Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 6

Раздзел І. Святло загадкі
Непахіснасць рэальнасці

Оглавление

Напачатку, калі весці гаворку пра суседзяў, – Луіза Генрыхаўна.

Луіза Генрыхаўна была акуратная, абруселая, абеларушаная, украінізаваная немка. Вырасла яна на Украіне, потым жыла ў Расіі, замуж пайшла за беларуса. Дзеля зручнасці яе ўсе, акрамя маці Даны, называлі Лізаветай Андрэеўнай, і яна не крыўдавала. Луіза Генрыхаўна была ўдава і чакала са службы сына. Рабіла ў краме. У аддзеле галантарэі і парфумы. Усё жыццё, прыйшоўшы купіць духоў ці мыла, Дана згадвала Луізу Генрыхаўну.

Луіза Генрыхаўна не стаяла, скасавурыўшыся, за прылаўкам, нібыта яе сюды накіравалі за нейкі грэх ці правіну. І не глядзела на пакупнікоў, як уладарыня на сваіх васалаў, што прыцёгліся немаведама чаго на яе светлыя вочы. Не мелася трымаць усіх з таго боку прылаўка за зладзеяў. Луіза Генрыхаўна – у чорным бліскучым халаце з бездакорна белым карункавым каўнерыкам – увасабляла сабою ветлівасць, прыязнасць, добразычлівасць. Спакой. Яна была напагатове. Не: «Чего изволите?» Але: «Чаго зажадаеце?» Па тым часе ў яе заўсёды былі духі «Магнолія» і «Камелія» – іх любіла маці Даны. Заўсёды была і «Чырвоная Масква» – Луіза Генрыхаўна сведчыла, што жонкі вайскоўцаў аддаюць перавагу толькі гэтай парфуме. Акрамя Кацярыны Пятроўны. Тая любіць «Белы бэз». Кацярына Пятроўна была знакамітасцю лакалёвай. Жонка кампалка, яна сама рулявала адзінай у іх горадзе «Пабедай», падчас вайны была на фронце. Яе звалі Капітаншай, хаця, здаецца, у мужа быў вышэйшы чын. Можа, сама мела капітанскія пагоны? Ну, а ў іх горадзе чыста жаночы чын у яе быў не меншы за генеральскі. Кожным выпадкам, жонкі мужчын вайсковых і цывільных гатовыя былі зашчаміць зрок сваім шаноўным палавінам, калі Кацярына пераможна бліскала нязбытным блакітам вачэй перад кінасеансам у РДК, дзе збіраўся «ўвесь горад». І ці не менш мясцовыя жонкі, шчаслівыя «ўладарніцы» мужоў на той небагаты на маладых і адносна маладых мужчын пасляваенны час, баяліся новай следчай – Норы. Высокай, як выструненай, з такой жа пераможна залацістай хваляй валасоў, як у Кацярыны Пятроўны; заўсёды – у скураным паліто і ў кіцелі. Кацярына ззяла не стомленымі аніякімі заняткамі вачмі і свежым тварам (яна нідзе не рабіла), шыкоўнымі трафейнымі футрамі, сукенкамі a la Марыка Рок і была падобная на «дзяўчыну мары».

Кацярына Пятроўна больш падабалася Луізе Генрыхаўне – можа, таму, што Нора не купляла ў яе духоў? Можа, таму, што ваенны статус Капітаншы быў у мінулым, а суровая Нора ўвасабляла сабой сённяшняе рэальнае становішча. Луіза Генрыхаўна неяк прамовіла – каб выбіраць, то яна не вельмі б ірвалася мець суседкай каго з двухпавярховага пракурорскага будынка. А найлепшай рэкамендацыяй у вуснах Луізы Генрыхаўны былі словы: «Гэта мой сталы кліент». І Луіза Генрыхаўна здабывала, прасіла на базе ружовую пудру, пудру «рашэль», модныя рыдыкюлі, нейкія карункі, сутажы, гузікі, духмянае мыла – каб збыцца прэйскурантнай нэндзы пасляваенных гадоў. Шаснаццатая крама, дзе рабіла Луіза Генрыхаўна, месцілася ў былых гандлёвых радах з традыцыйнай каланадай. Адразу як увойдзеш – аддзел Луізы Генрыхаўны. Нібыта даніна традыцыі і добраму густу.

У выхадны свой дзень Луіза Генрыхаўна смажыла вялізныя смакотныя катлеты, варыла кісель і ўвечары ішла ў кіно. На «Вялікі вальс», «Серэнаду Сонечнай Даліны», «Петэра». Яна любіла трафейныя фільмы: там былі прыгожыя жанчыны і шчаслівы канец. Ніхто, між іншым, не зважаў, здаецца, на тое, што гэтая кабета належала да пераможанай нацыі: дзіва – калі згадаць лёс яе супляменнікаў у Саюзе.

Прыйшоўшы ў кіно, Луіза Генрыхаўна ўсплёсквала рукамі: «Ах, Франчэска Галь!», «Ах, Дзіна Дурбін!», «Ах, Марыка Рок!» І рашуча падводзіла рысу: «Ажно да Веры Халоднай ім далёка!» «О-о-о!» Луізы Генрыхаўны было шматзначным і важкім. Запярэчыць ніхто не мог. Веру Халодную ніхто не бачыў.

Тым часам Дана ўжо ведала таямніцу – хаця гэта былі тыя веды, што нічога, акрамя расчаравання, не даюць. Гадоў да васьмі Дана лічыла, што для кіно нехта ходзіць, глядзіць і здымае, занатоўвае на стужку. І было крыху ніякавата – а раптам і яе нехта здымае? Потым яна даведалася, што ёсць акцёры, рэжысёры, аператары, процьма розных людзей, якія здымаюць фільмы, што ёсць спецыяльныя кінастудыі, – і ўздыхнула з палёгкай і расчараваннем.

Да таго ж, мабыць, больш за кіно Дана любіла кнігі. Луіза Генрыхаўна таксама любіла чытаць. Да раманаў ахвоты не мела. Затое была ў яе незвычайная цікавасць да кніг пра падарожжы і мемуары. Незацярушаная памяць Даны трымала ўсе прозвішчы і геаграфічныя назвы, да вялікага захаплення Луізы Генрыхаўны. Тая неаспрэчна ўсім абвяшчала: «Хадзячая энцыклапедыя». На іх кухні гэта гучала куды больш прывабна за Нінчына: «Рукі як граблі». І Дана была ўдзячная Луізе Генрыхаўне за падтрыманае саліднай асобай яе рэнамэ.

Зорны час Луізы Генрыхаўны надыходзіў, калі набліжаліся святы і – асабліва – дні нараджэння. Ну, перад святамі ўсё ў непараўнана значных маштабах штогодна паўтарала дом каморніка ў Вілейцы. Толькі тут былі нейкія кілбасы па-венску, струдзелі, бужаніна. Час быў ужо больш багаты. І маці рабіла горы хрустоў, булкі, булачкі, пірагі, рулеты, гусь з яблыкамі, парасят з грэчневай кашай. Абавязковымі былі паляндвіцы і кумпякі ад Буячыхі і Ківачыхі – лепш за іх у горадзе не вэндзіў ніхто. У святочны дзень збіраліся ў вялікім пакоі Азарэвічаў. На Каляды ў двух вялізных люстрах адбівалася яліна пад столь. На Вялікдзень – горы залацістых яек. Азарэвічы былі каталікамі, Луіза Генрыхаўна – пратэстанткай, Ніна – праваслаўная. Гатавалі столькі, каб хапіла на ўсе святы. На Каляды аб’ядноўваў Новы год. Увесну – Першае Мая. Святкавалі і Кастрычнік. І Май. Таксама са смакам.

Ну, а дні нараджэння і дні анёла былі ў хаце падзеяй. Луіза Генрыхаўна падымала ўсіх на золку. Як прачнецца герой дня, кветкі павінны быць у вазах, падарункі раскладзены, вокны расчынены, – і ўсе павінны выструніцца каля дзвярэй, нібыта прычэкваючы выхаду каранаванай асобы. Асабліва ўрачыстым, святочным выдаваў дзень нараджэння маці. Тое надаралася на пачатку чэрвеня, і хата літаральна патанала ў кветках. Чаромха, бэз, півоні: белыя, бела-ружовыя, ярка-ружовыя – «каменкі». Кветкі ў іх хаце былі не толькі данінай звычаю – яны панавалі, задавалі тон жыццю, былі сімвалам – красы, прыязнасці. Мабыць, знакам мастацтва. Музеяў у іх горадзе не было, не было і карцін, калі не лічыць аматарскіх спроб доктара Мазурка, што жыў пад імі на першым паверсе. На яго кабінеце ў клініцы вісела назва «вухагорла-нос», усе паважна гаварылі пра яго: ларынголаг. Ён быў добрым спецыялістам, а да таго яшчэ мастаком і паляўнічым. Маляваў ён пейзажы і нацюрморты, кветкі ў вазах. Луіза Генрыхаўна і Данчына маці аддавалі перавагу кветкам жывым, а на зіму ставілі букеты з аўсяных сцяблоў і белых, празрыстых, як матылькі, лунарый. Вазы – гэта таксама быў не проста посуд для кветак, а нібыта ўздых па былым сеўрскім, гесэнскім фарфоры. Побач, у Бярозаўцы, быў шклозавод. І кватэра – і ў пакоях Азарэвічаў, і ў пакоі Луізы Генрыхаўны – была поўная вялікіх, меншых, малюпасенечкіх крышталёвых ваз. Для півоняў і гладыёлусаў, для хрызантэмаў і астраў, для канваліяў і пралескаў. Праўда, у Вольгі Станіславаўны была яшчэ ваза, у якую мелі гонар трапляць толькі бэз і чаромха, ну, і самыя высозныя півоні і гладыёлусы. Ваза была аграмадная (туды месцілася вядро вады), з вузкаватым горлам. А на яе высокіх баках блакітам выдавала возера з прыгожа-карычневымі чаратамі, сярод якіх паважна шпацыравалі буслы.

Ваза стаяла на цяжкім дубовым стале і дадавала старасвецкай важкасці знойдзеным дзедавым дабротам. А Луіза Генрыхаўна ставілася да вазы і да мэблі Азарэвічаў з павагай старога антыквара, што знайшоў нечуваны рарытэт. Луіза Генрыхаўна любіла рэчы трывалыя, самавітыя і надзейныя. Асабліва любіла дубовую шафу з бляшанай чорнай этыкеткай. Шафа была перакупленая ў маёра, што з’ехаў у Пухавічы, і надавала праўдзівасці легендзе пра астатнюю мэблю – хаця, на погляд Даны, сапраўдная гісторыя была куды цікавейшая. Але пра тое маці загадала аніколі ні словам не азывацца. Дана была паслухмяная дачка – а маці пэўна ведала: рамантычныя гісторыі не маюць вялікай пашаны ў тых людзей, што вызначалі і вызначаюць лёс многіх. Луіза ж Генрыхаўна нейкім генным чуццём, мабыць, адчувала сапраўдную «нямецкасць» шафы і дабрала да яе сімпатыі.

Як і Вольга Станіславаўна, Луіза Генрыхаўна любіла чысціню. І стромая лесвічка ў два пралёты з пераходам была, як і падлога ў хаце, заўсёды мала што вышараваная да яйкавай жаўцізны, але і засланая чысцюткімі ходнікамі, зробленымі нейкай вясковай майстрыхай з матузкоў розных тканін – яны былі светленькія, стракатыя, яркія.

Пазней, жывучы ў гарадскіх менскіх кватэрах з запляванымі лесвіцамі – чым далей да канца стагоддзя, тым больш, – Дана заўсёды згадвала ясную, як з просценькай казачкі, лесвічку: «У нейкім царстве, у нейкім гасударстве жылі-былі…»

Жылі-былі…

Луіза Генрыхаўна любіла рэчы, як відавочнае ўяўленне непахіснасці рэальнасці. Любіла рэчывы. Прысмакі. Гародніну. Садавіну. Мяса. Яйкі. Кароннымі яе днямі былі яшчэ дні кірмашовыя. Аднак тут займелася не абыякая суперніца – Ніна.

У святой краіне выгнання

Подняться наверх