вольная істота засталася за парогам першага верасня. Але і ўнармаваны, цалкам падпарадкаваны звычнаму цыклу дзень – яшчэ наперадзе. А пакуль што – некалькі ні на што не падобных тыдняў. Ужо заняткі – але няма нудотнага атожылка «маці вучэння»: няма чаго паўтараць. Няма кантрольных, і хатнія заданні нагадваюць хутчэй гульню – розныя ўводзіны, перадумовы, уступы. А затое – сустрэчы: за лета ўсе змяніліся больш, як пазней за гады. А затое – новенькія: цікава. Затое – новыя настаўнікі – адкрыццё.
Увосень і ўвесну Дана выпраўлялася ў школу паўз замак, вузенечкай сцежкай каля Буячыхінай хаты – потым ад той сцежкі не засталося ані знаку: адзін хмызняк. А тады можна было хуценька прабегчы тут, падняцца на горачку, прайсці па валейбольнай пляцоўцы, дзе пазней паставілі помнік Паэту, і з задавальненнем адштурхоўвацца ад гравейкі па шырачэзнай строме – да школы. Шлях гэты быў карацейшы, але не тое мела асобы смак. Ісці кругаля вуліцай было нецікава, тут ішлі ўсе, тут ты нібыта ўступаў у шэрагі і павінны быў крочыць крок за крокам у агульным рытме, агульным выяўленні, агульным… А ёй хацелася ісці сваім шляхам.
…Вокны іх класа глядзелі на гару, і падчас урокаў беларускай мовы і літаратуры па гэтай горцы гойсалі дзеці вайскоўцаў, вызваленыя ад заняткаў і гэтай мовай, і гэтай літаратурай, а яны ўсе – амаральна і непатрыятычна – зайздросцілі ім. Што гэта амаральна – Дана разумела і тады. Што непатрыятычна – даўмелася нашмат пазней. Што яны, бэйбусы на горцы, згубілі непапраўна многае – уявіла сабе таксама не ў тыя вераснёўскія дні. Ажно – яны так і не даведаліся аб прыгодах дзядзькі ў Вільні і пра тое, што было раніцай у нядзельку ў лесніка Міхала, не ведалі нічога пра адвечную песню, спраўджаную «ўсясільнай рукою тварэння»… Не адчулі горкай асалоды слоў:
Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,
Калісь глядзеў на сонца я.
І пазней – яны не ўведалі ні пра ўцеху думкі – выспу Патмас, на якую трэба ехаць у залатым чаўне ўспамінаў, бо «ўспаміны маюць вялікую моц». Ні пра ладдзю Роспачы і Хрыста, што меўся прызямліцца ў Гародні. Ні пра Алеся Руневіча, які хадзіў тымі ж сцежкамі, што і яны. Ні пра «смаленне вепрука». Ні пра краіну Ідылію.
Тады Дана не магла ўсвядоміць гэтага і не брала да галавы тых думак. Але ж у ласкавы вераснёвы дзень, калі самая пара ўсё кінуць і гойсаць па парку, яны, пакутнікі, павінны сядзець на ўроку суседкі Даны, Надзеі Адамаўны. Праз нейкі час пра «шчасліўцаў» на горцы забываліся і слухалі – пра Нясвіжскую семінарыю, пра Горы-Горацкую акадэмію… Голас Надзеі Адамаўны ўтульна парыпваў, як пяро на паперы, а рука секла паветра, нібыта падкрэслівала яе ўлюбёнае: «Мысліце пра будучае».
Тады Дана не думала ні пра будучае, ні пра мінулае. Яна нібыта плыла на чоўне нейкага вераснёвага дабраўладдзя. Да дошкі яшчэ не выклікалі, не трэба было нервавацца. Дана амаль заўсёды ведала ўрок і амаль заўсёды хвалявалася. Сутнасць была нават не ў тым, што Дана павінна была атрымаць сваё абавязковае «выдатна», а інакш – страта «рэнамэ», рэзрух ладу, завядзёнкі і няспраўджаныя надзеі настаўніка. Было нешта невытлумачальнае, падсвядомае ў гэтым рытуале ісці да дошкі, як да месца – ці то пакарання, ці то допыту, ці то прымусовага акту споведзі. Хочаш не хочаш, расказвай. Да таго ж – ніхто не дасць параскашавацца тым, чаго не ведаюць яе аднакласнікі. Абавязкова прыпыняць: хопіць. І заставайся сам-насам з усімі Рычардамі, Генрыхамі, Сапегамі, Карыбутамі, з радкамі вершаў – ганяй іх сабе з паўшар’я ў паўшар’е. Ці яны маюць там пэўнае месцейка? Пэўную клетачку? Нейкія скрыначкі, дзе размешчаны яе, Данчыны, набыткі?
…Дана любіла ўрокі Ганны Севасцьянаўны. Тая тлумачыла ўрок, нібыта прыпячатваючы ўказкай да карты Пунічныя войны, войны Пунсовай і Белай ружаў, усіх Плантагенетаў і Капецінгаў, Макіявелі і Саванаролаў… А патлумачыўшы, Ганна Севасцьянаўна давала хвілін дзесяць—пятнаццаць на чытанне і пыталася: «Хто будзе адказваць?» Гэта былі зорныя хвіліны Абумава і яе, Даны. Падабаўся момант не спаборніцтва нават, а гульні – нібыта ляціш да фінішнай стужкі. Адчуваючы імклівасць думкі. Бачачы антычныя каланады, брамы гарадоў, вузенечкія вулачкі, застыглыя муры замкаў, пепласы грачанак і верцюгарды часоў Людовікаў. Разгортваючы стужку падзей. Тады не мыслілася, што крывавых. На старонках падручнікаў і кніжак усё выглядала так прывабна… І недзе там заўсёды блукала пазагістарычная постаць гасконца ў гістарычным антуражы. Тым часам яны паглядзелі фільм пра славутага героя і маглі хоць сярод ночы праспяваць:
В Гаскони я родился,
В Гаскони я и жил.
И двадцать лет об этом
Нисколько не тужил.
Но – вот мне дали шпагу,
Отцовский пистолет,
И я решил изведать,
И я решил изведать,
И я решил изведать
Шумный свет.
І так нечувана вабліва гучала «Поэтами воспетый от погребов до крыш!» І здавалася – чуеш нават цокат капытоў коней, калі згадваліся радкі прыпеву: «Туда, где день яснее, вино всех вин краснее, красотки всех милей, туда, в Париж!»
Адкуль узяліся словы песні, ніхто не ведаў, ці дакладны пераклад – тым больш, але песеньку спявалі, а Парыж, які яны ўбачылі ў гэтым фільме, застаўся сярод шматлікіх мрояў-вобразаў Парыжа, адным з самых прыцягальных. Праз шмат гадоў Дана даведалася, што музыку гэту напісаў брат таго Пакраса, што меўся складаць безліч зухаватых, баявітых песняў у Саюзе. Брат тым часам жыў у Парыжы. У горадзе Д’Артаньяна. Дзе ёсць вуліца Фэру, Сант-Анарэ, ёсць – была? – вуліца Старой Галубятні. Вуліцы авантур і прыгод. У Гюго тапаграфія горада неяк азмрочвалася трагедыйнымі перыпетыямі сюжэтаў. А равеснікі Даны, як усе падлеткі, праглі хэпі-энду…
Гісторыя на хэпі-энды была не вельмі багатая. Але затое там быў калейдаскоп падзей, якіх не магло быць і ў раманах. І можна было адчуць сябе ў плыні часоў на чоўне, які кіруе са старадаўняга ў зусім старажытнае і наадварот. Менавіта на чоўне – машына часу, гэтая знаходка змардаванага тэхнічным прагрэсам інтэлекту, не мела для Даны прыцягальнасці. Ні тады, у іх горадзе, у гады яе наіву і веры, ні пазней, калі ўжо засталіся толькі ясвіны таго, даўняга святла, толькі адлюстраванне, адбітак светлага, але прымроеная фантастамі машына часу нават і ў прысмерках уяўленняў не займела ніякай, нават фантасмагарычнай, вабнасці.
На ўроках гісторыі Дана нават пераставала хвалявацца, але сакральнае «хопіць» Ганны Севасцьянаўны перапыняла Дану. Ганна Севасцьянаўна паважала рэгламент праграмы.
А ў клас пасля перапынку ўваходзіў Іван Данілавіч.
«Какурат», – пачынаў ён, падцягваючы рэмень на бездакорнай гімнасцёрцы.
Дана акуратна вучыла батаніку і заалогію і не мела аніякай цікавасці да ўсіх гэтых тычынак, песцікаў, кровазваротаў. Тут цараваў Драбышэўскі, Дана нават прозвішча яго вымаўляла гідліва – нібы датыкалася да слізняка. Драбышэўскі асалодна-юрліва тыцкаў показкай па развешаных схемах, пераможна лапатаў і чамусьці гыгыкаў.
Дзіўная завядзёнка тых гадоў – ці ўвогуле школьнай навукі? – батаніку трэба было вывучаць каля дошкі. Хаця побач быў жывы свет кветак, дрэў, птушак. Дана не ставіла таго дакорам Івану Данілавічу. Ён не парушаў афіцыйных высноў.
Іван Данілавіч горача абараняў інтарэсы праграмы і граміў вейсманістаў-марганістаў так, нібыта яны былі яго асабістымі крыўдзіцелямі і маглі нанесці шкоду не толькі ўсяму чалавецтву, але і непасрэдна школе № 2.
Пазней Дана даведалася аб прычынах гэтага энтузіязму: Іван Данілавіч адседзеў пэўны тэрмін паводле палітычнай нядобранадзейнасці.
Спакойна Дана ставілася і да алгебры з геаметрыяй, хаця на ўсё жыццё засвоіла, што (а – b)2 = а2 – 2аb + b2. Ці спрыяла гэта яе лагічнаму мысленню і кругагляду, яна не ведала, але была пэўная: задачкі трэба рашыць, тэарэму засвоіць, аксіёму запомніць. Разам з алгебрай і геаметрыяй з’явіўся яшчэ адзін прадмет – чарчэнне. І калі магла быць поўная неадпаведнасць схільнасцяў – дык гэта былі суадносіны Даны і чарчэння. Выгляд злева, выгляд справа. Паралельныя прамыя… Гэтыя прамыя ў Даны існавалі відавочна паводле Лабачэўскага і не мелі адносін да Еўкліда. Гэтыя нязломныя, пякельныя паралельныя абавязкова імкнуліся да перасячэння. Праўда, тут усё вырашалася, як пазначылі б у пару ўсеагульнага гандлю і абмену, спосабам бартару. Дана рабіла задачкі, перакладала з англійскай, а ёй рабілі, хай ён гарыць гарам, чарцёж.
Затое – англійская мова… Тут было прыцягненне – што там Ньютан… Дана лавіла ў трафейных, недубліраваных фільмах – яны ішлі з субцітрамі – вымаўленне Робіна Гуда і лэдзі Гамільтон, шыкоўна даводзіла пагрозлівае «th», ставячы язык роўненька паміж зубамі, не саслізгваючы на прымітыўныя «фазэр», «мазэр», а дыфтонг «ing» цягнула доўгім насавым [iŋ], а не шкалярскім «інг». Праўда, і тут у Даны была свая засцярога. Англічанін падазрона хваліў Дану: «Яна на дзве галавы вышэй за вас усіх». Клас слухаў насцярожана. І зразумела – каму магло падабацца быць ліліпутам.
Потым, пры розных студыях і штудыях Дана наслухалася досыць кампліментаў наконт сваёй схільнасці да моў, але ўсё скончылася тым, што ў яе доўга пыліліся на паліцах Марк Твэн, Голсуорсі, Айрыс Мэрдак… The Sandcastle – замак на пяску. У жыцці ёй толькі пару разоў давялося зграмаздаць некалькі фраз, не даючы сабе асаблівага клопату ні пра вышукі лексікі, ні пра вымаўленне – тым больш. Тады яна спакойна магла сабе ўяўляць шлях ад гэтых: «Whо is on duty today?» і «This is a penсil» да дыпламатычных гасцёўняў ці стасункаў на якіх далёкіх экзатычных астравах – Барнэа, Галапагосы, Туамоту…
Асабліва на той час, як у Даны быў перыяд вострага марынізму. Мела гэтае захапленне выток непасрэдна ў яе нараджэнні. Нарадзіцца ж ёй пашчасціла на далёкімдалёкім паўвостраве. Бацьку перадалі: «З’явілася на свет капітан з парахода “Чавыча”. На караблі была ці не адзіная на тую пару ў свеце жанчына – капітан далёкага плавання. І Дана лічыла фразу наканаваннем Вышэйшым і, як умела, рыхтавала сябе да акіянскіх выпрабаванняў. Былі «засвоеныя» ўсе маладаступныя дрэвы ў ваколіцах і тыя самыя вежы на замку. Вядома, досыць прымітыўна. Дана гэта разумела, але па каментарах да Станюковіча, Стывенсана, Жуля Верна і іншых кніжак так-сяк вызначыла для сябе прызначэнні бом-брам-рэяў, бізаньмачтаў, гітаў, каб, не дай Божа, не выправілі па ваду на клоцік. Падкінуў ёй неяк неацэнную кніжачку сын аднаго з матчыных калег – таксама збіраўся падацца ў маракі. Там іх было трох сыноў – тры Будрысы, смяяўся бацька. І пасміхаўся – кавалеры для Даны. Бацька быў чалавек натуры шырокай і будучай «нявестцы» даслаў на дзень нараджэння паўдывана, шыкоўнага, падобна, з нямецкіх «трафеяў». Царскі падарунак. Але падарунак, мабыць, шчыры, ён праз усё жыццё спадарожнічаў з Данай: аскепак германскай утульнасці.
А сярэдняга сына задражнілі: абышла, маўляў, Дана яго – вучыцца ў вучылішчы, вось, калі ласка, у форме. Здымак Даны ў марынарцы і сапраўднай бесказырцы быў не толькі падараваны будучым «прэтэндэнтам», але і прышчаміўся на самым бачным месцы на вітрыне фотамайстэрні. Спачатку – як знешне спраўджаная мара, потым – як відавочна страчаная. Але заўсёды – як нешта недарэчнае. Дана ніколі не мела пашаноты да рэкламы.
А мару раструшчыла кантрольная па фізіцы. Дана не мела звычкі вытыркацца на першыя парты і займала сабе спакойнае месца на перадапошняй лаўцы. Так бы мовіць, ледзь не ложу абаніравала. Тут можна было пры выпадку нешта пачытаць на ўроку. І адстароніцца, глядзеўшы ў акно.
Тым драматычным ранкам, падчас кантрольнай па фізіцы, «варыянт» Даны, ціхамірна і не даючы сабе клопату нешта абвяргаць, спісаў у яе рашэнне. А праз два дні фізік раздаў кантрольныя. І трымаў, паводле ўсіх законаў драмы, маналог. З якога выявілася – зразумела, хто спісаў. Зразумела, у каго. Усім – двоечкі. А вам, шаноўная Азарэвіч, перасесці на першую парту і сказаць маці, каб завяла да акуліста.
Што там драма… Трагедыя. Шэкспір… Палавіна класа з-за яе маюць двойкі. Павінна сядзець, як апошняя двоечніца – менавіта іх садзілі за першую парту – перад вачмі настаўніка. Ганьба – ёй патрэбны акуляры. Ну, хто ж у іх школе насіў акуляры? Акуляры – гэта яшчэ горай, як без косаў. Стрыжаныя хадзілі толькі інтэрнатаўскія. А ў акулярах не было ні-ко-га.
Але самае галоўнае – бывай, мараходка! Які ўжо марак, калі яна пераблытала 3 з 9.
Ну, але на сушы таксама безліч цікавых заняткаў, акуляры можна не насіць, а толькі раз-пораз карыстацца імі. Да таго ж на пачатку і напрыканцы года заўсёды, акрамя кантрольных, была падзея, якая казытала ўяўленне. Збор дружыны.
Вогнішча на замку. З ранку світальна пелі горны. Вербел бубнаў нагадваў пра мушкецёраў, італьянскіх берсальераў, касінераў Каліноўскага, пра рыцараў тых часоў, калі ў іх горадзе адбываліся гераічныя падзеі.
Дане падабаўся цвёрды, рублены крок, урачыстая радасць, полымя кастра: «Рапарт здадзены!» – «Рапарт прыняты!»
Ці надавалі яны веры, калі адказвалі на заклік: «За справу Леніна—Сталіна будзьце гатовы!» – «Заўсёды гатовы!»? Яны мелі на ўвазе – гатовыя да барацьбы за справядлівасць. Ці былі кумірамі тыя правадыры? Безумоўна, не. Былі сімваламі нечага – так. Дыскутаваць ніхто не збіраўся. І задаваць пытанні – таксама. Таму лічылася, што ў каралеўстве, гэта значыць у Саюзе, усё цудоўна. Дзед сваіх таямніц не раскрываў. Маці – таксама.
А ў касцёле ні сястра Малгажата, ні пані Магда не задавалі ніякіх пытанняў. Ці то загадзя выдаючы ёй індульгенцыю. Ці то лічачы, што ўсё прыйдзе сваім парадкам.
Што гэта было ў Даны? Своеасаблівы дуалізм? Легкадумнасць? Саўязычніцтва з хрысціянска-каталіцкай акрасай? Сумесь сацыяльнага верніцтва і нармальнай веры? Тады яна не задумвалася, а пазней адкінула адно і пакінула другое. Не адкінуўшы і не адрынуўшы мінулае. Яно – было.
На думку Даны, усе, ці амаль усе часы, хіба што за выняткам часоў вайны і помарачы, мелі нейкія знакі адметнасці і сваю акрасу. Сістэма… Дана мелася абыходзіць яе ўладныя высновы. Заўважаць і не заўважаць. Не лезці ёй на вочы, але і не прыстасоўвацца. Не ісці ў авангардах, не плішчыцца ў «маякі», захоўваць свой унутраны суверэнітэт. Як і пазней, калі на нейкай адзнацы яе жыцця людзі сталі спачатку роіцца ў натоўпы мітынгуючых, потым наспела пара – пачалі хапаць маёмасць, ваяўніча настойваць на суцэльнай уладзе грошай, а нехта і на ўладзе зброі, не забываючыся галёкаць пра высокія ідэалы.
Ці бываюць увогуле добрыя часы і добрыя ўлады? А змест быцця – не ў палітычных плынях. У рытуале прыроды, у паху зямлі, ва ўтульнай завесі туманоў. У слоіку з малаком. У бохане хлеба.
Хаця… ёсць моманты, калі здаецца, што кожная брама ўдзельнічае ў жыцці дзяржавы. І кожная шыльда, кожны плакат сведчаць пра статус палітычны, эканамічны, сацыяльны. Гаркам партыі. Выканкам. «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» «Прыорбанк». «Філіпс».
Чамусьці абавязкова ў самым прыгожым, самым прывабным месцы – нахабна, буйнамаштабна: «Павялічым надоі малака!» – на лінялай чырвані. А пры іншым рэжыме на тых жа прыгожых узгорках – як наўскапыта ўзняліся: «Мальбара», «Кэмэл», «Кока-кола».
Былі лагеры, потым – нібыта ўтварылася суцэльная зона, дзе гаспадары жыцця – гандляры і крымінальнікі. Як на гэта глядзіць Анёл у цені сваіх крылаў?
Сістэма… Дана часам адчувала ўсё ж яе ланцуговы хапок. У сёмым класе ўсе гуртам падалі заявы ў камсамол. І вось тут ачмурэлы троечнік Філіпенка, што заўсёды бессаромна спісваў у яе, абвясціў, што, па-першае, бацька Даны Азарэвіч немаведама дзе, прапаў без вестак – але ж адкуль ён, паскуднік, гэтую звестку вышкрабаў? Дана сном-духам не ведала, дзе ягоны, Філіпенкавы, бацька, хто ён, ёй гэта было нецікава. Па-другое – адкуль у гэтага слімака з’явіўся пафас? – дык вось, па-другое, адзначыў Філіпенка, прымаюць толькі тых, хто нарадзіўся ў першай палове года, а Дана Азарэвіч з’явілася на свет толькі ў жніўні. Зноў – адкуль ведае? Яна яго ніколі на дзень нараджэння не запрашала. Дырэктар школы абурыўся, выдаў гнеўную філіпіку таму Філіпенку. Ажно «праўдашукальнік» давёў свае важныя «агентурныя звесткі» ў райкам камсамола. Прынятыя важна пачапілі адзнакі УЛКСМ. Дана сціпла адышла ўбок.
Пасля сёмага класа Філіпенка знік – упёкся, падобна, недзе ў тэхнікум. А Дану прынялі ў камсамол ў ліпені. Усе былі на вакацыях, Дана зайшла ў райкам адна, атрымала білет, як звычайную паперчыну ў вокладцы, і спакойна рушыла дадому. Крыўды не было, не было і свята. З урачыстасцямі запраграмаванымі Дане не вельмі шанцавала. Не супадалі яны з нейкім рытмам светапарадку.
А што да Філіпенкавага выпаду і ўвогуле подласці, дык тут Дана так ніколі і не навучылася вялікаму мастацтву папярэджваць удар. Не навучылася недаверу і асцярожлівасці. У яе заставалася не толькі ахілесава пята. Гэтых пят было больш, як павінна быць паводле натуры. І іх можна было ўжыгнуць, параніць, падпаліць. І тады, мабыць, Анёл у цені сваіх крылаў паглядаў на яе спагадліва. Ажно і з іроніяй. Ну, што? І калі ты навучышся разумець жыццё? Легкаверная. Легкадумная. Ідэалістка.